ЗУ́ЕВА (Настасся Платонаўна) (17.12.1896, с. Спаскае Тульскай вобл., Расія — 23.3.1986),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1957). Скончыла школу драм. мастацтва (1915). З 1916 у трупе МХАТа. Створаныя ёй вобразы вылучаюцца своеасаблівай індывідуальнасцю, яркай характарнасцю: Матрона («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога), Каробачка («Мёртвыя душы» М.Гогаля), Міс Уордл («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Фяклуша, Уліта («Навальніца», «Лес» А.Астроўскага), Анфіса («Тры сястры» А.Чэхава) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 7, с. 118
ЗУ́ЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (12.1.1754—18.1.1794),
расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярб. АН (1779). Удзельнічаў у акад. экспедыцыях (1768—74) пад кіраўніцтвам П.С.Паласа. У 1781—82 здзейсніў падарожжа ў раёны рэк Буг і ніжні Днестр, якое апісаў у кн. «Падарожныя запіскі ад Санкт-Пецярбурга да Херсона ў 1781 i 1782 гг.» (1787). Аўтар шэрагу прац па заалогіі, пераважна па сістэматыцы рыб, першага рус. падручніка па прыродазнаўстве «Нарыс прыродазнаўчай гісторыі...» (ч. 1—2, 1786).
Літ.:
Райков Б.Е. Академик Василий Зуев, его жизнь и труды. М.; Л., 1955.
т. 7, с. 118