Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КОРМАЗАГРУ́ЗЧЫК,

гл. Загрузчык кармоў.

т. 8, с. 420

КОРМАЗАПА́РНІК,

гл. ў арт. Запарнік-змяшальнік кармоў.

т. 8, с. 420

КО́РМАК ((Cormack) Алан Маклеад) (н. 23.3.1924, г. Іаганесбург, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка),

амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Кейптаўнскі ун-т (1945). З 1957 ва ун-це Тафтса ў Медфардзе (у 1968—76 праф., заг. кафедры), ЗША. Навук. працы па вымярэнні доз радыяцыі, ядзерных узаемадзеяннях, фізіцы часціц. Адзін з распрацоўшчыкаў камп’ютэрнай тамаграфіі. Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Г.Хаўнсфілдам).

А.М.Кормак.

т. 8, с. 420

КОРМАПРЫГАТАВА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

устаноўкі, апараты і агрэгаты для прыгатавання (мех. і цеплавой апрацоўкі) кармоў да скормлівання жывёлам.

Для прыгатавання грубых і зялёных кармоў выкарыстоўваюць саломасіласарэзкі, універсальныя здрабняльнікі кармоў; для сакавітых кармоў — коранеклубнямыйкі, каранярэзкі, бульба- і клубнямялкі, цёркі і інш.; для канцэнтраваных кармоў — млыны зерневыя, макухадрабілкі, малатковыя драбілкі, змяшальнікі. Для цеплавой апрацоўкі кармоў ужываюць запарнікі-змяшальнікі кармоў. Ёсць таксама агрэгаты для прыгатавання травяной мукі, гранулятары і брыкетавальнікі кармоў, комплексныя кормапрыгатавальныя агрэгаты і інш.

т. 8, с. 420

КОРМАРАЗДА́ТЧЫК,

гл. Раздатчык кармоў.

т. 8, с. 420

КОРМАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для скошвання сеяных і прыродных траў, высокасцябловых культур (сланечнік, кукуруза), а таксама для падбору з валкоў падвяленай травы з адначасовым здрабненнем і пагрузкай масы ў трансп. сродкі. Выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы сенажу, сена, травяной мукі, сіласу (гл. таксама Сіласаўборачны камбайн).

К.к. бываюць самаходныя колавыя і гусенічныя, прычапныя да гусенічных і колавых («Беларусь») трактараў. Асн. вузлы — шасі са здрабняльнікам і зменныя рабочыя органы. У залежнасці ад культуры, якая ўбіраецца, К.к. абсталёўваюць адпаведнымі жняяркамі (суцэльнага зрэзу, ручаёвымі або барабаннымі), падборшчыкам, здрабняльным апаратам барабаннага ці дыскавага тыпу. Шырыня захопу да 4,2 м, прапускная здольнасць пры скошванні траў да 36 т/гадз.

Схема кормаўборачнага камбайна з жняяркай для ўборкі траў: 1 — рэжучы апарат; 2 — матавіла; 3 — шнэк; 4 — вальцы сілкавальнага апарата; 5 — здрабняльны барабан; 6 — сіласаправод; 7 — рухавік.

т. 8, с. 420

Кормер Самуіл Барысавіч

т. 18, кн. 1, с. 410

КО́РМЧЫЯ КНІ́ГІ (ад стараслав. кръмьчии — стырнавы, рулявы),

зборнікі царк. і свецкіх законаў, якія выкарыстоўваліся пры кіраванні царквой і ў духоўных судах паўд. і ўсх.-слав. краін. Аб’ядноўвалі царк. правілы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў, імператарскія пастановы адносна царквы, вытрымкі з заканад. зборнікаў. Т. зв. Кормчая 14 тытулаў без тлумачэнняў (Старажытнаславянская кормчая) — пераклад з грэч. мовы, зроблены ў Балгарыі ў пач. 10 ст. На Русь трапіла ў 11 ст. Найб. ранні яе спіс наўгародская Яфрэмаўская кормчая пач. 12 ст. Гістарыяграфічныя матэрыялы К. к. выкарыстоўваліся пры напісанні рус. летапісаў, некат. іх палажэнні ўключаны ў мясц. помнікі царк. права. У канцы 12 ст. ў Грэцыі складзена асобая рэдакцыя К. к., перакладзеная ў Сербіі ў 1-й пал. 13 ст. на стараж.-слав. мову і атрымала назву Сербскай рэдакцыі. Яна змяшчала і новыя заканад. палажэнні. У 15—16 ст. найб. пашырэнне мела на землях ВКЛ і разглядалася як кодэкс права. Мела некалькі спісаў, у т. л. Румянцаўскі (апошняя трэць 15 ст.), Пінскі спіс 1634. З ВКЛ Сербская рэдакцыя трапіла ў Маскоўскую Русь. Апошняе яе выданне ў 1816. У 1260—70-я г. на Русі ўзнікла Руская рэдакцыя К. к. на аснове больш ранніх рэдакцый з дапаўненнем мясц. тэкстаў. («Закон судны людзям», інш. юрыд. помнікі, манаскія статуты і правілы, гіст. і біягр. творы і інш.). К. к. Рус. рэдакцыі былі пашыраны на ўсёй Русі. Спісаў Сербскай рэдакцыі К. к. на землях Украіны і Беларусі (захавалася больш як 10) было больш, чым спісаў Рус. рэдакцыі (3 экз.), што тлумачыцца яе больш раннім распаўсюджваннем.

В.С.Пазднякоў.

т. 8, с. 420

КО́РНАДСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Корнадзь. Створана ў 1978. Пл. 2,4 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,8 м, аб’ём вады 6,21 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4 км. Напаўняецца вадой р. Ясельда па падвадным канале пры дапамозе помпавай станцыі. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 2 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 94,5 млн м³. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, арашэння зямель і гасп.-быт. патрэб.

Г.С.Жукоўская.

т. 8, с. 421

КО́РНБЕРГ ((Kornberg) Артур) (н. 3.3.1918, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Сіці-каледж у Нью-Йорку (1937) і Рочэстэрскі ун-т (1941). З 1947 у Нац. ін-це аховы здароўя, з 1950 адначасова ў Каліфарнійскім ун-це, з 1953 праф. Вашынгтонскага, з 1959 — Станфардскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні ўтварэння каферментаў, выдзяленні і вызначэнні хім. структуры ферментаў, ферментатыўным каталізе. Выдзеліў фермент ДНК-полімеразу, атрымаў біялагічна актыўную ДНК, адкрыў механізм біясінтэзу РНК і ДНК. Нобелеўская прэмія 1959 (разам з С.Ачоа).

А.Корнберг.

т. 8, с. 421