Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКРЫПЛІ́ЦА,

вёска ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Добасна і аднайм. вадасховішча. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на У ад г.п. Кіраўск, 85 км ад Магілёва, 43 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 578 ж., 192 двары (2001). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 14, с. 474

СКРЫПЛІ́ЦА вадасховішча ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Скрыпліца. Створана ў 1981. Пл. 0,73 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 1,4 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 1,1 км. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Добасна па водападвадным канале. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі, воднага добраўпарадкавання прылеглых тэрыторый.

т. 14, с. 474

СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.

Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 2. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2) М., 1981.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 474

СКРЫ́ПНІК (Віталь Міхайлавіч) (н. 17.1.1936, с. Налобіха Касіхінскага р-на Алтайскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і электронікі. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1965), дзе і працаваў (у 1974—87 заг. кафедры). З 1987 у БДУ, з 1996 прарэктар Ін-та сучасных ведаў, з 2000 — Бел. камерцыйнага ун-та кіравання. Навук. працы па тэорыі і выкарыстанні складаных радыётэхн. сістэм, распрацоўцы метадаў і спосабаў ацэнкі іх тэхн. стану, надзейнасці і даўгавечнасці.

Тв.:

Хранение радиотехнических систем в эксплуатационных условиях. М., 1984 (разам з Ю.​І.​Крычэўскім, П.​А.​Раманцом);

Альтернативные испытания малых выборок на надежность. Мн., 1986 (разам з А.​Л.​Грэчыным);

Анализ надежности технических систем по цензурированным выборкам. М., 1988 (у сааўт).

М.​П.​Савік.

т. 14, с. 474

СКРЫПНІЧЭ́НКА (Георгій Сяргеевіч) (н. 12.11.1940, г. Мікалаеў, Украіна),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1966). У 1970—74 працаваў ва Усесаюзным НДІ тэхн. эстэтыкі. Творам уласціва сюррэалістычная скіраванасць. Метафарычнасцю маст. мовы, стылізатарскай разнастайнасцю, кампазіцыйнай завершанасцю, колеравай насычанасцю вылучаюцца трыпціхі: «Мірная зямля», «Вобразы мілыя роднага краю» (абодва 1981), карціны «Адчуванне Радзімы» (1969), «Жакей» (1982), «Алегорыя свету» (1984), «Прысвячэнне М.​Селешчуку» (1986), «Экалагічная раўнавага» (1989), «Скарына на Радзіме», «Як справы ў Чарнобылі?» (1990), «Страчаныя мары» (1991), «Смутак» (1990—95), «Апошнія гульні» (1995), «Памяркоўны», «Час майго жыцця» (абедзве 1996), «Забруджаная зямля» (1997), «Да 200-годдзя А.​Міцкевіча» (1998), «Суіснаванне» (1980—2000), «Ланцуг Жорсткасці» (2000), «Гальшаны», «Радзіма Ф.​Рушчыца—Вішнева, Багданава» (абедзве 2001), серыя «Мастакі Айчыне» (1994—97). Аўтар графічных работ «Выдатныя дзеячы беларускай культуры» (1979), «Метамарфозы» (паводле твораў В.​Дуніна-Марцінкевіча; 1983).

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Скрыпнічэнка. Адчуванне Радзімы. 1969.

т. 14, с. 474

СКРЫПНІЧЭ́НКА (Ларыса Іванаўна) (н. 7.7.1941, г. Усевалажск Ленінградскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1964), выкладала ў ім (1980—92). З 2001 у Мінскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці. Сярод твораў габелены, выкананыя пераважна спалучэннем тэхнік гладкатканага і рэльефнага ткацтва: «Лясная песня» (1974), «Саната» (1977), «Світанне» (1978), «Каваль-асілак» (1979), «Сонечная кветка», «Абуджэнне» (абодва 1980), «Паўлінка» (1981), «След Пегаса» (1982), «Святочны рытм» (1984), «Веснавы акорд», «Багацце» (серыя; усе 1985), «Раніца» (1986), «Прэлюдыя», «Прысвячэнне» (1988—89), «Прастора і час», «Гімн зямлі» (абодва 1988), «Усход Селены», «Веснавыя галасы» (абодва 1991), «Нітка Арыядны» (1995), «Русалка», «Папараць» (абодва 1997); дэкар. пано «Ураджай» для Палаца культуры ў в. Сеніца Мінскага р-на (1990) і інш. Працуе таксама ў станковым жывапісе.

Л.Скрыпнічэнка. Паўлінка. 1981.

