Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАТАНЕ́МА (ад прата... + грэч. nēma нітка),

прадростак, мікраскапічнае ніткаватае або пласціністае ўтварэнне ў водарасцей і мохападобных. Утвараецца са споры або ў выніку рэгенерацыі клетак гаметафіту ці спарафіту. Дае пачатак аднаму або некалькім макраскапічным слаявінам.

т. 13, с. 23

ПРАТАПЛА́ЗМА (ад прата... + плазма),

змесціва жывой клеткі — яе цытаплазма і ядро. З’яўляецца мнагафазным калоідам, дзе дысперснае асяроддзе — вада, а асн. дысперсная фаза — бялкі і ліпіды. У жывёл, раслін, мікробных клетак і аднаклетачных арганізмаў фіз. ўласцівасці, хім. састаў, структурна-марфал. асаблівасці П. маюць шмат агульнага, што служыць адным з доказаў адзінства жывой прыроды. Часам тэрмінам «П.» няправільна наз. пазаядзерную ч. клеткі — цытаплазму.

т. 13, с. 23

ПРАТАПЛА́СТ (ад прата + грэч. plastos вылеплены, утвораны),

у раслін — поўнасцю пазбаўленая клетачнай сценкі клетка, якая мае клетачную мембрану, што абмяжоўвае цытаплазму, ядро і інш. арганоіды. У клетачнай інжынерыі П. атрымліваюць штучна для кланіравання і рэгенерацыі з іх цэлых раслін (зліццё П., якія належаць розным відам). У мікраарганізм а ў П. ўтвараюцца ў выніку мутацый, аўталітычных працэсаў, уздзеяння некат. антыбіётыкаў і інш. агентаў. У форме П. існуюць мікаплазмы і L-формы бактэрый.

т. 13, с. 23

ПРАТАПО́ПАЎ (Алег Георгіевіч) (н. 3.10.1938, Краснаярскі край, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Канд. тэхн. н. (1986). Скончыў Томскі ун-т (1960). З 1973 у Мінскім НДІ сродкаў аўтаматызацыі. З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па апрацоўцы відарысаў, лічбавых картаграфічных сістэмах. Распрацаваў метады, алгарытмы, сродкі стварэння і кантролю лічбавых карт мясцовасці і аўтаматызаваных комплексаў для іх вытв-сці; адаптыўныя метады павышэння імавернасці перадачы тэлекодавай інфармацыі па каналах сувязі. Дзярж. прэмія СССР 1985.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 23

ПРАТА́САЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 25.6.1933, с. Пералазы Краснагорскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне земляробства і аховы раслін. Д-р с.-г. н., праф. (1987). Скончыў БСГА (1957). З 1964 працуе ў ёй (з 1973 заг. кафедры). Навук. працы па ахове с.-г. раслін ад шкоднікаў і хвароб, мерах барацьбы з пустазеллем, аграбіял. асновах выкарыстання фунгіцыдаў і гербіцыдаў у інтэнсіўным земляробстве, севазваротах.

Тв.:

Гербициды в интенсивном земледелии. Мн., 1988;

Агробиоэкологические основы применения фунгицидов в интенсивном земледелии. Мн., 1992.

т. 13, с. 23

ПРАТАСЕ́ВІЧ (Пратасевіч-Шушкоўскі) Валяр’ян

(каля 1509, б. маёнтак Шушкова каля в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 31.12.1579),

дзяржаўны і рэліг. каталіцкі дзеяч ВКЛ. У 1532—44 пісар велікакняжацкай канцылярыі, з 1533 адначасова на духоўных пасадах. З 1544 пісар ВКЛ і сакратар вял. кн. Жыгімонта II Аўгуста. У 1549 прызначаны біскупам луцкім (пасвячоны ў 1554). З 1555 біскуп віленскі (афіцыйна з 1556). Супрацьстаяў націску Рэфармацыі ў час яе найб. ўздыму, але ў барацьбе з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Паставіў свой подпіс пад Віленскім прывілеем 1563. Быў прыхільнікам аб’яднання ВКЛ з Польшчай на прынцыпах федэрацыі, а не інкарпарацыі. Люблінскую унію 1569 ад імя П. падпісаў яго прадстаўнік А.​Р.​Мялескі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў 1570 Віленскага езуіцкага калегіума (пазней Віленская акадэмія, Віленскі універсітэт).

