ГЕАГРА́ФІЯ ТРА́НСПАРТУ,
навука, якая вывучае тэр. структуру транспарту, заканамернасці і спецыфічныя асаблівасці яго размяшчэння, ступень трансп. забяспечанасці тэрыторый. Падзяляецца на агульную, галіновую і рэгіянальную геаграфію транспарту. Агульная даследуе гіст. заканамернасці развіцця трансп. сістэм краін і раёнаў, уплыў на транспарт прыродных умоў (рэльеф, клімат, гідраграфія і інш.) і ландшафтных комплексаў, месца транспарту ў эканоміцы, трансп.-эканам. сувязі і грузапатокі, трансп. пункты і вузлы, геагр. праблемы пасаж. транспарту. Галіновая выяўляе спецыфіку тэр. арганізацыі кожнага віду транспарту (аўтамаб., чыг., рачнога, марскога, авіяц., трубаправоднага і інш.). Рэгіянальная вывучае арганізацыю сістэм узаемадзейных відаў транспарту на вызначанай тэр. (кантынент, краіна, адм.-тэр. адзінка і інш.). Выкарыстоўвае метады прасторавага аналізу, матэм. праграмаванне, а таксама параўнальны, картаграфічны і гіст.-геаграфічны.
т. 5, с. 115
ГЕАГРА́ФІЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,
гл. Эканамічная геаграфія.
т. 5, с. 115
«ГЕАГРА́ФІЯ: ПРАБЛЕ́МЫ ВЫКЛАДА́ННЯ»,
навукова-метадычны часопіс. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. і рас. мовах 4 разы ў год. Засн. рэдакцыяй час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуе нарматыўныя матэрыялы, метадычныя парады, айч. і замежны вопыт выкладання геаграфіі.
т. 5, с. 114
ГЕАДЫНА́МІКА
(ад геа... + дынаміка),
навука аб глыбінных сілах і працэсах, якія ўзнікаюць пры эвалюцыі планеты Зямля; раздзел геафізікі. Даследуе рух рэчыва і энергіі ўнутры Зямлі, змяненні складу і будовы яе знешніх абалонак, механізм руху літасферных пліт, дынамічныя ўмовы ўздоўж іх граніц (разрывы мацерыковых глыб у зонах расцяжэння, насовы, падсовы і складкавасць у зонах сціскання) і звязаныя з імі тэктанічныя, сейсмічныя, магматычныя і метамарфічныя працэсы. Геадынаміка цесна звязана з геалогіяй, геахіміяй, петралогіяй, тэктонікай і інш. Па даных геадынамікі можна прагназаваць размяшчэнне мацерыкоў на Зямлі праз дзесяткі мільёнаў гадоў.
Геадынаміка пачала адасабляцца ад інш. навук аб Зямлі ў 1950-я г. Асновы яе распрацавалі ням. вучоны А.Вегенер, англ. А.Холмс і Г.Хес, рас. Я.В.Арцюшкоў, У.У.Белавусаў, Л.П.Зоненшайн, В.Я.Хаін і інш. Да 1960-х г. у геадынаміцы панавала ўяўленне аб нерухомасці мацерыкоў (фіксізм), сучаснай тэарэт. асновай з’яўляецца тэктанічная гіпотэза тэктонікі пліт (мабілізм).
На Беларусі праблемы геадынамікі распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Р.Г.Гарэцкі, Р.Я.Айзберг, Г.І.Каратаеў, Э.А.Ляўкоў і інш.).
Літ.:
Артюшков Е.В. Геодинамика. М., 1979;
Хаин В.Е., Ломизе М.Г. Геотектоника с основами геодинамики. М., 1995;
Зоненшайн Л.П., Кузьмин М.И. Палеогеодинамика. М., 1992.
А.А.Карабанаў.
