ГЕРА́ЦКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры, адна са школ сярэднеўсх. мініяцюрнага жывапісу (пераважна іл. да кніг). Існавала ў 15 ст. ў сталіцы дзяржавы Цімурыдаў — Гераце; звязана з дзейнасцю прыдворнай майстэрні рукапісаў — кітабхане (засн. прыкладна ў 1410-я г.). Мініяцюрам 1-й пал. 15 ст. (мастакі Халіл, Гіяседдзін, Мансур) уласціва тонкае пісьмо, стрыманы, часам гарачы каларыт («Шахнамэ» Фірдаўсі, 1430; «Хамсе» Нізамі, 1431). У 2-й пал. 15 ст. працавалі мастакі Шах-Музафар, Мірак Накаш, Хаджы Мухамед Накаш, Кемаледдзін Бехзад і яго вучань Касім Алі. Характэрны вытанчаная дэкаратыўнасць, паэтычнасць і разнастайнасць сюжэтаў, шматфігурнасць і шматпланавасць кампазіцый, пейзажныя фоны, гармонія і вытанчанасць колеру, дакладны віртуозны малюнак, развіццё партрэта.
т. 5, с. 171
ГЕРА́ШЧАНКА Дзмітрый Васілевіч
(н. 25.1.1951, Мінск),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1974). Працуе ў ін-це «Мінскпраект» (з 1969). Асн. работы: у Мінску — праект рэканструкцыі дзіцячага парку імя М.Горкага (1978), Парк 60-годдзя Кастрычніка (1986), воднае добраўпарадкаванне ўчастка р. Свіслач (1988), водаахоўная зона Сляпянскай воднай сістэмы і 7 сквераў уздоўж яе (1989, у складзе аўтарскага калектыву; Дзярж. прэмія СССР 1989). Паводле яго праектаў ствараюцца паркі: у Нясвіжы; у Мінску — па праспекце газ. «Праўда», вул. П.Глебкі, на левабярэжнай частцы Камсамольскага воз. і інш.
т. 5, с. 171
ГЕРБ (польск. herb ад ням. Erbe спадчына), сімвалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы, роду, горада, дзяржавы. Узніклі ў канцы 11—12 ст. ў час крыжовых паходаў. Крыніцамі гербавых эмблем найчасцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасці. Ранні герб меў выгляд шчыта з выявай (гал. атрыбут), потым у яго ўвайшлі шлем, клейнод (фігура на шлеме), намёт (напачатку — намочаная тканіна, якой закрывалі шлем ад сонца), карона. У познім сярэдневякоўі ў гербе з’явіліся неабавязковыя элементы — шчытатрымальнікі, стужкі з дэвізам, ордэны. Гербавыя выявы падзяляюцца на фігуры геральдычныя (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Гербавыя шчыты маюць розную форму і паходжанне, назвы іх тыпаў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найб. распаўсюджанне. У гербе змяшчаюць кароны: княжацкія, графскія, шляхецкія і інш. Колеры ствараюць фарбамі (чырвоная, блакітная, зялёная, пурпуровая, чорная) і металамі (золата — жоўты, серабро — белы), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). Існуюць сістэмы перадачы колераў і футра штрыхоўкай пры чорна-белым адлюстраванні герба. У гербе бел. шляхты пераважаюць блакітныя і чырв. фарбы. У ВКЛ гербы з’явіліся ў 2-й пал. 14 ст., найб. старажытны вядомы на пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літ.-бел. летапісаў згадвае герб «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня». У сярэдневякоўі герб быў знакам шляхціца і яго ўлады на пэўнай тэрыторыі. Калі гэта ўлада трымалася працяглы час, герб замацоўваўся ў якасці зямельнага або дзяржаўнага і выконваў сваю функцыю нават пры ўладзе інш. феадала. Пазней узніклі гербы каталіцкіх ордэнаў і гарадоў. Герб вывучае геральдыка, зборы гербаў называюцца гербоўнікамі.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 5, с. 171
ГЕРБА́РЫЙ
(лац. herbarium ад herba трава, расліна),
1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.
2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).
Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).
На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.Ф.Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш. ВНУ, бат. садах і запаведніках.
т. 5, с. 172
ГЕРБЕ́РА
(Gerbera),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў трапічных, радзей умераных абласцях Афрыкі і Азіі. Найб. вядомая ў кветкаводстве Г. Джэмсана (G. jamesonii), яе садовыя формы і сарты з буйнымі кошыкамі і язычковымі кветкамі, афарбаванымі ў яркія або пастэльныя тоны. Выкарыстоўваюць як вазонныя расліны або на зразанне. На Беларусі вырошчваюць як кветкава-дэкаратыўную культуру ў цяпліцах і аранжарэях, у паўд. краінах — ў адкрытым грунце.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом. Прыкаранёвае лісце сабрана ў разетку. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгім кветаносе (стрэлцы). Плод — сямянка.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 172
ГЕ́РБЕРШТЭЙН,
Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна І і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.