т. 14, с. 474

СКРЫПТО́РЫЙ (позналац. scriptorium ад лац. scriptor перапісчык, пісец),

сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг. У 6—15 ст. С. былі пашыраны ў Еўропе. Стваральнікам першага еўрап. С. (540-я г.) лічыцца гісторык остготаў Касіядор. У канцы 6—7 ст. С. ствараліся па ўсёй Еўропе (Верона, Ліён, Санкт-Гален, Кёльн, Фульда, Сен-Марцыял, Корбі і інш), у якіх пазней выпрацаваліся асн. тыпы сярэдневяковага пісьма. Найб. вядомасцю пры Карле Вялікім карыстаўся С. Турскага манастыра св. Марціна. У 9 ст. некалькі С. меў манастыр бенедыкцінцаў у Клюні (Бургундыя), рукапісы якіх вызначаліся выразнасцю пісьма, вельмі чорным чарнілам і своеасаблівай арнаментыкай. З канца 12 ст. С. сталі выцясняцца гар. цэхавымі майстэрнямі, якія працавалі на заказ і на рынак. С. заняпалі са з’яўленнем кнігадрукавання. У С. існаваў падзел працы: з узорнага арыгінала спісвалі перапісчыкі, аздобу выконвалі ілюмінатары, часта пры С. працавалі пераплётныя майстэрні. На землях ВКЛ існавалі мітрапаліцкі, дзяржаўны, манастырскія і прыватныя С. Першыя С. вядомы ў 14—15 ст. у правасл. манастырах і пры двары кіеўскіх мітрапалітаў (да іх прадукцыі можна аднесці Евангелле-апракас сярэдзіны 14 ст. і Лаўрышаўскае евангелле пач. 14 ст.). Мітрапаліцкі С. упамінаецца дыяканам Якімцом пад 1512 пры саборнай царкве Барыса і Глеба ў Навагрудку. З развіццём дзяржавы развіўся ін-т Дзярж. канцылярыі ВКЛ, якой кіраваў канцлер. Яму і яго намесніку (падканцлеру) падпарадкоўваліся лац. і рус. пісары. Пісару падпарадкоўваліся дзякі, якія вялі справаводства, перапісвалі акты, тыражавалі неабходныя для дзяржавы кнігі. Асн. прадукцыя, якая выходзіла са С. велікакняжацкай канцылярыі, былі спісы Статутаў, хаця шэраг прафес. пісцоў мог спісаць любыя кнігі на заказ. У 15 ст. існаваў С. пад пратэкцыяй кн. Алелькавічаў у Слуцкім Траецкім манастыры. Адна з кніг, перапісаная ў ім, захавалася да нашага часу. Значным цэнтрам вырабу кніг быў Смаленск. Пры смаленскім епіскапе Іосіфе Солтане створаны ілюмінаваны спіс Радзівілаўскага летапісу. У 1495 у Смаленску перапісаны Аўрамкі летапіс з рыфмаваным панегірыкам Вітаўту (гл. «Пахвала Вітаўту»), Найб. вядомыя манастырскія С.: Полацкі, Куцеінскі, Чарэйскі, Лешчанскі, Супрасльскі. У ВКЛ рукапісныя кнігі выраблялі амаль у кожным каталіцкім кляштары. Часта кнігапісанне бралі пад сваю апеку прыватныя асобы, найчасцей буйныя магнаты. Найбольшы з прыватных С. дзейнічаў у канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў двары Солтанаў у прадмесці Вільні — Шышкінях (зараз у межах горада). Радзівілы і інш. бел. магнаты таксама мелі свае канцылярыі са штатам канцылярыстаў-кнігапісцаў.

Літ.:

Киселева Л.И. О чем рассказывают средневековые рукописи. Л., 1978;

Нікалаеў М Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 14, с. 474

СКРЫПУНЫ́ (Saperda),

род жукоў сям. вусачоў. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважаюць у Паўн. паўшар’і. Трапляюцца на лісцевых пародах дрэў (таполях, вербах і інш.). На Беларусі 11 відаў, найб. пашыраны С. малы асінавы (S. populnea).

Даўж. 10—30 мм. Цела цыліндрычнае, зверху — у густых валасках, звычайна рознакаляровых. Пры раздражненні выдаюць гучны характэрны скрып (адсюль назва). Многія — шкоднікі дрэў.

т. 14, с. 475

СКРЫТАЖА́БРАВЫЯ, гіганцкія саламандры (Cryptobranchidae),

сямейства хвастатых земнаводных. Вядомы з міяцэну (25—7 млн. г. назад). 2 роды, 3 віды. Пашыраны ва Усх. Кітаі, Японіі і паўд.-ўсх. ч. Паўн. Амерыкі. Жывуць у рэках, горных ручаях. Кітайская (Andrias davidianus) і японская (A. japonicus) гіганцкія саламандры занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 1,8 м, маса да 70 кг. