Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІРАКУ́ЗЫ (Syrakusai),

старажытнагрэчаскі поліс на ПдУ в-ва Сіцылія. Засн. каля 734 да н.э. выхадцамі з Карынфа. У 7—6 ст. да н.э. жыхары С. заснавалі шэраг калоній у Сіцыліі: Акра, Камарына, Касмена, магчыма, Эна. У пач. 5 ст. да н.э. гарадскі дэмас перамог гамораў (буйных землеўладальнікаў), якія звярнуліся па дапамогу да тырана Гелона, які ў 485 да н.э. захапіў уладу ў С. і ўсталяваў сваю тыранію. Пры яго пераемніку Пероне I [478—467 да н.э.] С. ўключалі значную частку вострава і ператварыліся ў самую магутную дзяржаву ў Міжземнамор’і. Пасля смерці Гіерона 1 дзяржава распалася, у С. усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. У 415—413 да н.э. С. адбілі спробы афінян заваяваць востраў. У 406 да н.э. ўладу ў С. захапіў тыран Дыянісій 1, пры якім С. адбілі агрэсію карфагенян і падпарадкавалі амаль усю Сіцылію. Пасля яго смерці націск Карфагена ўзмацніўся. У канцы 4 ст. да н.э. ў час праўлення Агафокла карфагеняне выгнаны з вострава. У перыяд 1-й і 2-й Пунічных войнаў С. былі на баку Рыма, потым перайшлі на бок Карфагена. С. — родны горад Архімеда, які кіраваў яго абаронай. У 212 да н.э. пасля 2-гадовай асады захоплены, разрабаваны рымлянамі і страцілі б. магутнасць. У рым. эпоху С. — месца знаходжання намеснікаў сіцылійскай правінцыі. З 535 н.э. належалі Візантыі. На месцы стараж. С. пабудаваны сучасны г. Сіракуза (Італія).

т. 14, с. 412

СІ́РАК’ЮС, Сіракузы (Syracuse),

горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў 1786, горад з 1847. 152,2 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 700 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на канале Эры (злучае Вялікія азёры з Атлантычным ак.). Аэрапорт. Прам-сць: чорная (высакаякасныя сталі і сплавы) і каляровая (пракат і ліццё алюмінію) металургія, эл.-тэхн., радыёэлектронная, аўтамаб., па вытв-сці цеплавога і інш. прамысл. абсталявання, хім. (шчолачы, хлор, фармацэўтычныя прэпараты), харчасмакавая, у т. л. лікёра-гарэлачная. Ун-т.

т. 14, с. 413

СІ́РАНАВЫЯ, сіраны (Sirenidae),

сямейства хвастатых земнаводных [па інш. сістэме падатр. (Sirenoidea або Meantes) атр. трахістомавых (Trachystomata)]. 2 роды, 3 віды сіран: вялікі (Siren lacertina), карлікавы (S. intermedia) і паласаты гразевы (Pseudobranchus striatus). Пашыраны ў паўд.-ўсх. ч. Паўн. Амерыкі. Жывуць у азёрах, балотах, зарослых вадаёмах.

Даўж. 15—90 см. Цела доўгае, валлекаватае, з веслападобным хвастом. Маюць толькі пярэднія недаразвітыя канечнасці з 4 або 3 пальцамі. Дыхаюць вонкавымі перыстымі жабрамі і лёгкімі. Вугрападобнымі рухамі яны могуць усвідроўвацца ў глей або ў вільготны грунт. С. уласціва неатэнія. Кормяцца дробнымі рыбамі, беспазваночнымі і земнаводнымі.

т. 14, с. 413

СІРАНО́ ДЭ БЕРЖЭРА́К ((Cyrano de Bergerac) Жан Савіньен) (6.3.1619, Парыж — 28.7.1655),

французскі пісьменнік. Вучыўся ў Калеж дэ Бавэ пры Парыжскім ун-це (1631—37). Служыў у каралеўскай гвардыі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 1-га этапу Фронды. Аўтар камедыі «Асмеяны педант», трагедыі «Смерць Агрыпіны» (надрук. у 1654), санетаў, рандо, памфлетаў, у т. л. вершаванага памфлета «Мазарынада» («Міністр дзяржавы пагарэлай...»), які выкрываў палітыку кардынала Мазарыні і працягваў бурлескную традыцыю П.​Скарона. Славу С. дэ Б. прынеслі філас. і навук.-фантаст. раманы і адначасова памфлеты «Іншы свет, або Дзяржавы і імперыі Месяца» (надрук. 1657, поўнасцю 1910) і «Дзяржавы і імперыі Сонца» (незавершаны, надрук. 1662), напісаныя ў манеры, блізкай да ісп. кансептызму, традыцыі шахрайскага рамана, у якіх даў вострую сатыр. карціну жыцця чалавецтва, стварыў інтэлектуальную утопію неабмежаванасці мыслення, свабоды сумлення, свету без войнаў і рэліг. фанатызму. Да рамант. вобраза С. дэ Б. — узнёслага і адначасова скептычнага паэта, высакароднага ў каханні, чалавека, які адмыслова валодае зброяй шпагі і вострага жарту, звярнуўся ў аднайм. камедыі Э.​Растан (1898).

