Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МА́РЫЯНСКЕ-ЛА́ЗНЕ (Mariánské Láznĕ),

б. Марыенбад, бальнеалагічны курорт у Чэхіі. За 40 км на Пд ад г. Карлавы Вары. Развіваецца з 18 ст. Клімат умераны, з рысамі горнага. Асн. лек. фактар — каля 40 крыніц мінер. вод з высокім утрыманнем жалеза, што выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб страўніка, жоўцевых і мочапалавых шляхоў, нырак, перыферычнай нерв. сістэмы, верхніх дыхальных шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў, скурных хвароб. Торфагразелячэнне. Санаторыі, водагразелячэбніцы, пансіянаты, атэлі. Буйны цэнтр міжнар. турызму.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 160

МАРЫЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Marianas Islands),

група астравоў на З цэнтр. ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Складаецца з 15 буйных астравоў (Гуам, Рота, Сайпан і інш.) і некалькіх дробных астравоў і рыфаў. Пл. больш за 1,1 тыс. км². Нас. каля 210 тыс. ж. (1997). В-ваў Гуам — уладанне ЗША, астатняя частка ўваходзіць у Садружнасць Паўн. Марыянскіх Астравоў. Астравы вулканічнага і каралавага паходжання. Частыя землетрасенні. Выш. да 965 м. Вільготныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства. Рыбалоўства. Асн. порт Аганья (на в-ве Гуам). Ваенна-марскія і ваенна-паветр. базы ЗША. М.а. адкрыты ў 1521 Ф.Магеланам.

т. 10, с. 161

МАРЫЯ́НСКІ ЖО́ЛАБ,

глыбакаводны жолаб у зах. частцы Ціхага ак., на У і Пд ад Марыянскіх а-воў. Працягласць 1340 км, сярэдняя шыр. 59 км. Глыб. М.ж. 11 022 м вымерана сав. суднам «Віцязь» у 1957, 11 034 мамер. суднам «Чэленджэр» у 1950-х г. (найб. глыбіня Сусветнага акіяна). Мае V-падобны профіль, схілы 7—9°; плоскае дно шыр. 1—5 км, раздзеленае парогамі на некалькі замкнутых катлавін з глыб. 8000—11000 м.

т. 10, с. 160

МАРЫЯ́ТЭГІ ((Mariátegui) Хасэ Карлас) (14.6.1895, г. Макегуа, Перу — 16.4.1930),

перуанскі паліт. дзеяч, сацыёлаг і літ. крытык. З 1918 у рабочым руху. З 1919 у эміграцыі. З 1923 зноў у Перу, у прафсаюзным руху, займаўся журналісцкай і выдавецкай дзейнасцю. Выпускаў часопіс «Amauta» («Мудрэц», 1926—30), рабочую газ. «Labor» («Праца», 1928—30). У 1928 заснаваў Перуанскую камуніст. партыю і быў яе ген. сакратаром. Тэарэт. асновы праграмы камуністаў выклаў у працы «Сем нарысаў тлумачэння перуанскай рэчаіснасці» (1928). У літ.-крытычных артыкулах аналізаваў ісп. і індзейскую традыцыі перуанскай л-ры, адстойваў незалежны шлях развіцця нац. культуры.

т. 10, с. 161

МАРЫ́Я АНТУАНЕ́ТА (Marie Antoinette; 2.11.1755, Вена — 16.10.1793),

французская каралева, жонка (з 1770) Людовіка XVI. Дачка аўстр. імператара Франца I і Марыі Тэрэзіі. Атрымала добрую адукацыю. Канфліктавала з франц. урадам, выступала супраць бурж. рэформ. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 зняволена ў 1792 разам з мужам, прыгаворана да пакарання смерцю і абезгалоўлена.

т. 10, с. 160

МАРЫ́Я ВАСІ́ЛЬКАЎНА (12 ст.),

князёўна, дачка полацкага кн. Васількі Святаславіча, пляменніца Ефрасінні Полацкай, праўнучка Усяслава Брачыславіча. У 1143 аддадзена замуж за Святаслава Усеваладавіча, князя чарнігаўскага, ноўгарад-северскага, вял. кн. кіеўскага (з 1177). Аказвала на мужа вял. ўплыў як пастаянная дарадчыца ў справах палітыкі. Паводле летапісу, паход 1180 Святаслаў «сдумав с княгинею своею». Выступала за стабільнасць адносін паміж Кіевам і Полацкам. Аўдавела ў 1194.

