Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,

бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С. Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс. чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.

А.П.Грыцкевіч.

т. 9, с. 337

ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,

бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М. Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.

А.П.Грыцкевіч.

т. 9, с. 337

ЛО́ЕЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе Дняпра. Пабудаваны на месцы стараж. паселішча Лоева Гара мілаградскай культуры і гарадзішча 11—13 ст. Меў форму паўкруга дыяметрам каля 125 м, абведзенага земляным валам і ровам.

Замак неаднаразова разбуралі крымскія татары. Апісанне ўмацаванняў Л.з. не захавалася. На карце М.Струбіча за 1578 пазначана высокая абарончая вежа. Верагодна, тут былі традыцыйныя драўляныя вежы і сцены-гародні. Умацаванні Л.з. існавалі да далучэння Усх. Беларусі да Рас. імперыі.

т. 9, с. 338

ЛО́ЕЎСКІ МУЗЕ́Й БІ́ТВЫ ЗА ДНЯПРО́.

Адкрыты ў 1985 у г.п. Лоеў Гомельскай вобл. на базе матэрыялаў школьнага музея. Да 1990 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 170 м², 1,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сабраныя матэрыялы прысвечаны бітве армій Цэнтр. фронту за Дняпро на тэр. Гомельскай вобл. ў кастр. 1943. Сярод экспанатаў падп. і франтавыя газеты, лістоўкі, матэрыялы пра дзейнасць партыз. і падп. руху ў раёне, асабістыя рэчы сакратара Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ А.Дз.Рудака, камандзіра злучэння партыз. атрадаў С.А.Каўпака. Адлюстраваны ўдзел у Вял. Айч. вайне ўраджэнцаў раёна Герояў Сав. Саюза К.П.Грыба, А.П.Карпенкі, А.В.Казлова, Дз.К.Марозава, Р.С.Пінчука і Герояў Сав. Саюза, што вызначыліся пры вызваленні раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.

В.І.Краўцова.

т. 9, с. 338

ЛО́ЕЎСКІ ПРАРЫ́Ў 1920,

прарыў Паўн. атрада Дняпроўскай ваеннай флатыліі (5 кананерскіх лодак, 2 тральшчыкі, 2 пасыльныя судны) праз умацаваны раён праціўніка на Дняпры каля г.п. Лоеў у савецка-польскую вайну 1920. Мэта аперацыі — прайсці ад Гомеля (вусце р. Сож) уніз па Дняпры і забяспечыць пераправу ўдарнай групы 1-й арміі Паўд.-Зах. фронту каля сутокаў Прыпяці і Дняпра. Каб увесці праціўніка ў зман адносна сапраўднага месца прарыву, маракі разам з партызанамі і падпольшчыкамі папсавалі яго лініі сувязі, разведалі праходы, напалі на суседнія польск. гарнізоны, наладзілі несапраўдную пераправу на Пн ад Лоева. Ноччу 2 чэрв. атрад пад агульным кіраўніцтвам каманд. флатыліяй П.І.Смірнова па Сажы ад в. Карпаўка (па рацэ вышэй Лоева) падышоў да Лоева і на світанку з боем прарваўся праз умацаваны раён і ўчастак з разбураным мостам. Пры падтрымцы 57-й дывізіі кананеркі (2 з іх страчаны) дасягнулі вусця Прыпяці каля в. Печкі, дзе адбылася пераправа войск Чырв. Арміі.

Літ.:

Паўловіч Р.К. Баявыя дзеянні Дняпроўскай флатыліі на тэрыторыі Беларусі ў 1919—1920 гт. і ў верасні 1939 г. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1997. № 4.

Р.К.Паўловіч.

т. 9, с. 338

ЛО́ЕЎСКІ РАЁН.

На ПдУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1 тыс. км2. Нас. 18,6 тыс. чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км2. Цэнтр — г.п. Лоеў. Уключае 80 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бывалькаўскі, Карпаўскі, Каўпенскі, Малінаўскі, Пярэдзелкаўскі, Ручаёўскі, Страдубскі, Сяўкоўскі, Уборкаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.

Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня плоская, 90% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 148,5 м (за 4 км на ПдЗ ад в. Бывалькі). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, вохра і вохрыстыя гліны, гліны тугаплаўкія, гліны і суглінкі легкаплаўкія, буд. і шкловыя пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C., ліп. 19 °C. Ападкаў 571 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. рака Дняпро з прытокамі Сож, Брагінка, Песачанка. На р. Брагінка Дняпроўска-Брагінскае вадасховішча. Невял. азёры ў даліне р. Дняпро. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (42,7%), дзярнова-падзолістыя (25,3%), поймавыя (алювіяльныя, 13%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 33,6% тэрыторыі, з іх 62,4 % штучныя насаджэнні. Найб. плошчы лясных масіваў на ПдЗ, у міжрэччы рэк Дняпро і Сож. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Пад балотамі 2,8% тэрыторыі. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Лоеўскае геалагічнае агаленне, мясц. — дубровы Міхалёўка, Свіраж, Вербуж і Суткоўскі парк.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 50,3 тыс. га, з іх асушаных 17,4 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 6 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і конегадоўля. Вырошчваюць збожжавыя культуры, кармавыя травы, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з Рэчыцай і Брагінам; суднаходства па рэках Дняпро і Сож. У раёне 9 сярэдніх, 6 базавых, 2 пач., 2 муз. школы, вучэбна-вытв. камбінат, Лоеўскае пед. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 27 дамоў культуры і клубаў, 30 б-к, 5 бальніц, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Пярэдзелка. Выдаецца газ. «Серп і молат».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 338

ЛО́ЖА ў тэатры

(франц. loge ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),

група месцаў у глядзельнай зале, вылучаная перагародкамі ці бар’ерамі. Размяшчаюцца па баках і ззаду партэра (Л. бенуара) і па ярусах. Л. абкружаюць і нібы пашыраюць залу. Пашыраны з 16—17 ст. з узнікненнем у еўрап. гарадах буйных грамадскіх т-раў.

т. 9, с. 338

ЛО́ЖА АКІЯ́НА адзін з галоўных элементаў рэльефу і геал. структуры дна Сусв. акіяна. Займае самы нізкі

(акрамя акіянічных жалабоў) узровень зямной паверхні. Глыб. ад 4 тыс. м да 7 тыс. м паміж мацерыковым падножжам і сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі. Пл. больш за 185 млн. км2 Складаецца з зямной кары акіянічнага тыпу, адрозніваецца слабым праяўленнем вулканізму і сейсмічнасці, малымі скорасцямі верт. рухаў (гл. Таласакратон). У рэльефе пераважаюць плоскія акумулятыўныя і складанарасчлянёныя ўзгорыстыя раўніны (гл. Абісальныя раўніны),

якія падзелены падняццямі розных тыпаў (асобныя вулканічныя горы і ланцугі гор, шырокія скляпеністыя і блокавыя ўзвышэнні).

т. 9, с. 338

ЛОЗ, Лоас (Loos) Адольф (10.12.1870, г. Брно, Чэхія — 22.8.1933), аўстрыйскі архітэктар. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Дрэздэне (Германія, 1893). Працаваў пераважна ў Вене (у 1920—22 гал. архітэктар), а таксама ў ЗША (1893—96), Парыжы (1923—28). Зазнаў уплыў Л.Салівена. З канца 1890-х г. выступаў супраць стылю мадэрн. У пабудовах (інтэр’ер бара Кернтнера, 1907; дом Штайнера, 1910; праект квартала Хойберг, 1922, усе ў Вене) рысы рацыяналізму, аскетызм форм, выяўленне спецыфікі буд. матэрыялаў. З сярэдзіны 1920-х г. у яго работах з’явіліся тэндэнцыі класіцызму, уплыў кубізму, элементы традыц. нар. дойлідства (дамы Трыстана Тцара ў Парыжы, 1926; Кунера ў Паербаху, Аўстрыя, 1930).

т. 9, с. 338

ЛО́ЗКА (Алесь) (Аляксандр Юр’евіч; н. 7.12.1952, в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фалькларыст, педагог. Канд. філал. н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1975). Настаўнічаў. З 1987 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Нац. Скарынаўскім цэнтры, Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. З 1992 дырэктар Бел. навук.-метадычнага цэнтра гульні і цацкі (адначасова з 1995 выкладчык у БДУ). З 1999 выкладае ў Бел. пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар кніг «Беларускі народны каляндар» (1993, першае на Беларусі сістэматызаванае выданне па нар. календары), «Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Тэатр лялек» (1998, у сааўт.). Склаў том серыі «Беларуская нар. творчасць» «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996). Адзін з аўтараў і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўстве («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства», вып. 1—4, 1992—94; серыя кніг «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў», з 1995). Стваральнік гульнявых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і, распрацоўшчык методыкі батлейкавага т-ра. Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусв. і бел. скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997).

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 338