ЗУЁНАК Васіль Васілевіч

(н. 3.6.1935, в. Мачулішча Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Канд. філал. н. (1973). Скончыў БДУ (1959). У 1966—72 нам., у 1978—82 гал. рэдактар час. «Маладосць», у 1972—78 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1982—89 сакратар, у 1990—98 старшыня СП Беларусі. Друкуецца з 1952. Выдаў зб-кі: «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1982), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Жніўны дзень» (1985), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995) і інш. Прадстаўнік пакалення, на фарміраванне якога асабліва паўплывалі Вял. Айч. вайна, перыяд развянчання культу асобы. У яго лірыцы адбіліся перажыванні сучасніка нашага складанага веку, суровая памяць вайны, узаемасувязь асобы, прыроды і грамадства, працоўная мараль і этыка сённяшняга чалавека, інтымная сфера яго жыцця. Значны ўклад З. ў развіццё бел. паэт. эпасу, які прадстаўлены цыклам паэм пра жыццё свайго краю і гіст. лёс народа: «Сяліба» (1971), «Маўчанне травы», «Прыцягненне» (абедзве 1979), «Лукам’е» (1983) і «Падарожжа вакол двара» (1992). Аўтар аб’яднаў іх у «кнігу паэм» «Пяцірэчча». У яго творах відавочная схільнасць да маштабнага, асацыятыўна-ўзбуйненага вобраза, яркіх фарбаў і колераў. Аўтар кн. гумару «Качан на п’едэстале» (1973), нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Вясёлы калаўрот», 1965, «Жылі-былі пад вадой», 1969, «Сонечны клубочак», 1972, «Будзем сілы набірацца», 1974, і інш.).

Тв.:

Выбраныя творы. Т. 1—2. Мн., 1996—98.

Літ.:

Гніламёдаў У. Праўда зерня: Творчы партрэт В.Зуёнка. Мн., 1992;

Караткевіч У. Крэсіва. Іскры. Агонь // Зб. тв. Мн., 1991. Т. 8, кн. 2;

Колесник В. Эстафета судьбы // Неман. 1982. № 1.

В.В.Зуёнак.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)