Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗУ́ЕВА (Настасся Платонаўна) (17.12.1896, с. Спаскае Тульскай вобл., Расія — 23.3.1986),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1957). Скончыла школу драм. мастацтва (1915). З 1916 у трупе МХАТа. Створаныя ёй вобразы вылучаюцца своеасаблівай індывідуальнасцю, яркай характарнасцю: Матрона («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога), Каробачка («Мёртвыя душы» М.Гогаля), Міс Уордл («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Фяклуша, Уліта («Навальніца», «Лес» А.Астроўскага), Анфіса («Тры сястры» А.Чэхава) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 118

ЗУ́ЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (12.1.1754—18.1.1794),

расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярб. АН (1779). Удзельнічаў у акад. экспедыцыях (1768—74) пад кіраўніцтвам П.С.Паласа. У 1781—82 здзейсніў падарожжа ў раёны рэк Буг і ніжні Днестр, якое апісаў у кн. «Падарожныя запіскі ад Санкт-Пецярбурга да Херсона ў 1781 i 1782 гг.» (1787). Аўтар шэрагу прац па заалогіі, пераважна па сістэматыцы рыб, першага рус. падручніка па прыродазнаўстве «Нарыс прыродазнаўчай гісторыі...» (ч. 1—2, 1786).

Літ.:

Райков Б.Е. Академик Василий Зуев, его жизнь и труды. М.; Л., 1955.

т. 7, с. 118

ЗУЁК ВЯЛІ́КІ,

птушка, гл. Гальштучнік.

т. 7, с. 119

ЗУЁНАК (Васіль Васілевіч) (н. 3.6.1935, в. Мачулішча Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Канд. філал. н. (1973). Скончыў БДУ (1959). У 1966—72 нам., у 1978—82 гал. рэдактар час. «Маладосць», у 1972—78 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1982—89 сакратар, у 1990—98 старшыня СП Беларусі. Друкуецца з 1952. Выдаў зб-кі: «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1982), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Жніўны дзень» (1985), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995) і інш. Прадстаўнік пакалення, на фарміраванне якога асабліва паўплывалі Вял. Айч. вайна, перыяд развянчання культу асобы. У яго лірыцы адбіліся перажыванні сучасніка нашага складанага веку, суровая памяць вайны, узаемасувязь асобы, прыроды і грамадства, працоўная мараль і этыка сённяшняга чалавека, інтымная сфера яго жыцця. Значны ўклад З. ў развіццё бел. паэт. эпасу, які прадстаўлены цыклам паэм пра жыццё свайго краю і гіст. лёс народа: «Сяліба» (1971), «Маўчанне травы», «Прыцягненне» (абедзве 1979), «Лукам’е» (1983) і «Падарожжа вакол двара» (1992). Аўтар аб’яднаў іх у «кнігу паэм» «Пяцірэчча». У яго творах відавочная схільнасць да маштабнага, асацыятыўна-ўзбуйненага вобраза, яркіх фарбаў і колераў. Аўтар кн. гумару «Качан на п’едэстале» (1973), нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Вясёлы калаўрот», 1965, «Жылі-былі пад вадой», 1969, «Сонечны клубочак», 1972, «Будзем сілы набірацца», 1974, і інш.).

Тв.:

Выбраныя творы. Т. 1—2. Мн., 1996—98.

Літ.:

Гніламёдаў У. Праўда зерня: Творчы партрэт В.Зуёнка. Мн., 1992;

Караткевіч У. Крэсіва. Іскры. Агонь // Зб. тв. Мн., 1991. Т. 8, кн. 2;

Колесник В. Эстафета судьбы // Неман. 1982. № 1.

В.В.Зуёнак.

т. 7, с. 119

ЗУ́ЙКА,

рака ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. і Мядзельскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Сэрвач (бас. р. Вілія). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 142 км2. Пачынаецца на ПнЗ ад в. Туркі Докшыцкага р-на. На працягу 13,2 км каналізаваная.

т. 7, с. 119

ЗУЙКІ́ (Charadrius),

род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). Ha Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.

Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.

т. 7, с. 119

ЗУЙКО́Ў (Ігар Яўгенавіч) (н. 29.3.1952, Мінск),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1990), праф. (1993). Скончыў БДУ (1974). З 1977 у БПА. Навук. працы па лазернай фізіцы і актыўнай інтэрфераметрыі. Распрацаваў высокаадчувальныя лазерныя датчыкі вуглавых і лінейных перамяшчэнняў з частотным выяўленнем выхадной інфармацыі.

Тв.:

О предельной точности лазерного гирометра (у сааўт.) // Журн. прикладной спектроскопии. 1981. Т. 34, вып. 6;

Научно-исследовательская лаборатория оптико-электронного приборостроения БГПА // Метрология и приборостроение. 1995. Вып. 4.

Зуйкі: 1 — малы; 2 — марскі; 3 — таўстадзюбы; 4 — мангольскі.

т. 7, с. 119

ЗУ́ЛАЎСКАЯ ВІНАКУ́РНА-ДРАЖДЖАВА́Я ФА́БРЫКА Дзейнічала ў 1868—1914 у маёнтку Зулава Дрысенскага пав. (цяпер вёска ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл.). У 1886 працавалі 53 чал. У 1908—13 мела паравую машыну (15 к.с.). У 1908 выраблена 40 тыс. вёдзер гарэлкі.

т. 7, с. 119

ЗУЛЬФАКА́Р,

праход паміж Туркмена-Харасанскімі гарамі і Парапамізам. Злучае паўд. раёны Туркменістана з суседнімі часткамі Ірана і Афганістана. Даўж. 14 км. Па З. ў цясніне цячэ р. Герыруд (Тэджэн).

т. 7, с. 119

ЗУЛЬФІЯ́ (сапр. Ісраілава Зульфія; н. 14.3.1915, Ташкент),

узбекская паэтэса. Нар. паэтэса Узбекістана (1965). Герой Сац. Працы (1984). У паэт. зб-ках «Старонкі жыцця» (1932), «Блізкія сэрцу майму» (1958), «Сэрца ў дарозе» (1966), «Спатканне» (1972), «Радкі памяці» (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Роздум і пачуцці» (1982) і інш. вострае адчуванне сучаснасці, услаўленне жанчыны-працаўніцы, гуманістычны пафас. Змест кн. «Размова з сяброўкамі» (1953) — асэнсаванне ролі ўзб. жанчыны ў сям’і і ў грамадскім жыцці. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1970, Міжнар. прэміі імя Дж.Нэру 1968 і «Лотас» 1970. Пераклала на ўзб. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, Э.Агняцвет, Е.Лось. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, А.Вярцінскі, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, В.Іпатава, А.Лойка і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка. Мн., 1967;

Такое сэрца ў мяне. Мн., 1985.

Зульфія.

т. 7, с. 119