Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ПРАМЯНІ́СТЫЯ», Таварыства сяброў карыснай забавы,

легальная патрыятычная арг-цыя студэнтаў Віленскага ун-та ў крас.чэрв. 1820. Засн. Т.Занам (Архіпрамяністы, Архі). Аб’ядноўвала моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы. Кіраўніцтва ажыццяўлялі філаматы. Структура арг-цыі распрацавана А.Петрашкевічам. Статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належаць Таварыству сяброў карыснай забавы» складзены Ю.​Яжоўскім і зацверджаны 3.6.1820 рэктарам ун-та Ш.​Малеўскім. Паводле статута мэтай П. было далучэнне моладзі да навукі, добрыя паводзіны, падтрымка роднай мовы, л-ры, гісторыі і г.д. Колькасць П. дасягала 200—300 чал. (каля 33% віленскіх студэнтаў). Хуткі рост колькасці П. выклікаў у кансерватыўных колах рэакц. часткі прафесуры ун-та і святароў нараканні, якія прывялі да забароны т-ва. Пасля першага следства па справе П. у 1822 быў вынесены вердыкт, што гэта не тайнае т-ва, а дазволенае рэктарам.

В.​В.​Швед.

т. 13, с. 12

ПРАМЯНІ́СТЫ ПАТО́К,

тое, што паток выпрамянення.

т. 13, с. 12

ПРАМЯРЗА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

працэс ахаладжэння глебы да тэмпературы ніжэй 0 °C, які суправаджаецца пераходам ч. глебавай вільгаці ў лёд і выклікае зацвярдзенне глебы. Залежыць ад т-ры паветра, часу ўстанаўлення і магутнасці снегавога покрыва, характару рэльефу, тыпу глеб і іх вільготнасці, наяўнасці або адсутнасці расліннага покрыва і інш. прыродных (часам — антрапагенных) фактараў. Глыб. П.г. ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў і ўзрастае да канца зімы. П.г. пашырана ў арктычным, антарктычным, субарктычным і значнай ч. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я, а таксама ў многіх горных краінах. Працягласць П.г. ўзрастае ад 2—3 месяцаў у паўд. ч. ўмеранага пояса да 9—10 месяцаў і больш у арктычным і антарктычным поясе. На Беларусі ўстойлівае П.г. на ПнУ пачынаецца ў канцы ліст., на Пд і ПдЗ у 1-й пал. снежня. Самая вял, глыб. прамярзання на ПнУ і У (50—80 см), найменшая на ПдЗ (каля 40 см), дзе амаль пал. зімы глеба ўстойліва не замярзае.

т. 13, с. 12

ПРА́НА (санскр. дыханне),

у індыйскай метафізіцы і ідэалістычных сістэмах абазначае тонкую энергію Сусвету, крыніцу ўсіх сіл, руху і нават мыслення. У шэрагу выпадкаў атаясамліваецца з паняццямі «пракрыці» (пачатковая сіла) і «атман» — (душа). Адначасова П. мае і касм. значэнне, блізкае да паняцця «сусветная душа», злучыцца з якой імкнецца П. індывіда. На практыцы П. звычайна абазначае энергію дыхання. Ёгі сцвярджаюць, што акрамя П. дыхання ў чалавечым арганізме (і ў Сусвеце) існуюць яшчэ 4 тонкія энергіі: апана — токі, якія вядуць уніз, да выхаду з кішэчніка; в’яна — токі, што размеркаваліся па целе паміж пранай і апанай, удана — токі, накіраваныя ўверх, канцэнтруюцца ў горле, самана — токі, што збіраюцца каля пупка і садзейнічаюць страваванню.

т. 13, с. 12

ПРАНДТЛЬ ((Prandtl) Людвіг) (4.2.1875, г. Фрайзінг, Германія — 15.8.1953),

нямецкі вучоны ў галіне механікі, адзін са стваральнікаў эксперым. аэрадынамікі. Скончыў вышэйшае політэхн. вучылішча ў Мюнхене (1899). З 1904 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1925—47 дырэктар Ін-та гідрааэрадынамікі (г. Гётынген). Навук. працы па тэорыі пругкасці і пластычнасці, гідрааэрамеханіцы, газавай дынаміцы, дынамічнай метэаралогіі. Увёў уяўленне аб пагранічным слоі і адрыўным цячэнні пры абцяканні цел. Выканаў фундаментальныя даследаванні турбулентнага цячэння ў трубах, турбулентнасці свабоднай атмасферы і звышгукавога выцякання газаў, увёў крытэрый падобнасці пры цеплаперадачы (лік П.) у рухомых патоках вадкасцей і газаў.

Тв.:

Рус. пер. — Гидроаэромеханика. 2 изд. М., 1951.

Літ.:

Лойцянский Л.Г. Механика жидкости и газа. 5 изд. М., 1978.

