ДЭ СА́НТЫС ((De Santis) Джузепе) (н. 11.2.1917, г. Фонды, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Рымскі ун-т (1939), вучыўся ў Рымскім кінацэнтры. У яго творчасці неарэалістычныя тэндэнцыі сац. драм «Трагічнае паляванне» (1947), «Горкі рыс» (1949), «Няма міру пад алівамі» (1950) па-мастацку пераканаўча раскрыліся ў фільме «Рым, 11 гадзін» (1952). Сярод інш. фільмаў: «Дайце мужа Ганне Дзакеа» (1953, у пракаце «Страчаныя мроі»), «Яны ішлі на Усход» (1964, сав.-італьян.), «Цэнны спецыяліст з забяспечанай будучыняй» (1972). У лепшых фільмах страснасць, рамантычная прыўзнятасць спалучаюцца з каларытнымі замалёўкамі нар. жыцця.
т. 6, с. 357
ДЭ СІ́КА ((De Sica) Віторыо) (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),
італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.
т. 6, с. 358
ДЭ ФІЛІ́ПА (De Filippo; сапр. Пасарэлі; Passarelli) Эдуарда
(24.5.1900, г. Неапаль, Італія — 1.11.1984),
італьянскі драматург, акцёр, рэжысёр т-ра і кіно. З сям’і акцёраў, дэбютаваў на сцэне ў 11 гадоў. У 1931—73 кіраўнік і акцёр створанай ім у Неапалі трупы «Камічны т-р Дэ Філіпа». Аўтар п’ес «Філумена Мартурана» (1946; у 1964 паводле яе В.Дэ Сіка зняў фільм «Шлюб па-італьянску»), «Мана на доўгіх нагах» (1948), «Мая сям’я» (1955), «Субота, нядзеля, панядзелак» (1960), «Мэр раёна Саніта» (1961) і інш. У кіно з 1932 выступаў як акцёр (у камедыях, пастаўленых па сваіх сцэнарыях), з 1939 — як рэжысёр. Экранізаваў свае п’есы. Сярод акцёрскіх работ — ролі ў фільмах «Травіята 1953 года», «Дзяўчаты з плошчы Іспаніі», «Золата Неапаля». Лепшы яго фільм «Неапаль — мільянер» (у пракаце «Неапаль — горад мільянераў»). У творчасці спалучаў традыцыі неапалітанскага дыялектальнага т-ра, які ўзыходзіць да камедыі дэль артэ, з прынцыпамі неарэалізму.
т. 6, с. 364
ДЭ ФРЫЗ, Дэ Фрыс (De Vries) Туга (16.2.1848, г. Харлем, Нідэрланды — 21.5.1935), галандскі батанік; адзін з заснавальнікаў вучэння пра зменлівасць і эвалюцыю. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1932). Скончыў ун-т у г. Лейдэн (1870). У 1878—1918 праф. Амстэрдамскага ун-та і дырэктар бат. сада. Навук. працы па распрацоўцы мутацыйнай тэорыі. Прапанаваў тэрмін «мутацыя», ажыццявіў эксперым. вывучэнне эвалюцыйнага працэсу. Распрацаваў метад вызначэння асматычнага ціску ў раслін і вучэнне пра ізатанічныя каэфіцыенты (1877). Паўторна, незалежна ад ням. батаніка К.Э.Корэнса і аўстр. генетыка Э.Чэрмак-Зайзанега адкрыў законы Мендэля (1990).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. М., 1932.
т. 6, с. 365