ПРАНЧА́К (Леанід Іванавіч) (н. 12.11.1958, в. Пранчакі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт і публіцыст. Скончыў БДУ (1981), Мінскі лінгвістычны ун-т (1999). Працаваў на радыё і тэлебачанні, у друку, у тэатры. Друкуецца з 1972. Паэзія П. (зб-кі «Першапутак», «Ясак любові», абодва 1988; «Вольны птах», «Біблія для каханай», абодва 1998) вызначаецца любоўю да Бацькаўшчыны, перажываннямі за сучасны складаны час, прасякнута адкрытасцю, шчырым замілаваннем жыццём, жаночай прыгажосцю. У кн. «Беларуская Амерыка» (1994) праз інтэрв’ю з грамадз. дзеячамі, пісьменнікамі, музыкантамі, бізнесменамі, рабочымі і інш. расказаў пра Беларусь і беларусаў у свеце, бел. замежжа. Піша для дзяцей (зб-кі «Дзяўчынка-беларуска», 1993; «Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю», 1999; «Цар-царэвіч з Івацэвіч», 2000). Многія вершы П. пакладзены на музыку. Аўтар лібрэта рок-опер «Максім» (паводле М.Багдановіча), «Беларушчына» (паводле Я.Купалы). Выдаў аўдыёальбомы песень «Талака» (1998), «Пяшчота», «Цік-так, ходзікі» (абодва 1999), «Між Нью-Ёркам і Менскам» (2000), кампакт-дыск «Галоўныя словы» (1998).
І.У.Саламевіч.
т. 13, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)