Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МА́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,

наступальная аперацыя сав. войск Зах. фронту 14 мая — 8 чэрв. ў савецка-польскую вайну 1920. Праводзілася ва ўмовах, калі польск. войскі ў ходзе красавіцкага наступлення прасунуліся на 200 км на Украіне і занялі Кіеў. На пачатак аперацыі ў склад Зах. фронту (камандуючы М.М.Тухачэўскі) уваходзілі: Паўн. група, 15-я і 16-я арміі, якія налічвалі 75 тыс. штыкоў, 5 тыс. шабляў, 459 гармат, 1935 кулямётаў, 10 бронепаяздоў, 15 бронеаўтамабіляў і 67 самалётаў. Польскія войскі Паўн.-Усх. фронту (камандуючы ген. С.Шаптыцкі) складаліся з 1-й і 4-й армій, мелі 52 тыс. штыкоў, 5,5 тыс. шабляў, 340 гармат, 1440 кулямётаў, 10 бронепаяздоў і 46 самалётаў. З-за цяжкага становішча, якое склалася ў выніку наступлення польскіх войск на Украіне, Зах. фронт пачаў М.а. без дастатковай падрыхтоўкі. 14 мая войскі 15-й арміі перайшлі ў наступленне на Віленскім напрамку, прарвалі абарону праціўніка і 16 мая выйшлі на рубеж Дзісна—Зябкі—воз. Шо — воз. Манец. Вылучаная 15 мая з 15-й арміі Паўд. група 16 мая выйшла на лінію Пышна—Лепель—Стайск. Войскі Паўн. групы фарсіравалі Зах. Дзвіну на ўчастку Полацк—Дзісна і занялі плацдарм на левым беразе ракі. З 14 па 18 мая войскі правага фланга і цэнтра прасунуліся ўглыб на 70—80 км, левага — на 50 км. Аднак наступленне не атрымала далейшага развіцця з-за адсутнасці рэзерваў. Польскае камандаванне перакінула з іншых участкаў фронту дадатковыя сілы і да 31 мая спыніла прасоўванне сав. войск. У выніку М.а. на Зах. фронце лінія фронту скарацілася на 60 км у раёне Лепеля, расшыраны Полацкі плацдарм на левым беразе Зах. Дзвіны. М.а. дапамагла Паўд.-Зах. фронту: адцягнула частку сіл з Кіеўскага напрамку, дала магчымасць падрыхтаваць контрнаступленне на Кіеў (пачалося 20 мая) і вызваліць яго (12 чэрв.).

П.А.Селіванаў.

т. 9, с. 523

«МА́ЙСКАЯ НАВАЛЬНІ́ЦА»

(«Maigewitter»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Віцебскім, Гарадоцкім, Суражскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл. (у трохвугольніку Віцебск—Гарадок—Сураж) у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 17—22.5.1943 сіламі 87-й пяхотнай, 4-й авіяпалявой дывізій, 8-й танк. брыгады, 9 ахоўных батальёнаў, батальёна СС «Мёртвая галава», паліцыі Лёзненскага і Панізоўскага (Смаленскай вобл.) р-наў. Усяго ў аперацыі ўдзельнічала больш за 20 тыс. карнікаў. Захопнікам процістаялі партыз. брыгады 1-я і 2-я Бел. імя Панамарэнкі, дыверсійная Бел. імя Леніна, 1-я Віцебская, імя А.Ф.Данукалава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола агульнай колькасцю 2,5 тыс. чал. Праціўніку ўдалося выцесніць партызан з раёнаў іх дыслакацыі. Карнікі расстралялі больш за 2400 чал., захапілі 350 кароў і коней, 150 ц збожжа.

В.С.Лазебнікаў, У.С.Пасэ.

т. 9, с. 523

МА́ЙСКІ ХРУШЧ, майскі жук (Melolontha),

род жукоў сям. пласцініставусых. 36 відаў, пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды: М.х. заходні (M. melolontha) і М.х. усходні (M. hippocastani). Жывуць пераважна ў лясной зоне.

Даўж. М.х. заходняга да 32 мм, М.х. усходні драбнейшы. Вонкавым выглядам і спосабам жыцця падобныя. Марфалагічна адрозніваюцца тым, што канец брушка ў М.х. заходняга звужаецца паступова і пераходзіць у доўгі вузкі адростак, а ў М.х. ўсходняга канец брушка звужаецца рэзка і канчаецца тонкім адросткам, патоўшчаным на канцы. Цела пукатае, падоўжана-авальнае, чорнае або чырвона-бурае. Надкрылы чырвона- або жоўта-бурыя. Вусікі 10-членікавыя; у самца вял. выгнутая булава з 7 пласцінак, у самкі — маленькая з 6 пласцінак. Жукі кормяцца лісцем, лічынкі — каранямі раслін, чым шкодзяць дрэвам, кустам, с.-г. культурам. Лічынка даўж. да 60 мм, жаўтавата-белая з тоўстым выгнутым целам.

С.Л.Максімава.

Майскія хрушчы: 1 — усходні (самец); 2 — заходні (самец); 3 — лічынка (падобная ў абодвух відаў).

