Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Майзель Веньямін Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 423

МА́ЙЗЛЕР (Аляксандр Піліпавіч) (4.10.1923, Масква — 12.7.1977),

бел. ваенны дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1946). Дырыжор у вайск. часцях Бел. і Маскоўскай ваен. акруг. З 1951 дырыжор, з 1959 нач. аркестра штаба БВА, з 1968 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Аўтар аранжыровак для духавога арк. твораў муз. класікі (у т. л. 6-я сімфонія і 2-я ч. 5-й сімфоніі П.​Чайкоўскага, 40-я сімфонія В.​А.​Моцарта, фінал 9-й сімфоніі «З Новага свету» А.​Дворжака), бел. кампазітараў (сюіта з балета «Мара» Я.​Глебава, музыка А.​Багатырова да драмы М.​Лермантава «Маскарад»), арыгінальных п’ес (маршаў, вальсаў, песень і інш.).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 519

МАЙКА́НАВА (Сабіра) (1.1.1914, г. Кзыл-Арда, Казахстан — 15.2.1995),

казахская актрыса. Нар. арт. Казахстана (1959). Нар. арт. СССР (1970). З 1932 у трупе Каз. т-ра драмы імя М.​Аўэзава (Алма-Ата). Стварыла вобразы жанчын, надзеленых моцным і валявым характарам: Каклан («Кабланды» Аўэзава), Зейнеп («Чакан Валіханаў» С.​Муканава), Талганай («Мацярынскае поле» паводле Ч.​Айтматава), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.​Транёва), Кацярына Іванаўна («Маці сваіх дзяцей» А.​Афінагенава). Дзярж. прэмія Казахстана 1967.

т. 9, с. 519

МА́ЙКАЎ (Апалон Мікалаевіч) (4.6.1821, Масква — 20.3.1897),

рускі паэт. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1853). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1841). У 1842—44 за мяжой, пераважна ў Італіі. З 1844 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, з 1852 у Пецярбургскім к-це замежнай цэнзуры (з 1875 яго старшыня). Друкаваўся з 1835. Першы зб. «Вершы» (1842), якім працягваў традыцыі анталагічнай лірыкі К.​М.​Бацюшкава і М.​І.​Гнедзіча. Уражанні ад Італіі, вобразы і тэмы антычнасці і сучаснасці ў зб. «Нарысы Рыма» (1847). Некат. празаічныя творы 1840-х г., паэмы «Два лёсы» (1845), «Машачка» (1846) і інш. напісаны ў духу натуральнай школы. У 1850-я г. перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, ідэі славянафільства і панславізму (паэма «Клермонцкі сабор», 1853). Часу ранняга хрысціянства, яго сутыкненням з язычніцтвам прысвечаны паэма «Тры смерці» (1857) і яе працяг «Смерць Люцыя» [1863; абедзве перапрацаваныя ўвайшлі ў драму «Два светы» (1872, 2-я рэд. 1881, Пушкінская прэмія АН 1882)]. У 1854—56 напісаў шэраг вершаў, прысвечаных рус. прыродзе. Творчасці М. ўласцівы культ прыгажосці, арыентацыя на фальклорную паэтыку, традыцыі стараж.-рус. славеснасці (паэма «Вандроўнік», 1867). Аўтар паэт. пералажэння «Слова аб палку Ігаравым» (1870), крытычных артыкулаў пра л-ру і выяўл. мастацтва. Перакладаў Фірдаўсі, стараж.-інд. эпас «Рамаяна», ант. паэтаў, І.​В.​Гётэ, Г.​Гейнэ, Г.​Лангфела, А.​Міцкевіча, сербскія і бел. (7 твораў) нар. песні і інш. Асобныя вершы М. пакладзены на музыку П.​Чайкоўскім, М.​Рымскім-Корсакавым і інш. На бел. мову яго верш «Золата, золата падае з неба» пераклаў М.​Багдановіч.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1977;

Соч. Т. 1—2. М., 1984;

Стихотворения и поэмы. Л., 1987.

Літ.:

Анненский И.Ф. Майков и педагогическое значение его поэзии [1898] // Анненский И.Ф. Книги отражений. М., 1979;

Ямпольский И.Г. Поэты и прозаики. Л., 1986. С. 110—141.

А.М.Майкаў.