т. 13, с. 23

ПРАТАСЕ́НЯ (Віктар Сазонавіч) ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.​К.​Макарэвіч (1960), А.​М.​Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.​З.​Харужай (1965), М.​П.​Шмырова (1978), Р.​Н.​Мачульскага (1979), М.​А.​Кедышкі (1984), В.​А.​Тумара (1985), доктара мед. навук Л.​С.​Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.​І.​Селіханава (1982), П.​В.​Масленікава (1988), Я.​А.​Зайцава (1994), В.​А.​Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.​А.​Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Пратасеня. Калгасныя даяркі. 1982.

т. 13, с. 24

ПРАТАСЕ́НЯ (Іван Міхайлавіч) (н. 1.2.1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак-акварэліст. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1957), Маскоўскі паліграф. ін-т (1965).

З 1958 працаваў у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у выд-вах «Ураджай», «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1985—2000 у час. «Работніца і сялянка». Творы вылучаюцца дакладнасцю малюнка, тонкім пачуццём колеру, змястоўнай і эмац. напоўненасцю. Аўтар пейзажаў «Лагойшчына» (1969), «Навальніца над Нараччу» (1972), «Стары Браслаў» (1976), «Восень у Вязынцы» (1980), «Вечны кліч. Адвечнае» (1982), «Вячэрні звон» (1998) і інш. Сярод тэматычных карцін: «Мелодыя роднага краю» (1969), «Случчына мая, мае бацькі» (1971), «Маці. Прысвячаецца Н.​Ф.​Купрыянавай і яе сынам» (1975), «Вяселле ў Падгор’і» (1978), «Набат 1863 г. К.​Каліноўскі і Марыся» (1989), «Трывожныя сны ветэрана» (1995); трыпціх «Балада» (памяці А.​Міцкевіча; 1998); партрэтаў П.​Броўкі і «Думы Цёткі (Алаіза Пашкевіч)» (1976), «Кірыла Тураўскі» (1979), «Развітанне ў Ляўках Я.​Коласа і Я.​Купалы» (1982), «Кветкі Радзімы. Францыск Скарына» (1988), «Асветніца Ефрасіння Полацкая» (1990), «Партрэт бацькі» (1999). Аўтар серый помнікаў стараж. архітэктуры Беларусі (1979—81), «Акорды роднай мелодыі» (2000), малюнкаў.

І.Пратасеня. Партрэт бацькі. 1999.

т. 13, с. 24

ПРАТАСЕ́НЯ (Пётр Фёдаравіч) (25.8.1910, в. Баславічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1987),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1961), праф. (1962). Скончыў БДУ (1931). У 1944—47 нам. дырэктара Мінскага пед. ін-та, з 1948 заг. кафедры Рэсп. парт. школы пры ЦК КП(б)Б. З 1950 у БДУ, з 1962 у БПІ (заг. кафедры). З 1975 на кафедры філасофіі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях дыялект. матэрыялізму і філас. праблемах прыродазнаўства.

Тв.:

Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Проблемы общения и мышления первобытных людей. Мн., 1961;

Человек и его сознание // Беседы о природе и обществе. 2 изд. Мн., 1971.

т. 13, с. 24

ПРАТАСЕ́НЯ (Ціт Пятровіч) (7.9.1902, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 13.11.1965),

расійскі вучоны ў галіне паталаг. фізіялогіі. Д-р вет. н., праф. (1940). Засл. дз. нав. РСФСР (1965). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1928). З 1939 у Данскім с.-г. ін-це (да 1948 дырэктар, да 1965 заг. кафедры). Навук. працы па страваванні, абмене рэчываў, водным рэжыме, мерах барацьбы з лейкозамі буйн. раг. жывёлы. Стваральнік і кіраўнік праблемнай лабараторыі па вывучэнні лейкозаў.

Тв.:

Патологическая физиология и патологическая анатомия. 5 изд. М., 1956 (разам з П В.​Мараевым);

Патологическая физиология и патологическая анатомия животных. М., 1961.

Ф.​І.​Ігнатовіч.

т. 13, с. 24