СІРО́НЫ (Sirenia),

атрад млекакормячых. 3 сям., 3 роды, 5 відаў. Вядомы з эацэну. Продкамі, верагодна, былі наземныя звяры, блізкія да хобатных, даманаў і капытных. Пашыраны ў прыбярэжных водах мораў і ў буйных рэках трапічнай ч. Сусв. ак. Актыўныя пераважна ўначы. Усе віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 2,5—5,8 м (у вымерлай марской каровы да 10 м). Маса да 650 кг, марской каровы да 4 т. Цела масіўнае, верацёнападобнае. Шыя кароткая і тоўстая, рухомая. Хваставы плаўнік гарызантальны. Пярэднія канечнасці ў выглядзе ластаў, рухомых у плечавым і локцевым суставах. Расліннаедныя. Нараджаюць 1 (радзей 2) дзіцяня. Іл. гл. да арт. Дзюгонь, Ламанціны, Марская карова.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)