«ПРАМЯНІ́СТЫЯ», Таварыства сяброў карыснай забавы,
легальная патрыятычная арг-цыя студэнтаў Віленскага ун-та ў крас.—чэрв. 1820. Засн. Т.Занам (Архіпрамяністы, Архі). Аб’ядноўвала моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы. Кіраўніцтва ажыццяўлялі філаматы. Структура арг-цыі распрацавана А.Петрашкевічам. Статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належаць Таварыству сяброў карыснай забавы» складзены Ю.Яжоўскім і зацверджаны 3.6.1820 рэктарам ун-та Ш.Малеўскім. Паводле статута мэтай П. было далучэнне моладзі да навукі, добрыя паводзіны, падтрымка роднай мовы, л-ры, гісторыі і г.д. Колькасць П. дасягала 200—300 чал. (каля 33% віленскіх студэнтаў). Хуткі рост колькасці П. выклікаў у кансерватыўных колах рэакц. часткі прафесуры ун-та і святароў нараканні, якія прывялі да забароны т-ва. Пасля першага следства па справе П. у 1822 быў вынесены вердыкт, што гэта не тайнае т-ва, а дазволенае рэктарам.
В.В.Швед.
т. 13, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)