СІСТЭ́МА «ЧАЛАВЕ́К-МАШЫНА»,
складаная сістэма, у якой чалавек-аператар (ці група аператараў) узаемадзейнічае з тэхн. аб’ектам (напр., пракатным станам, транспартным сродкам, ЭВМ) у працэсах прамысл. вытв-сці, кіравання, апрацоўкі інфармацыі і інш. Праблемы С. «ч.-м.» вывучае эргатыка.
Асн. праблемы стварэння і выкарыстання С. «ч.-м» — улік магчымасцей чалавека, аптымальнае размеркаванне функцый паміж чалавекам і машынай, узгадненне рэжымаў і ўмоў іх супольнага функцыянавання. Для праектавання С. «ч.-м» распрацоўваюць мадэлі, якія апісваюць складаныя чалавека-машынныя алгарытмы рашэння задач. Рэалізуюць такія алгарытмы з дапамогай спец. пакетаў прыкладных праграм. У С.«ч.-м» на аснове дасягненняў інжынернай псіхалогіі карыстаюцца візуальным і аўдыявізуальным абменам інфармацыяй, пры якім распазнаюцца таксама моўныя паведамленні чалавека (гл. Распазнаванне вобразаў, Распазнаванне вуснай мовы), генерыруюцца адказы ў гукавой і візуальнай форме. Гл. таксама Сістэматэхніка, Эрганоміка.
На Беларусі праблемы С.«ч.-м.» даследуюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Г.Р.Маньшын.
т. 14, с. 421
СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ,
асноўная адзінка міжнар. стратыграфічнай шкалы, якая адпавядае прыроднаму этапу (геал. перыяду) у развіцці зямной кары і арган. свету Зямлі (гл. Геахраналогія) і аб’ядноўвае адклады, што ўтварыліся за гэты перыяд; састаўная частка эратэмы. Вылучана 12 сістэм, якія ўтвараюць фанеразой (кембрыйская, ардовікская, сілурыйская, дэвонская, кам.-вуг., пермская, трыясавая, юрская, мелавая, палеагенавая, неагенавая і антрапагенавая, або чацвярцічная, гл. адпаведныя арт.) і вендская сістэма ў познім пратэразоі (гл. Стратыграфічная шкала). Кожная сістэма падзяляецца на 3, радзей на 2 аддзелы. На Беларусі ёсць адклады ўсіх сістэм. Пры вылучэнні сістэм крытэрыямі з’яўляюцца істотныя змены ў складзе арган. свету, якія выражаюцца ў развіцці новых груп фауны і флоры вял. сістэм. рангу (надсямействаў, сямействаў, родаў). Кожнай сістэме ўласцівы пэўны характар літагенезу. Адклады адных сістэм макс. пашыраны (дэвонскай, мелавой, антрапагенавай), другіх вядомы на абмежаванай тэрыторыі (ардовікскай, сілурыйскай і інш.). З адкладамі многіх сістэм звязаны карысныя выкапні (напр., нафта, каменная і калійныя солі, гаручыя сланцы, даламіты, мінер. воды і расолы — з адкладамі дэвонскай; бурыя вуглі — кам.-вуг. і неагенавай; бурштын — палеагенавай і неагенавай; торф, буд. матэрыялы — антрапагенавай).
С.А.Кручак.
т. 14, с. 421
СІСТЭ́МНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць метадаў і сродкаў даследавання складаных, шматузроўневых сістэм, аб’ектаў, працэсаў, якія даюць магчымасць рыхтаваць і абгрунтоўваць рашэнні па складаных праблемах паліт., ваен., сац., эканам., навук. і тэхн. характару. Асновай С.а. лічаць агульную тэорыю сістэм і сістэмны падыход. Працэс С.а. складаецца з пастаноўкі праблемы, вызначэння мэты і крытэрыяў ацэнкі; структурнага аналізу доследнай сістэмы; распрацоўкі канцэпцыі развіцця сістэмы; падрыхтоўкі магчымых варыянтаў; непасрэднага аналізу выбраных варыянтаў і іх вынікаў. Гал. працэдура С.а. — пабудова абагульненай мадэлі (ці мадэляў), якая адлюстроўвае ўсе фактары і ўзаемасувязі рэальнай сітуацыі. Атрыманая мадэль даследуецца з мэтай высвятлення блізкасці выніку пэўнага альтэрнатыўнага варыянта да жаданага, параўнальных затрат рэсурсаў па кожным варыянце, ступені ўспрымальнасці мадэлі да непажаданых знешніх уздзеянняў. Абапіраецца на шэраг матэм. метадаў і сучасных метадаў кіравання. Выкарыстоўваецца ў праграмаванні і перспектыўным планаванні, пры рашэнні задач праектавання аўтаматызаваных сістэм кіравання, праектаванні і рэканструкцыі гарадоў і інш. У 1972 у Лаксенбургу (Аўстрыя) створаны Міжнар. ін-т прыкладнога С.а., у рабоце якога ўдзельнічаюць 12 краін. Ін-т працуе над праблемамі, якія патрабуюць міжнар. супрацоўніцтва (ахова навакольнага асяроддзя, асваенне рэсурсаў сусв. акіяна, карыстанне пагранічнымі воднымі басейнамі і інш.).
