Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́НСКАЯ СІ́ЛА,

устарэлая пазасістэмная адзінка магутнасці. Абазначаецца к.с., л.с. (рус. лошадиная сила), PS (ням. Pferdestärke), CV (франц. chevalvapeur), HP (англ. horse power). Замест яе ў Міжнароднай сістэме адзінак ужываецца ват. 1 к.с. = 75 кгс∙м/с = 735,499 Вт. У ЗША і Вялікабрытаніі 1 HP = 745,7 Вт.

т. 8, с. 408

КО́НСКІЯ ШЫРО́ТЫ,

вобласці Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі (паміж 30—35° паўн. ш. і паўд. ш.) ва ўнутр. ч. субтрапічных антыцыклонаў са слабымі вятрамі і частымі штылямі. Назва звязана з тым, што ў часы паруснага мараплавання з-за штыляў у Атлантычным ак. здараліся працяглыя затрымкі суднаў і з-за недахопу прэснай вады даводзілася выкідаць за борт коней, якіх перавозілі з Еўропы ў Амерыку.

т. 8, с. 408

КО́НСКІ КАШТА́Н, горкі каштан (Aesculus),

род кветкавых раслін сям. конскакаштанавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Радзіма — Балканскі п-аў. У Еўропе ў культуры з 16 ст. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды: К.к. звычайны (A. hippocastanum), гібрыдны (A. hybrida), мяса-чырв. (A. carnea), васьмітычынкавы (A. octandra).

Лістападныя дрэвы, радзей кусты, з пірамідальнай кронай, выш. 25—30 м. Лісце супраціўнае, пальчата-складанае. Кветкі няправільныя ў прамастойных мяцёлкападобных суквеццях. Плод — шыпаватая каробачка з адным буйным семем. Лек і дэкар. расліны.

Конскі каштан: галінка з кветкамі і плод.

т. 8, с. 408

КО́НСТЭБЛ, Констэбль (Constable) Джон (11.6.1776, Іст-Бергхалт, каля г. Іпсуіч, Вялікабрытанія — 31.3.1837), англійскі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік англ. рэаліст. пейзажа. Скончыў АМ у Лондане (1805, з 1829 яе член). Склаўся пад уплывам твораў Я. ван Ройсдала, Н.Пусэна, Т.Гейнсбара. Першы ў гісторыі еўрап. пейзажа маляваў прыроду з натуры Творы рабіў на аснове эцюдаў смелымі неспакойнымі мазкамі, ствараючы свежасць і жывую дынаміку фарбаў, стан святлопаветранага асяроддзя: «Млын у Флэтфардзе» (1817), «Воз для сена» і «Эцюд дрэва» (абодва 1821), «Сабор у Солсберы» (каля 1823), «Дэдхемская даліна» (1828), «Від на Хайгет з Хэмпстэдскіх пагоркаў» (каля 1834), «Стокбай-Нэйленд» (1836) і інш. Яго творы, выстаўленыя ў франц. салоне 1824, паўплывалі на франц. рэаліст. пейзаж 1830—40-х г., у т. л. на Э.Дэлакруа, мастакоў барбізонскай школы, імпрэсіяністаў.

Літ.:

Чегодаев А.Д. Джон Констебль. М., 1968.

В.​Я.​Буйвал.

Дж.Констэбл. Сабор у Солсберы. Каля 1823.

т. 8, с. 408

КО́НСУЛ (ад лац. consul саветнік),

1) у Стараж. Рыме ў эпоху рэспублікі (з 6 ст. да н. э.), назва пасад 2 службовых асоб, якія валодалі вышэйшай ваен. і цывільнай уладай. Выбіраліся на адзін год з патрыцыяў, а з 4 ст. да н. э. таксама і з плебеяў. Праводзілі набор у войска і камандавалі ім у час вайны, склікалі сенат і нар. сход, па-за межамі г. Рым мелі права караць грамадзян смерцю. У перыяд імперыі званне К. захавалася толькі як ганаровы тытул.

2) Назва пасады члена вышэйшага органа (калегіі К.) па кіраванні гар. рэспублікай у гарадах Паўн. і Сярэдняй Італіі ў канцы 11—1-й пал. 13 ст. Выбіраліся на 1 год у колькасці 4—20 чал. 3) У Францыі ў перыяд Консульства (1799—1804) тытул 3 асоб, фармальна надзеленых усёй паўнатой выканаўчай улады, якая фактычна належала толькі 1 -му К. (Напалеону Банапарту).

