Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУБЛІКА́Т (ад лац. duplicatus падвоены),

другі экзэмпляр дакумента, які мае аднолькавую юрыд. сілу з арыгіналам.

т. 6, с. 243

ДУ́БЛІН (Dublin; ірл. Бале-Аха-Кліях),

горад, сталіца Ірландыі. Размешчаны на У краіны, у вусці р. Ліфі, якая ўпадае ў зал. Дублін Ірландскага м. 915,5 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог, гал. марскі порт. Каналамі Роял і Гранд злучаны з унутр. раёнамі. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае, прылада- і трактарабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, с.-г.), металаапр., харчасмакавая (піваварная, мясакансервавая, беконная, мукамольная, тытунёвая, вытв-сць віскі), тэкст. (шарсцяная і льняная), швейная, джутавая, буд. матэрыялаў. Дублінскі ун-т, Нац. ун-т, АН і Акадэмія мастацтваў. Тэатры. Штогадовы міжнар. Дублінскі тэатр. фестываль (з 1948).

Паходзіць ад стараж назвы ўчастка р. Ліфі (Dubhlin — чорная затока). Упершыню ўпамінаецца пад 291. У 9 ст. заваяваны нарманамі, якіх паступова асімілявалі ірландцы. У 1170 захоплены англ. феадаламі, з канца 12 ст. цэнтр заваяванай імі калоніі. Гар. права з 1171. У 1613—1800 месца знаходжання ірл. парламента. З 17 ст. Д. — адзін з цэнтраў ірл. вызв. руху. У Д. адбылося Ірландскае паўстанне 1916. У 1919 тут засядаў Ірл. парламент, які абвясціў незалежнасць Ірландыі. Паводле англа-ірл. дагавора 1921 з Д. выведзены англ. гарнізон, горад стаў сталіцай Ірландскай вольнай дзяржавы, з 1949 — Ірландскай рэспублікі.

Са стараж. забудовы захаваліся замак (зараз Палац юстыцыі; 13 ст.), гатычныя царква Крайст-чэрч (1038—1225) і сабор Сент-Патрык (1190, перабудаваны пасля 1362). З 1757 перапланаваны цэнтр, дзе склаліся парадныя ансамблі ў стылі класіцызму. Парламент (1745—48), Трыніты-каледж (зараз ун-т; фасад — 1759), Чарлімант-хаўс (зараз Галерэя сучаснага мастацтва; 1763—70, арх. У.Чэймберс), ратуша (б. біржа; 1769, арх. Т.Кулі), Ірл. банк (1729—1805); будынкі «Чатырох судоў» (1786—1800), царква Сент-Джордж (1794—1802). У 1913 складзены план рэканструкцыі Д. (арх. П.Аберкрамбі); пабудаваны аэравакзал (1937—41), аўтавакзал (1951—53), шэраг жылых і прамысл. комплексаў. Музеі: Нац. музей, Нац. галерэя, Муніцыпальная галерэя сучаснага мастацтва, Грамадзянскі музей.

Дублін. Вуліца О’Конел-стрыт.

т. 6, с. 243

ДУ́БЛІН,

вёска ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр Спярыжскага с/с і калгаса. За 6 км на ПдУ ад Брагіна, 125 км ад Гомеля, 34 км ад чыг. ст. Хойнікі. 372 ж., 144 двары (1997). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 244

ДУ́БЛІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1916, гл. Ірландскае паўстанне 1916.

т. 6, с. 244

ДУ́БЛІНСКІ РУ́КАПІС,

лацінскі зборнік 2-й пал. 13 ст. Уключае розныя творы на лац. мове; вершы, пропаведзі, дыдактычныя трактаты, запавет св. Францыска, прароцтвы Іахіма Флорскага, кароткі ірландскі летапіс, даведзены да 1174, і інш. У пачатку змешчана «Апісанне зямель» — невял. геагр. трактат 3-й чвэрці 13 ст. невядомага аўтара, каталіцкага місіянера, які прапаведаваў у Прыбалтыцы сярод язычнікаў у часы Міндоўга. У ім даецца кароткае геагр. апісанне тагачаснай Еўропы, месцазнаходжанне розных краін, зямель і інш. Трактат — храналагічна самая ранняя гіст. крыніца, у якой упершыню згадваецца Белая Русь (Alba Russia). Паводле кантэксту твора, аўтар меў на ўвазе сумежную з Літвой і Латгаліяй зах. частку тагачаснай Русі, г. зн. тэр. сучаснай Усх. Беларусі. Помнік адкрыў і ўпершыню апублікаваў у арыгінале амер. вучоны М.Колкер. Захоўваецца ў б-цы Англіканскага ун-та ў Дубліне (Ірландыя). Бел. пераклад апублікаваны ў час. «Спадчына» (1993, № 6).

В.А.Чамярыцкі.

т. 6, с. 244

ДУБЛІ́РАВАННЕ,

1) выкананне паралельна з кім-н. аднолькавай (падобнай) работы; паўтарэнне, выкананне чаго-н. у 2 экзэмплярах.

2) Д. тэкстыльных матэрыялаў — здвойванне і змацаванне матэрыялаў з дапамогай нітачных строчак ці клею (напр., склейванне 2 розных тканін) або пад ціскам пасля аплаўлення паверхні аднаго з матэрыялаў (напр., змацаванне паралону з тканінай ці трыкатажам).

3) Д. фільма, дубляж — узнаўленне моўнай ч. гукавога кінафільма на інш. мове з сінхранізацыяй рухаў губ акцёра на экране і дублёра.

т. 6, с. 244

ДУБЛО́Н (франц. doublon ад ісп. doblon),

іспанская залатая манета. Змяшчала каля 7,5 г золата. У 1537 выпушчаны эскуда, двайны эскуда называўся пістоль, або «іспанскі Д.». У еўрап. гандлі двайны пістоль атрымаў назву Д. Існаваў да 1868. Д. з’яўляўся стараж. залатой манетай Швейцарыі, у 15—16 ст. яго чаканілі рым. папы.

т. 6, с. 244

ДУБЛЯ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., за 28 км на З ад г. Масты, каля в. Дубляны. Створана ў даліне р. Верацейка ў 1984. Пл. 0,5 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 1,37 млн. м³. Наліўное. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 2,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбаводства, рэкрэацыі.

т. 6, с. 244

ДУБНА́,

горад у Расіі, у Маскоўскай вобл., на р. Волга, пры ўпадзенні р. Дубна. Засн. ў 1956. 67,4 тыс. ж. (1992). 2 чыг. станцыі. Іванькаўская ГЭС. Каля Д. пачынаецца канал імя Масквы. Філіял НДІ ядз. фізікі Маскоўскага ун-та, філіял Маскоўскага ін-та радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі. Аб’яднаны ін-т ядз. даследаванняў, засн. ў 1956 на падставе пагаднення, падпісанага 10 краінамі-заснавальнікамі (мэтай стварэння ін-та было ажыццяўленне супольных тэарэт. і эксперым. прац у галіне фізікі высокіх энергій; ін-т мае сінхрацыклатрон і сінхрафазатрон).

т. 6, с. 244

ДУ́БНА,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, каля аўтадарогі Масты—Скідзель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад Мастоў, 48 км ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Чарлёна. 1058 ж., 424 двары (1997). Мясаперапрацоўчы камбінат. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква.

т. 6, с. 244