т. 9, с. 523

МАЙСТРЭ́НКА (Барыс Аляксандравіч) (1.12.1924, г. Асіповічы Магілёўскай вобл. — 15.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Харкаўскае танк. вучылішча (1943). 3 ліп. 1943 на Ленінградскім фронце. Камандзір танка лейт. М. вызначыўся ў чэрв. 1944 у час прарыву абароны праціўніка на Карэльскім перашыйку: у час бою прыняў на сябе камандаванне ротай, экіпаж яго танка знішчыў 11 дотаў і 8 дзотаў, 15 гармат, 20 кулямётаў, 10 мінамётаў. Памёр ад ран.

Б.А.Майстрэнка.

т. 9, с. 523

МАЙСТРЭ́НКА (Ігар Анатолевіч) (н. 21.11.1959, Мінск),

бел. спартсмен (веславанне акадэмічнае). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1983). Бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) на васьмёрцы. Чэмпіён свету (1981, г. Мюнхен, Германія), бронз. прызёр (1979, Югаславія) на васьмёрцы. Чэмпіён СССР (1980—81, на васьмёрцы; 1980, на чацвёрцы з рулявым). З 1994 у ЗША.

т. 9, с. 524

МАЙСТЭРЗІ́НГЕРЫ (ням. Meistersinger літар. майстар-спявак),

нямецкія паэты-спевакі 14—16 ст. з бюргерскага рамесна-цэхавага асяроддзя, якія прыйшлі на змену мінезінгерам. Заснавальнік паэзіі майстэрзангу паэт-вандроўнік Г.Фраўэнлаб з Майсена. Творчасць М. рэгламентавалася зводамі правіл (т.зв. табулатуры), якімі трэба было няўхільна кіравацца. Асн. тэмы — біблейскія, рэліг.-дыдактычныя, гіст. (14—15 ст.), свецкія, кахання (16 ст.). Нярэдка выступалі аўтарамі фастнахтшпіляў. Для запісу мелодый выкарыстоўвалі мензуральную натацыю. Найб. вядома пеўчая школа-гільдыя ў Нюрнбергу (прадстаўнікі — Г.Фольц, Г.Сакс), дзейнасць якой увасоблена ў оперы «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера (1867).

У.Л.Сакалоўскі.

т. 9, с. 524

«МАЙСТЭ́РСТВА»,

штоквартальны навукова-практычны часопіс прафесіянальнай адукацыі. Выдаецца з 1993 у Мінску на бел. і рус. мовах Рэсп. ін-там прафес. адукацыі. Асвятляе стан, перспектывы, дасягненні сучаснай айч. і замежнай адукацыі. Скіраваны на фарміраванне канцэптуальна новых падыходаў у сферы адукацыі. Змяшчае тэарэт. і практычныя рэкамендацыі павышэння майстэрства і ўмельства ў розных відах дзейнасці, навук. распрацоўкі бел. вучоных.

т. 9, с. 524

МАЙСУ́Р,

дзяржава на Пд Індыі ў 14—18 ст. Узнікла ў 1399 як княства — васал Віджаянагара. З 1610 незалежная дзяржава на чале з дынастыяй Вадэяр. У 1761 фактычную ўладу ў М. захапіў военачальнік Хайдар Алі. Пры ім і яго сыне Тыпу Султане [1782—99] М. ператварыўся ў магутную дзяржаву Паўд. Індыі, якая займала ч. тэр. сучасных інд. штатаў Керала, Карнатака, АндхраПрадэш і Тамілнаду. У выніку 4 англа-майсурскіх войнаў тэр. М. паменшала да памераў Майсурскага плато; адноўлена дынастыя Вадэяр, М. стаў васальным княствам Вялікабрытаніі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі М. — адзін з яе штатаў (з 1973 наз. Карнатака).

т. 9, с. 524

МАЙСУ́Р,

горад на Пд Індыі ў штаце Карнатака. Каля 550 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (баваўняная і шаўковая), харч., эл.-тэхн., хімічная. Вытв-сць сандалавага алею. Маст. рамёствы (вырабы з дрэва, металу, слановай косці, ткацтва). Ун-т. Музей. Рэліг. цэнтр вернікаў-індуістаў.

т. 9, с. 524

МАЙСЯЁНАК (Андрэй Георгіевіч) (н. 1.6.1943, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н., праф. (1997). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1965). З 1981 заг. лабараторыі Ін-та біяхіміі Нац. АН Беларусі (з 1991 нам., у 1996—98 в.а. дырэктара). Навук. працы па абмене вітамінаў і каферментаў, механізмах каферментнай рэгуляцыі метабалізму, вітаміназмяшчальных прафілакт. і лек. сродках, гісторыі медыцыны.

Тв.:

Производные пантотеновой кислоты: Разработка новых витамин. и фармакотерапевт. средств. Мн., 1989 (у сааўт.);

Водорастворимые витамины в инфекционной патологии. Мн., 1991 (разам з В.І.Комарам, У.С.Васільевым).

т. 9, с. 524