т. 9, с. 519

МА́ЙКЕЛЬСАН, Майкелсан (Michelson) Альберт Абрахам (19.12.1852, г. Стшэльна, Польшча — 9.5.1931), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1882). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1926). Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1873), дзе працаваў у 1875—79. У 1883—1929 у розных ВНУ ЗША. У 1923—27 прэзідэнт Нац. АН ЗША. Навук. працы па оптыцы і спектраскапіі. Сканструяваў дакладныя спектраскапічныя прылады (інтэрферометр М., эшалон М.), выканаў шэраг эксперыментаў па вызначэнні скорасці святла і залежнасці яе ад руху Зямлі (гл. Майкельсана дослед). Правёў дакладнае вызначэнне даўжыні метра ў даўжынях хваль чырвонай спектральнай лініі кадмію, сканструяваў зорны інтэрферометр для вызначэння вуглавых дыяметраў зорак. Нобелеўская прэмія 1907.

Літ.:

Джефф Б. Майкельсон и скорость света: Пер. с англ. М., 1963.

А.А.Майкельсан.

т. 9, с. 519

МА́ЙКЕЛЬСАНА ДО́СЛЕД,

фізічны эксперымент, пастаўлены з мэтай выявіць уплыў руху Зямлі на скорасць распаўсюджвання святла. Праведзены ў 1881 А.А.Майкельсанам і паўтораны ў 1886—87 (разам з амер. фізікам Э.​У.​Морлі). Даказаў незалежнасць скорасці святла ад руху Зямлі. Гэты факт не знайшоў тлумачэння ў класічнай фізіцы і даў падставу лічыць скорасць святла інварыянтнай велічынёй — аднолькавай ва ўсіх інерцыяльных сістэмах адліку, што з’явілася адным з пастулатаў спец. адноснасці тэорыі. Вынікі М.д. з вялікай дакладнасцю пацверджаны амер. фізікамі ў 1964 у эксперыменце, праведзеным пры дапамозе лазерных крыніц святла.

т. 9, с. 519

МА́ЙКІ (Meloë),

род жукоў сям. шпанак. Каля 130 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Аўстраліі і Паўд. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў, найб. трапляюцца М. звычайная, або чорная (M. proscarabaeus), М. фіялетавая, або сіняя (M. violaceus), М. зменлівая, або стракатая (M. variegatus), занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі. Жывуць на палях, лугах, узлесках.

Даўж. да 50 мм. Самцы меншыя за самак, самкі з шырокім брушкам. Афарбоўка звычайна чорная або цёмна-сіняя, з метал. бляскам. Крылы неразвітыя. Лічынкі (трыунгуліны) маюць 3 стадыі, кормяцца мёдам, паразітуюць у гнёздах пчол, знішчаюць іх патомства, часам выклікаюць гібель свойскіх пчол. Жукі шкодзяць усходам палявых культур. Яйцы адкладваюць на зямлю. Развіццё з гіперметамарфозам. Характэрная асаблівасць М. — наяўнасць у целе (асабліва ў крыві) ядавітага рэчыва кантарыдзіну, якое надае жукам непрыемны пах і едкі смак, таму большасць насякомаедных (акрамя курэй, ластавак, вожыкаў) іх не паядаюць.

С.​Л.​Максімава.

Майка фіялетавая.

т. 9, с. 519

МАЙКО́П,

горад у Расіі, адм. ц. Адыгеі, на р. Белая (прыток р. Кубань). Чыг. станцыя, аэрапорт. Засн. ў 1858. 177,3 тыс. ж. (1996). Маш.-буд. і металаапр. (абсталяванне лесасплаўнае, для прадпрыемстваў сувязі, металарэзныя станкі і інш.), мэблева-дрэваапр., цэлюлозна-кардонная, харч. (мясакамбінаты, малочны, тытунёва-ферментны і інш. з-ды), лёгкая (шпагатна-вяровачная, канатная, абутковая, швейная ф-кі) прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. ГЭС. Пед. і тэхнал. ін-ты. Адыгейскі НДІ эканомікі, мовы, л-ры і гісторыі. 2 драм. тэатры. 2 музеі. Філармонія.

т. 9, с. 520

МАЙКО́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 2-й пал. 3-га тыс. да н.э., пашыраная ў перадгор’ях Паўн. Каўказа. Назва ад Майкопскага кургана, даследаванага ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. М.к. прадстаўлена шматлікімі курганамі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, на ганчарным крузе вырабляла кераміку (пераважна чырвоную, глянцаваную, зрэдку арнаментаваную), жыло на ўмацаваных паселішчах. На познім этапе з’явіліся каменныя грабніцы, у т. л. дальмены. Сустракаюцца прылады працы і зброя з каменю (сякеры, укладышы для нажоў і сярпоў, наканечнікі стрэл) і медзі (сякеры, матыкі, долаты, нажы, кінжалы, наканечнікі коп’яў). Распаўсюджаны ўпрыгожанні з Усходу. Існавала маёмасная дыферэнцыяцыя.

т. 9, с. 520

МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,

помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.

т. 9, с. 520