ЗУЙКІ́ (Charadrius),
род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). Ha Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.
Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.
т. 7, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)