Літ.:
Клиланд Д., Кинг В. Системный анализ и целевое управление: Пер. с англ. М., 1974;
Диалектика и системный анализ. М., 1986;
Перегудов Ф.И., Тарасенко Ф.П. Введение в системный анализ. М., 1989;
Философия и методология науки. М., 1996.
М.В.Тараткевіч.
т. 14, с. 422
СІСТЭ́МНЫ ПАДЫХО́Д,
кірунак метадалогіі навук. пазнання і сац. практыкі, у аснове якога разгляд аб’ектаў як сістэм. Спецыфіка С.п. ў тым, што ён арыентуе даследаванне на раскрыццё цэласнасці аб’екта, выяўленне разнастайных тыпаў сувязі складанага аб’екта і звядзенне іх да адзінай тэарэт. карціны. У наш час С.п. займае адно з вядучых месц у навук. пазнанні. Перадумовай пранікнення яго ў навуку з’явіўся перш за ўсё пераход да новага тыпу навук. задач: у многіх галінах навукі гал. сталі праблемы арг-цыі і функцыянавання складаных аб’ектаў; пазнанне ўсё больш аперыруе сістэмамі, межы і склад якіх далёка не відавочныя і патрабуюць спец. даследавання ў кожным асобным выпадку. Аналагічнага тыпу задачы ўзніклі і ў сац. практыцы, калі замест лакальных, галіновых задач і прынцыпаў вядучую ролю пачалі адыгрываць буйныя комплексныя праблемы, якія патрабуюць цеснага ўзаемаўвязвання эканам., сац., экалагічных і інш. аспектаў грамадскага жыцця. Развіццё даследаванняў у гэтым кірунку выявіла недастатковасць агульнай тэорыі сістэм, якая ўжывалася раней. Для абазначэння больш шырокай сферы метадалагічных праблем з 1970-х г. пачалі ўжываць тэрмін «С.п.» Паняцці і прынцыпы С.п. выяўляюць больш шырокую пазнавальную рэальнасць у параўнанні з той, што фіксавалася ранейшымі ведамі, даюць новую схему тлумачэння, у аснове якой пошук канкрэтных механізмаў цэласнасці аб’екта, выяўленне поўнай тыпалогіі яго сувязей. З важнага для С.п. тэзіса аб разнастайнасці тыпаў сувязей вынікае, што складаны аб’ект дапускае не адно, а некалькі расчляненняў, з якіх неабходна выбраць «адзінку» аналізу, якая дасць магчы.масць фіксаваць цэласныя ўласцівасці аб’екта, яго структуру і дынаміку. Па пазнавальных устаноўках С.п. мае шмат агульнага з структуралізмам і структурна-функцыянальным аналізам.
Літ.:
Блауберг И.В., Юдин Э.Г. Становление и сущность системного подхода. М., 1973;
Уемов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;
Каган М.С. Системный подход и гуманитарное знание. Л., 1991;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.
М.В.Тараткевіч.
т. 14, с. 422
СІСТЭ́МЫ СВЕ́ТУ,
сукупнасць уяўленняў пра будову сістэм нябесных (касмічных) цел (Зямлі, Месяца, Сонца і планет), што існавалі на розных этапах развіцця цывілізацыі. Спробы стварыць мадэлі С.с. рабілі стараж. індусы, вавіланяне, грэкі і інш., аднак гістарычна найб. важнымі з’яўляюцца геацэнтрычная сістэма свету і геліяцэнтрычная сістэма свету. Уяўленні пра будову планетных сістэм з’яўляюцца асн. часткай астранамічнай карціны свету.