т. 5, с. 115
ГЕАДЫНАМІ́ЧНЫ ПАЛІГО́Н,
участак зямной паверхні, ахоплены разамкнутай або замкнутай ломанай лініяй, дзе сістэматычна праводзяцца геал., гідрагеал., геахім., геад. і геафіз. даследаванні з мэтай вывучэння сучасных тэктанічных працэсаў Зямлі. Тэрмін уведзены сав. вучонымі Г.І.Каратаевым, Э.Э.Фатыядзі і А.Л.Яншыным (1960-я г.). Звесткі, атрыманыя на геадынамічным палігоне, выкарыстоўваюцца для вывучэння сучасных глыбінных працэсаў, іх ролі ў фарміраванні зямной кары, асабліва для прагнозу землетрасенняў і ацэнкі верт. і гарыз. перамяшчэнняў паверхні зямной кары ў раёнах з асабліва адказнымі аб’ектамі (АЭС, метро, нафта- і газаправоды, хім. з-ды і інш.). На Беларусі створаны рэгіянальны комплексны геадынамічны палігон, які ахоплівае таксама і тэр. Прыбалтыкі; геадэзічны палігон у цэнтр. ч. Беларусі, лакальныя комплексныя палігоны ў Прыпяцкай упадзіне і ў раёне г. Валожын.
Г.І.Каратаеў.
т. 5, с. 115
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЕ НІВЕЛІ́РАВАННЕ,
тое, што трыганаметрычнае нівеліраванне.
т. 5, с. 116
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
палявая астраномія, раздзел практычнай астраноміі, які для патрэб геадэзіі і картаграфіі распрацоўвае метады вызначэння геагр. каардынат пунктаў і азімутаў ліній на зямной паверхні з дапамогай астр. назіранняў. Многія яе спосабы вызначэнняў шыраты, часу і азімута засн. на вымярэнні зенітных адлегласцей свяціл; даўгата вызначаецца з рознасці паміж знойдзеным мясц. зорным часам і грынвіцкім часам для сярэдняга моманту назіранняў. Пункт на мясцовасці, геагр. каардынаты і азімут напрамку якога на другі пункт знойдзены з дапамогай астр. назіранняў, наз. астр. пунктам. Геадэзічная астраномія займаецца апісаннем і тэорыяй астр. прылад, неабходных пры вызначэнні астр. каардынат пунктаў, распрацоўкай спосабаў вызначэння часу, шыраты, даўгаты і азімута, метадаў астр. вымярэнняў у палявых умовах і апрацоўкі даных.
Літ.:
Кузнецов А.Н. Геодезическая астрономия. М., 1966.
т. 5, с. 116
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ ЛІ́НІЯ ў матэматыцы і геадэзіі, крывая, якая абагульняе паняцце прамой (ці адрэзка прамой) у эўклідавай геаметрыі на выпадак прастораў больш агульнага віду. Лакальна з’яўляецца найб. кароткай сярод крывых, што злучаюць 2 зададзеныя пункты; гал. нармалі да іх з’яўляюцца нармалі да паверхні; праз кожны пункт паверхні ў кожным напрамку праходзіць адзіная геадэзічная лінія. Напр., на плоскасці геадэзічнай лініі будуць адрэзкі прамых, на сферы — вял. акружнасці, на цыліндры — вінтавыя лініі. У картаграфіі і навігацыі геадэзічная лінія мае назву артадромія.
т. 5, с. 116
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма геадэзічных пунктаў зямной паверхні, узаемнае становішча якіх вызначана ў адпаведнай сістэме каардынат і вышынь над узр. м. на падставе геад. вымярэнняў. Каардынаты геад. пунктаў вызначаюць пераважна метадамі трыянгуляцыі, паліганаметрыі, выкарыстоўваюць вынікі назіранняў штучных спадарожнікаў Зямлі. Вышыні геад. пунктаў вызначаюць метадамі нівеліравання. Пункты геадэзічнай сеткі замацоўваюць на мясцовасці геадэзічнымі знакамі, яны з’яўляюцца зыходнымі пры картаграфаванні зямной паверхні і геад. вымярэннях на мясцовасці.
т. 5, с. 116