І.​А.​Масляніцына.

т. 10, с. 160

МАРЫ́Я МАГДАЛІ́НА,

у евангельскай міфалогіі грэшніца, якая раскаялася; адданая паслядоўніца Хрыста. Спадобілася першай убачыць яго ўваскрэслым. Уключана хрысц. царквой у лік святых.

т. 10, с. 160

МАРЫЯ СЦЮ́АРТ (Mary Stuart; 7 ці 8.12.1542, г. Лінлітгаў, Вялікабрытанія — 8.2.1587),

каралева Шатландыі [з 1542, фактычна ў 1561—67] і Францыі (1559—60]. Дачка Якава V Шатландскага і Марыі Гіз (рэгентша ў час маленства М.С.). У 1548—61 жыла ў Францыі, з 1558 жонка франц. дафіна (з 1559 кароль Францыск II), пасля смерці якога ў 1561 вярнулася ў Шатландыю. Як праўнучка Генрыха VII (гл. Генрых, англ. каралі) прэтэндавала на англ. прастол. Апіралася на шатл. католікаў, што выклікала ў 1567 паўстанне шатл. кальвінісцкай знаці. Абвінавачаная ў саўдзеле ў забойстве свайго другога мужа лорда Дарнлі ў 1567 адраклася ад прастола на карысць сына (шатл. кароль Якаў VI; з 1603 англ. кароль Якаў I), у 1568 эмігрыравала ў Англію, дзе паводле загаду Лізаветы I была зняволена. Праз 19 гадоў абвінавачана ў падрыхтоўцы шэрагу змоў католікаў супраць Лізаветы, асуджана і пакарана смерцю. Трагічнаму лёсу М.С. прысвечаны літ. творы В.​Альф’еры, Ф.​Шылера, Ю.​Славацкага, С.​Цвэйга і інш.

Літ.:

Биркин К. Временщики и фаворитки XVI, XVII и XVIII столетий. М., 1992. Т. 1. С. 331—371;

Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.

т. 10, с. 160

МАРЫ́Я ТЭРЭ́ЗІЯ (Maria Theresia; 13.5.1717, Вена — 29.11.1780),

эрцгерцагіня Аўстрыі, каралева Чэхіі і Венгрыі (з 1740), імператрыца «Свяшчэннай Рым. імперыі» (з 1745). З дынастыі Габсбургаў. Дачка імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла VI (правіў у 1711—40). Атрымала ў спадчыну аўстр. прастол пасля смерці бацькі паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (у 1740—48 спадчыннае права М.Т. аспрэчвалі еўрап. манархіі ў ходзе вайны за аўстрыйскую спадчыну). Да 1765 яе суправіцелем быў муж (з 1736) герцаг Франц Стэфан Латарынгскі (з 1745 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Франц I), з 1765 — старэйшы сын Іосіф II. У час праўлення М.Т. Аўстрыя ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63 і 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772), завалодала Букавінай (1775); ва ўнутр. палітыцы цэнтралізавала дзярж. кіраванне, садзейнічала развіццю прам-сці і гандлю, прытрымлівалася асветнага абсалютызму, у т. л. заснавала нар. школьніцтва ў Аўстрыі (1774), абмежавала паншчыну ў Чэхіі (1775), адмяніла катаванні (1776).

Помнік у Вене (канец 19 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 160

МАРЫ́Я ЦІО́ДАР (Mary Tudor),

Марыя I (18.2.1516, Лондан — 17.11.1558), англійская каралева [1553—58], Дачка Генрыха VIII (гл. Генрых, англ. каралі) і Кацярыны Арагонскай. На прастоле пасля смерці Эдуарда VI. Аднавіла каталіцызм (1554), жорстка праследавала прыхільнікаў Рэфармацыі, шмат якія з іх былі пакараны смерцю (адсюль яе мянушка Марыя Крывавая). Зблізілася з папствам і каталіцкай Іспаніяй. З 1554 жонка наследніка ісп. прастола Філіпа (з 1556 кароль Філіп II). У саюзе з Іспаніяй вяла вайну супраць Францыі (1557—59), якая скончылася стратай Англіяй апошняга порта на кантыненце — Кале.

т. 10, с. 160