ПРАТАСЕ́НЯ (Іван Міхайлавіч) (н. 1.2.1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак-акварэліст. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1957), Маскоўскі паліграф.ін-т (1965).
З 1958 працаваў у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у выд-вах «Ураджай», «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1985—2000 у час. «Работніца і сялянка». Творы вылучаюцца дакладнасцю малюнка, тонкім пачуццём колеру, змястоўнай і эмац. напоўненасцю. Аўтар пейзажаў «Лагойшчына» (1969), «Навальніца над Нараччу» (1972), «Стары Браслаў» (1976), «Восень у Вязынцы» (1980), «Вечны кліч. Адвечнае» (1982), «Вячэрні звон» (1998) і інш. Сярод тэматычных карцін: «Мелодыя роднага краю» (1969), «Случчына мая, мае бацькі» (1971), «Маці. Прысвячаецца Н.Ф.Купрыянавай і яе сынам» (1975), «Вяселле ў Падгор’і» (1978), «Набат 1863 г. К.Каліноўскі і Марыся» (1989), «Трывожныя сны ветэрана» (1995); трыпціх «Балада» (памяці А.Міцкевіча; 1998); партрэтаў П.Броўкі і «Думы Цёткі (Алаіза Пашкевіч)» (1976), «Кірыла Тураўскі» (1979), «Развітанне ў Ляўках Я.Коласа і Я.Купалы» (1982), «Кветкі Радзімы. Францыск Скарына» (1988), «Асветніца Ефрасіння Полацкая» (1990), «Партрэт бацькі» (1999). Аўтар серый помнікаў стараж. архітэктуры Беларусі (1979—81), «Акорды роднай мелодыі» (2000), малюнкаў.