т. 8, с. 408

КО́НСУЛ (юрыд.),

службовая асоба, якая з’яўляецца пастаянным прадстаўніком дзяржавы ў якім-н. горадзе або раёне інш. дзяржавы для абароны юрыд. і эканам. інтарэсаў сваёй дзяржавы і яе грамадзян, садзейнічання развіццю паліт., эканам., навук., культ. і інш. сувязей паміж гэтымі дзяржавамі. Прызначэнне на пасаду К. ажыццяўляецца адпаведным дзярж. органам: у Рэспубліцы Беларусь — МЗС, у Вялікабрытаніі — манархам і да т. п. К. павінен быць прызнаным у сваёй якасці дзяржавай знаходжання. К. і члены яго сям’і карыстаюцца поўнымі прывілеямі і імунітэтамі, уласцівымі становішчу консула, асабістай недатыкальнасцю. Звычайна К. акрэдытуецца пры МЗС дзяржавы знаходжання, падтрымлівае пастаянныя зносіны з мясц. ўладамі. Яго дзейнасць кантралюецца пасольствам сваёй дзяржавы і, калі такі ёсць, — ген. консулам. Акрамя прадстаўнічых абавязкаў вядзе акты цывільнага стану для сваіх суайчыннікаў, ажыццяўляе натарыяльныя функцыі, выдае пашпарты і візы і інш.

т. 8, с. 408

КО́НСУЛЬСКАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прынцыпаў і норм, якія рэгулююць прававое становішча консульскага прадстаўніцтва, а таксама вызначаюць парадак назначэння (адклікання), функцыі, прывілеі і імунітэты консульскіх службовых асоб. Крыніцамі К.п. з’яўляюцца міжнар. дагавор, звычай і нац. заканадаўства дзяржаў. На станаўленне норм К.п. ўплываюць пастановы міжнар. органаў і нац. прававыя дактрыны. У 1963 на канферэнцыі ААН у Вене была распрацавана і прынята вял. колькасцю дзяржаў Канвенцыя аб консульскіх зносінах. Беларусь ратыфікавала Канвенцыю 27.2.1989.

т. 8, с. 409

КО́НСУЛЬСКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,

орган знешніх зносін дзяржавы, які ствараецца ў выніку ўстанаўлення консульскіх адносін паміж дзвюма дзяржавамі. Месцазнаходжанне, а ў асобных выпадках і колькасць персаналу ўзгадняюцца паміж прадстаўляючым урадам і ўрадам дзяржавы знаходжання. Узгадненню падлягаюць таксама акруга, у якой К.п. выконвае свае функцыі, рэжым знаходжання і перамяшчэння ў ёй консульскіх службовых асоб. Адрозніваюць наступныя класы К.п.: генеральнае консульства, віцэ-консульства і консульскае агенцтва. Адпаведна гэтаму К.п. ўзначальваюцца ген. консулам, консулам, віцэ-консулам і консульскім агентам. Дзейнасць К.п. накіроўваецца МЗС і пасольствам прадстаўляючай дзяржавы. Яна не павінна супярэчыць законам і правілам дзяржавы знаходжання. Статус К.п. вызначаецца двухбаковымі пагадненнямі і інш. дзеючымі нормамі міжнар. права (у асноўным Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах 1963).

Ген. консульствы Рэспублікі Беларусь на 1.1.1998 у Нью-Йорку, Гаазе, Рыме, Гданьску, Беластоку, Даўгаўпілсе, Таліне; консульскія аддзелы — у пасольствах Рэспублікі Беларусь у ЗША, ФРГ, Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Літве, Латвіі, Кітаі, Расіі, Ізраілі, Украіне і аддзяленне пасольства Рэспублікі Беларусь у ФРГ (Берлін). У Мінску знаходзяцца К.п. ў пасольствах Латвіі, Літвы, Польшчы, ФРГ, ЗША, Румыніі, Японіі, Індыі, Кітая, Ізраіля, Балгарыі, Расіі, Турцыі; ген. консульствы Польшчы — у Гродне; Расіі — у Брэсце; Эстоніі — у Мінску, консульствы Латвіі — у Віцебску; Польшчы — у Брэсце. Гл. таксама Консул, Консульскае права.

т. 8, с. 409

КО́НСУЛЬСТВА,

назва перыяду ў гісторыі Францыі ад дзярж. перавароту 9.11.1799 (Васемнаццатага брумера 8-га года рэспублікі) да абвяшчэння Напалеона Банапарта (гл. Напалеон I) 18.5.1804 імператарам; адна з форм ваен. дыктатуры, якая змяніла рэжым Дырэкторыі. Намінальна ўлада належала тром консулам, выбраным на 10 гадоў, фактычна — 1-му консулу Банапарту (у 1802 яны абвешчаны пажыццёвымі консуламі Франц. рэспублікі).

т. 8, с. 409

КОНТ ((Comte) Агюст) (19.1.1798, г. Манпелье, Францыя — 5.9.1857),

французскі філосаф, заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. У 1818—24 сакратар А.Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сац. ладу грамадства (сац. статыка) і яго развіцця (сац. дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сац. міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гіст. развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышызм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з’явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафіз. паняццяў), пазітыўную або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практ. дзейнасці). Асн. працы: «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—42), «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—54).

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 409