ПРАТАСЕ́ВІЧ (Пратасевіч-Шушкоўскі) Валяр’ян
(каля 1509, б. маёнтак Шушкова каля в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 31.12.1579),
дзяржаўны і рэліг. каталіцкі дзеяч ВКЛ. У 1532—44 пісар велікакняжацкай канцылярыі, з 1533 адначасова на духоўных пасадах. З 1544 пісар ВКЛ і сакратар вял. кн. Жыгімонта II Аўгуста. У 1549 прызначаны біскупам луцкім (пасвячоны ў 1554). З 1555 біскуп віленскі (афіцыйна з 1556). Супрацьстаяў націску Рэфармацыі ў час яе найб. ўздыму, але ў барацьбе з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Паставіў свой подпіс пад Віленскім прывілеем 1563. Быў прыхільнікам аб’яднання ВКЛ з Польшчай на прынцыпах федэрацыі, а не інкарпарацыі. Люблінскую унію 1569 ад імя П. падпісаў яго прадстаўнік А.Р.Мялескі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў 1570 Віленскага езуіцкага калегіума (пазней Віленская акадэмія, Віленскі універсітэт).
т. 13, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)