Тв.:
Рус. пер. — Записки о Московии. М., 1988.
С.М.Ходзін.
т. 5, с. 172
ГЕРБІЦЫ́ДЫ
[ад лац. herba трава + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы для знішчэння расліннасці. У залежнасці ад уласцівасцей бываюць гербіцыды суцэльнага дзеяння (знішчаюць усе расліны; выкарыстоўваюцца для ачысткі абочын дарог, чыгунак, аэрадромаў і інш.) і выбіральнага (селектыўнага) дзеяння (знішчаюць расліны аднаго віду — пераважна пустазелле; прыдатныя для хім. праполкі пасеваў с.-г. культур). Да гербецыдаў адносяцца таксама альгіцыды і арбарыцыды.
Паводле характару дзеяння на расліны адрозніваюць: кантактавыя, якія выклікаюць адміранне тканак раслін у месцы дакранання з імі; сістэмныя, здольныя перамяшчацца ад месца паглынання ў інш. часткі расліны і выклікаць яе гібель. Большасць гербецыдаў — арган. злучэнні розных класаў. Асн. групу гербецыдаў складаюць вытворныя хлорфенаксівоцатных к-т (напр., 2,4-дыхлорфенаксівоцатная к-та ці 2,4-Д, яе аналаг 2,4-ДМ), карбаматы і тыякарбаматы (ізапрапіл-N-фенілкарбамат ці ІФК, хлор-ІФК, карбін, бетанал), вытворныя мачавіны (метурын, дазанэкс), трыазіны (атразін, сімазін, мезараніл) і інш. Для павышэння актыўнасці гербецыдаў выкарыстоўваюць іх сумесі. Неабходная доза 1—8 кг/га, але ёсць гербецыды (круг, каўбой), для якіх дастатковая доза 100—400 мл/га.
Няправільнае выкарыстанне гербецыдаў прыводзіць да забруджвання глебы і вадаёмаў, гібелі раслін і жывёл, таму продаж і выкарыстанне гербецыдаў ва ўсіх краінах дапускаецца толькі з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў. На Беларусі ў спісе дазволеных гербецыдаў больш за 200 прэпаратаў.
Літ.:
Химические средства защиты. М., 1987;
Препараты для защиты растений [Список разрешенных препаратов в Беларуси]. Мн., 1995.
В.П.Дзеева.
т. 5, с. 173
ГЕРБО́ЎНІКІ,
зборы выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. Вядомы ў Еўропе з сярэдзіны 13 ст. З развіццём інстытута герольдаў гербоўнікі складаліся пры дварах манархаў, гал. чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У 1-й пал. 15 ст. гербы рыцарства ВКЛ змешчаны ў зах.-еўрап. гербоўніках «Armorial Lyncenich» («Гербоўнік Лінцэніха», Брусель), «Codex Bergschammar» («Кодэкс Бергшамара», Стакгольм; у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана «Пагоня»), «Armorial de la Toison d’Or» («Гербоўнік Залатога Руна», Парыж). Некалькі гербаў літ. і рус. князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414—18 У.Рыхенталя. Старэйшы польск. гербоўнік — «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» («Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і Каралеўства Польскага», 2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічаць Я.Длугаша. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербоўніку, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» В.Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невял. частка гербаў ВКЛ. Вычарпальных гербоўнікаў шляхты якой-небудзь краіны не існуе. Былі спробы скласці поўны гербоўнік Францыі «Armorial Général» («Усеагульны гербоўнік», 18 ст.) і генеральны гербоўнік усіх гербаў. На сучасным этапе большасць манархій не праводзіць набілітацый, і толькі ісп. герольдыя займаецца рэгістрацыяй гербаў шляхціцаў усіх краін.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 5, с. 173
ГЕРБ ДЗЯРЖА́ЎНЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сімвал дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Быў устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 19.9.1991. Эталон герба і Палажэнне аб ім зацверджаны Пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 10.12.1991. Уяўляў сабой узбр. конніка ў руху, які трымае ў правай руцэ гарызантальна падняты меч, у левай — шчыт з шасціканцовым залатым крыжам (гл. таксама «Пагоня»), Аўтары эталона герба У.Крукоўскі і Я.Кулік. Па выніках праведзенага 14.5.1995 рэсп. рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне новых Герба дзяржаўнага і Сцяга дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7.6.1995 зацверджаны новы эталон герба і Палажэнне аб ім. Уяўляе сабой геагр. контур Рэспублікі Беларусь у прамянях сонца над зямным шарам. Зверху пяціканцовая чырв. зорка. Выяву абрамляе вянок з каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стружкай, на якой надпіс золатам: «Рэспубліка Беларусь».
Літ.:
Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;
Дзяржаўны герб і Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;
Герб и флаг Белорусской державы. Мн., 1997.
т. 5, с. 172