Літ.:
Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. Мн., 1984.
т. 14, с. 422
СІ́ТА (стараж.-інд. — баразна),
у старажытнаіндыйскай ведычнай міфалогіі багіня раллі, у вішнуізме — аватара (увасабленне) жонкі бога Вішну Лакшмі, у эпасе «Рамаяна» — жонка героя Рамы. Паводле «Рамаяны», С. выкрадзена царом злых дэманаў (ракшасаў) Раванам. Пасля многіх подзвігаў Рама перамог Равану і вызваліў С., аднак неўзабаве прагнаў яе ў лес, бо яго падданыя падазравалі С. ў шлюбнай нявернасці. Пустэльнік Вальмікі (легендарны аўтар «Рамаяны») даў прытулак С. і выхаваў двух яе сыноў, а пасля, разам з імі, вярнуў яе Раме. Аднак пры сустрэчы з мужам С., па яе просьбе, паглынула яе маці — Зямля.
т. 14, с. 423
СІ́ТА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас. р. Друйка, за 16 км на З ад г. Браслаў. Пл. 1,88 км², даўж. 3,8 км, найб. шыр. 790 м, найб. глыб. 28,5 м, даўж. берагавой лініі 9,8 км. Пл. вадазбору 9,45 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складзена з 3 плёсаў. Схілы выш. 10—12 м (на Пд і З 5—6 м), параслі лесам і хмызняком, часткова пад лугам. Пойма шыр. 4—12 м. На ПнЗ, ПнУ і У стараж. берагавы вал выш. да 0,6 м. Берагі моцна парэзаныя, нізкія, пад хмызняком, на Пд забалочаныя. Востраў пл. 2,3 га. Дно да глыб. 7—9 м выслана пяском і апясчаненымі адкладамі, глыбей ілам і сапрапелем. Вада з паніжанай мінералізацыяй (160—180 мг/л), высокай празрыстасці (5,2 м). Мезатрофнае з прыкметамі алігатрафіі. Шыр. паласы надводнай расліннасці 6—10 м (у паўн. і паўд. залівах да 50 м), падводная расце да глыб. 6—6,5 м. У возеры жыве рэлікт ледавіковага перыяду — лімнакалянус. Упадаюць некалькі ручаёў, на Пд выцякае ручай у воз. без назвы.
т. 14, с. 423
СІТАВА́ТАЯ ГУ́МА, порыстая гума,
эластычны порысты матэрыял, выраблены на аснове латэксу ці цвёрдага каўчуку. С.г. з латэкснай сумесі наз. пенагумай, з сумесей на аснове цвёрдага каўчуку — губчатай ці ячэістай гумай.
Пенагума мае поры памерам 0,01—1 мм, уяўная шчыльн. 40—250 кг/м³ адноснае падаўжэнне 90—350%. Газа- і водапранікальная (90—95% пор злучаны паміж сабой). Атрымліваюць мех. успеньваннем сумесей на аснове латэксу натуральнага ці (і) латэксаў сінтэтычных з наступнай вулканізацыяй пены ў формах пры 100—140 °C; вырабляюць у выглядзе блокаў ці пласцін. Губчатая гума мае поры ад 0,4 мкм (мікрапорыстая гума) да 0,2—0,4 мм, злучаныя або замкнутыя; для С.г. на аснове натуральнага каўчуку ўяўная шчыльн. 500—700 кг/м³. адноснае падаўжэнне 200—300%. Яе вырабляюць у выглядзе лістоў, пласцін і вырабаў з гумавых сумесей (гл. Гума), якія маюць пораўтваральнікі, што ўспеньваюць сумесь пры вулканізацыі. Выкарыстоўваюць С.г. для вырабу амартызатараў, цепла- і гукаізаляцыйных пракладак, плывучых і выратавальных сродкаў, мэблі, сядзенняў трансп. сродкаў і інш.
т. 14, с. 423
СІТА́ЛЫ,
неарганічныя матэрыялы, якія ўтвараюцца пры аб’ёмнай крышталізацыі шкла. Матэрыялы, падобныя на С., наз. таксама піракерамам, дэвітракерамам, шклокерамам. Першыя С. атрыманы ў 1950-я г.
