Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗУМАКУ́ЛАВА (Танзіля Мустафаеўна) (н. 18.7.1934, г. Тырныауз, Кабардзіна-Балкарыя),

балкарская паэтэса. Нар. паэтэса Кабардзіна-Балкарыі (1982). Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Друкуецца з 1957. У кнігах вершаў і паэм «Кветкі на скале» (1959), «Песні гор» (1962), «Прахалода гор» (1967), «Свяцільнік» (1969, за дзве апошнія Рэсп. прэмія 1969), «Белы свет» (1972), «Бацькоўскі дом» (1984) і інш. імкнулася адлюстраваць гіст. і духоўны вопыт балкарскага народа, складаныя і шматгранныя сувязі сучасніка з эпохай і навакольным светам. Дзярж. прэмія РСФСР імя М.​Горкага 1977. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі І.​Калеснік, М.​Танк.

т. 7, с. 119

ЗУМПФ (ням. Sumpf),

1) назапашвальная ёмістасць для вады ці гідрасумесі, якія потым перапампоўваюцца землясосам, вуглясосам ці інш. Пры рабоце з гідраманіторам З. — заглыбленне на пляцоўцы ўступа, куды падаецца пульпа з забою; пры рабоце з экскаватарам і гідратранспартам — бункер-змяшальнік, куды парода падаецца ад экскаватара, а вада — з водаправоднай сеткі.

2) Частка шахтавага ствала (ці шурфа), заглыбленая ніжэй самага глыбокага эксплуатацыйнага гарызонту. Прызначана для збірання рудніковай вады, размяшчэння скіпа ці клеці на час пагрузачна-разгрузачных работ і інш. 3) Адстойнік для прамывачнага раствору пры разведвальным бурэнні.

4) Заглыбленне ў ніжняй частцы стаяка ліцейнай формы. Прызначана для змякчэння ўдару струменя металу.

т. 7, с. 119