Тв.:

Рус. пер. — Иной свет, или Государства и империи Луны // Утопический роман XVI—XVII вв. М., 1971.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 413

СІРАТА́ (Мікалай Васілевіч) (н. 17.6.1941, в. Драмайлаўка Кулікоўскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. баяніст, дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1986). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1965 артыст Дзярж. нар. аркестра Беларусі. З 1969 выкладчык Гомельскага муз. вучылішча. У 1974—97 муз. кіраўнік Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Цітовіча. З 1992 выкладчык Мінскага пед. ун-та, кіраўнік створанага ім студэнцкага фалькл. ансамбля «Ярыца» і мужчынскага фалькл. ансамбля «Вячоркі». Аўтар харавых, вак. і інстр. апрацовак бел. нар. песень і мелодый; вак.-харэагр. кампазіцый «Беларускія веснавыя гульні, абрады і карагоды», «Вяночак жніўных песень», «Зімовыя абрады і гульні», «Песні роднага краю» на сл. Я.​Купалы, «Беларусь — мая песня» (з І.​Кузняцовым), хораў на нар. тэксты, песень на словы У.​Карызны, А.​Куляшова і інш.

Л.​С.​Мітаковіч.

т. 14, с. 413

СІРАТА́ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 2.11.1913, С.-Пецярбург),

бел. фізік. Акад. Нац. АН Беларусі (1956), д-р фіз.-матэм. н. (1951), праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1936). У 1941—54 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН СССР, адначасова ў маскоўскіх ун-це (1945—56) і ін-це каляровых металаў і золата (з 1951). З 1957 заг. Аддзела фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у 1963—74 дырэктар Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (у 1967—75 заг. лабараторыі). Адначасова заг. кафедры ў БДУ (1957—62) і Мінскім пед. ін-це (1963—75). У 1979—88 у маскоўскіх ін-це каляровых металаў і золата і дзярж. ун-це прыродаўладкавання. Навук. працы па тэрмадынаміцы, статыст. фізіцы, фіз. хіміі, фізіцы цвёрдага цела, фізіцы паўправаднікоў і дыэлектрыкаў, магн. з’яў і нізкіх тэмператур. Распрацаваў асновы тэорыі фазавых ператварэнняў, тэорыю ўтварэння метастабільных фаз у адна- і шматкампанентных сістэмах і полімарфізму простых злучэнняў, методыкі вызначэння фанонных спектраў крышталёў па рассеянні халодных нейтронаў. Даследаваў уплыў магн. і эл. палёў на кінетыку крышталізацыі і фазавых пераходаў, хім. сувязь і размеркаванне электроннай шчыльнасці ў крышталях, тэрмадынамічныя ўласцівасці шэрагу паўправадніковых злучэнняў. Прапанаваў арыгінальны спосаб атрымання блокаў кубічнага нітрыду бору.

Тв.:

Термодинамика и статистическая физика. Мн., 1969;

Физико-химическая природа фаз переменного состава. Мн., 1970;

Химическая связь и сверхпроводящие свойства соединений // Химическая связь в кристаллах и их физические свойства. Мн., 1976. Т. 2.

Літ.:

Н.​Н.​Сирота: Библиогр. указ. науч. тр. Мн., 1998.

М.М.Сірата.

т. 14, с. 413

Сірацінін Яўген Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 457

СІРО́КА (італьян. scirocco ад араб. шарк — усход),

моцны гарачы, сухі і пыльны вецер паўд. румбаў у Міжземнамор’і, які дзьме з боку пустынь Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Над краінамі Афрыкі і Б. Усходу нясе шмат пяску і пылу, на шляху праз Міжземнае м. насычаецца вільгаццю, аднак аказвае высушальны ўплыў на расліннасць узбярэжных раёнаў Францыі, краін Апенінскага і Балканскага п-воў. Часцей назіраецца вясной, дзьме 2—3 дні, павышае т-ру паветра да 35 °C; на падветраных схілах гор часам набывае характар фёну.

т. 14, с. 413

СІРО́НЫ (Sirenia),

атрад млекакормячых. 3 сям., 3 роды, 5 відаў. Вядомы з эацэну. Продкамі, верагодна, былі наземныя звяры, блізкія да хобатных, даманаў і капытных. Пашыраны ў прыбярэжных водах мораў і ў буйных рэках трапічнай ч. Сусв. ак. Актыўныя пераважна ўначы. Усе віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 2,5—5,8 м (у вымерлай марской каровы да 10 м). Маса да 650 кг, марской каровы да 4 т. Цела масіўнае, верацёнападобнае. Шыя кароткая і тоўстая, рухомая. Хваставы плаўнік гарызантальны. Пярэднія канечнасці ў выглядзе ластаў, рухомых у плечавым і локцевым суставах. Расліннаедныя. Нараджаюць 1 (радзей 2) дзіцяня. Іл. гл. да арт. Дзюгонь, Ламанціны, Марская карова.

т. 14, с. 418

СІРО́ТКІН (Юрый Дзмітрыевіч) (14.5.1926, г. Каган Бухарскай вобл., Узбекістан — 29.10.1998),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Канд. с.-г. н. (1958), праф. (1982). Засл. лесавод Беларусі (1980). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1950). З 1957 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па пытаннях штучнага лесааднаўлення і павышэння прадукцыйнасці лясоў на аснове сучаснага лесазнаўства і лясной інтрадукцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Плоды и семена лиственных древесных растений. Мн., 1967 (разам з М.​Дз.​Несцяровічам, Н.​І.​Чакалінскай);

Лесные культуры в фитоценотическом аспекте // Ботаника: (Исслед.). Мн., 1980. Вып. 22;

Лесные культуры. Мн., 1989 (разам з А.​М.​Праходскім).

т. 14, с. 413