У С. мікракрышталі (< 1 мкм) адной або некалькіх крышт. фаз размеркаваны ў шклопадобнай фазе; колькасць крышт. фазы ад 20 да 95% па аб’ёме. Большасць С. маюць высокую мех. трываласць і цвёрдасць, зноса- і тэрмаўстойлівыя, газа- і вільгаценепранікальныя, хімічна ўстойлівыя. Атрымліваюць С. і вырабы з іх пераважна па шкляной (найб. пашырана) і керамічнай тэхналогіях. Шкляная тэхналогія ўключае: варку шкла з шыхты, у якую дадаюць спец. ініцыятары (пераважна аксіды тытану, хрому, нікелю, жалеза), што выклікаюць раўнамерную крышталізацыю ва ўсім аб’ёме; фармаванне вырабаў і іх тэрмічную апрацоўку паводле рэжыму, які забяспечвае атрыманне С. неабходнага фазавага саставу. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і тэхніцы, напр., высокатрывалыя (С. на аснове сістэмы MgO — Al2O3 — SiO2) у ракета- і авіябудаванні, радыёэлектроніцы, аптычна празрыстыя (Li2O — Al2O3 — SiO2) у касм і лазернай тэхніцы, у медыцыне (біясіталы), буд-ве (шлака- і петрасіталы).
Літ.:
Жунина Л.А., Кузьменков М.И., Яглов В.Н. Пироксеновые ситаллы. Мн., 1974;
Бобкова Н.М., Силич Л.М. Бесщелочные ситаллы и стеклокристаллические материалы. Мн., 1992.
т. 14, с. 423
СІТА́НСКІЯ,
сям’я бел. музыкантаў, спевакоў, танцораў 2-й пал. 18 ст. Леан С. (каля 1745, г. Гродна — 1800), скрыпач, дырыжор, педагог; адзін з найб. выдатных музыкантаў свайго часу. З 1765 першы скрыпач і капельмайстар Гродзенскай капэлы Тызенгаўза, кіраўнік Гродзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза. У 1781 выступаў з канцэртамі ў Італіі. Пад яго кіраўніцтвам Гродзенская капэла стала адной з лепшых у Еўропе. Барталамей С. (? — пасля 1785), клавікардыст, педагог. Брат Леана. У 1776?—81? музыкант Гродзенскай капэлы Тызенгаўза. Выкладаў у Гродзенскай муз.-тэатр. школе Тызенгаўза ігру на клавікордзе, фагоце і скрыпцы, пазней у Паставах. Сымон С. (Шымон; ? — люты 1785), музыкант, брат Леана і Барталамея. З 1771 працаваў у Гродзенскай капэле Тызенгаўза; выкладаў у Гродзенскай муз.-тэатр. школе Тызенгаўза ігру на габоі і скрыпцы. З 1781 у Нясвіжскай капэле Радзівілаў. Дарота С. (каля 1767 — ?), танцоўшчыца (працавала да 1797). Жонка Леана. Прыгонная Тызенгаўза і выхаванка яго балетнай школы ў Паставах (педагог Ф.Г.Ле Ду). Выступала ў пастаноўках пераважна з Малгажатай С. (да 1787 пад дзявочым прозвішчам Пякарская). У 1785—95 салістка каралеўскай трупы «танцораў нарадовых» у Польшчы. З 1795 у Гродне, у 1795—97 выступала ў Львове. Малгажата С. (Магдалена, Вікторыя), спявачка. Дачка Леана. У 1777—80 вучылася спевам, ігры на клавесіне (педагог К.Абатэ) і танцам (педагог Ле Ду) У Гродзенскай муз.-тэатр. школе Тызенгаўза, пазней, да 1783, у Паставах. З 1785 удасканальвала майстэрства ў Пецярбургу. У 1786—91 выступала ў «Тэатры нарадовым» у Варшаве. Пазней артыстка каралеўскага т-ра ў Лазенках (каля Варшавы). Вылучалася асаблівымі здольнасцямі. Выступала пераважна ў камічных операх.
Літ.:
Żórawska-Witkowska A. Kapela Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.
А.Л.Капілаў.
т. 14, с. 423