ПРА́НА (санскр. дыханне),

у індыйскай метафізіцы і ідэалістычных сістэмах абазначае тонкую энергію Сусвету, крыніцу ўсіх сіл, руху і нават мыслення. У шэрагу выпадкаў атаясамліваецца з паняццямі «пракрыці» (пачатковая сіла) і «атман» — (душа). Адначасова П. мае і касм. значэнне, блізкае да паняцця «сусветная душа», злучыцца з якой імкнецца П. індывіда. На практыцы П. звычайна абазначае энергію дыхання. Ёгі сцвярджаюць, што акрамя П. дыхання ў чалавечым арганізме (і ў Сусвеце) існуюць яшчэ 4 тонкія энергіі: апана — токі, якія вядуць уніз, да выхаду з кішэчніка; в’яна — токі, што размеркаваліся па целе паміж пранай і апанай, удана — токі, накіраваныя ўверх, канцэнтруюцца ў горле, самана — токі, што збіраюцца каля пупка і садзейнічаюць страваванню.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)