т. 13, с. 12

ПРА́НІК,

у беларусаў пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім пры мыцці перылі (пралі) бялізну, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён, проса. Вядомы з 11—12 ст.

Пранік.

т. 13, с. 13

ПРА́НІШНІКАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (6.11.1865, г. Кяхта Іркуцкай вобл., Расія — 30.4.1948),

расійскі вучоны ў галіне аграхіміі, фізіялогіі раслін і раслінаводства, заснавальнік расійскай школы аграхімікаў. Акад. АН СССР (1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Герой Сац. Працы (1945). Вучань К.А.Ціміразева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). З 1895 працаваў у ёй (заг. кафедры), адначасова ў 1891—1931 у Маскоўскім ун-це і н.-д. ін-тах. Навук. працы па жыўленні раслін і выкарыстанні мінер. угнаенняў. Заснаваў сучаснае вучэнне аб азоцістым абмене расліннага арганізма, вызначыў ролю аспарагіну ў расліне, паказаў сінтэз яго з аміяку. Прапанаваў спосабы вывучэння жыўлення раслін, спосабы і прыёмы аналізу глеб і раслін. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1926. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Дз.М.Пранішнікаў.

т. 13, с. 13

ПРА́НІШНІКАЎ (Іларыён Міхайлавіч) (1.4.1840, с. Цімашова Калужскай вобл., Расія — 24.3.1894),

рускі мастак-жанрыст. Правадз. чл. Пецярб. АМ (1893). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1856—66), у 1873—94 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Творчасці ўласцівы выкрывальныя тэндэнцыі, трапнасць сац. характарыстык: «Жартаўнікі. Гасціны двор у Маскве» (1865), «Паражнякі» (1872), «Спасаў дзень на Поўначы» (1887). Аўтар карціны «У 1812 годзе», якая раскрывае нар. характар вайны 1812. Пісаў таксама лірычныя паляўнічыя сцэны. Сярод вучняў В.Бялыніцкі-Біруля, С.Іванаў, С.Каровін.

Літ.:

Горина Т.Н. И.​М.​Прянишников. М., 1958.

І.Пранішнікаў. Паражнякі. 1872.

т. 13, с. 13

ПРАНУ́ЗА (Паўлюк) (Павел Кузьміч; н. 18.3.1918, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1941). У 1945—78 настаўнічаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. Друкуецца з 1936. У зб. «Разгневаная зямля» (1946) біяграфія франтавога пакалення пазначана асабістай выверанасцю, суаднесена з уласным лёсам. Стваральная праца народа, вернасць грамадз. абавязку, трываласць маральна-этычных ідэалаў, гісторыя і сучаснасць адлюстраваны ў зб-ках «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954), «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (1978), «Сустрэчы» (1983), «Рукі салдата» (1990), «Памяць, памяць...» (1994). Піша для дзяцей (зб-кі «Добры дожджык», 1960; «Дзе вясны пачатак» 1965; «Вясновыя тэлеграмы», 1976; «Фарбы восені», 1982; «Звініць ручаёк», 1988). Перакладае з рус., укр., польск. і інш. моў.

Тв.:

Родныя мясціны. Мн., 1968;

Мой аўтограф. Мн., 1988.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 13, с. 13

ПРАНЧА́К (Леанід Іванавіч) (н. 12.11.1958, в. Пранчакі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і публіцыст. Скончыў БДУ (1981), Мінскі лінгвістычны ун-т (1999). Працаваў на радыё і тэлебачанні, у друку, у тэатры. Друкуецца з 1972. Паэзія П. (зб-кі «Першапутак», «Ясак любові», абодва 1988; «Вольны птах», «Біблія для каханай», абодва 1998) вызначаецца любоўю да Бацькаўшчыны, перажываннямі за сучасны складаны час, прасякнута адкрытасцю, шчырым замілаваннем жыццём, жаночай прыгажосцю. У кн. «Беларуская Амерыка» (1994) праз інтэрв’ю з грамадз. дзеячамі, пісьменнікамі, музыкантамі, бізнесменамі, рабочымі і інш. расказаў пра Беларусь і беларусаў у свеце, бел. замежжа. Піша для дзяцей (зб-кі «Дзяўчынка-беларуска», 1993; «Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю», 1999; «Цар-царэвіч з Івацэвіч», 2000). Многія вершы П. пакладзены на музыку. Аўтар лібрэта рок-опер «Максім» (паводле М.​Багдановіча), «Беларушчына» (паводле Я.​Купалы). Выдаў аўдыёальбомы песень «Талака» (1998), «Пяшчота», «Цік-так, ходзікі» (абодва 1999), «Між Нью-Ёркам і Менскам» (2000), кампакт-дыск «Галоўныя словы» (1998).

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 13