ПРАТАСЕ́НЯ (Віктар Сазонавіч) ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.К.Макарэвіч (1960), А.М.Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.З.Харужай (1965), М.П.Шмырова (1978), Р.Н.Мачульскага (1979), М.А.Кедышкі (1984), В.А.Тумара (1985), доктара мед. навук Л.С.Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.І.Селіханава (1982), П.В.Масленікава (1988), Я.А.Зайцава (1994), В.А.Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.А.Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.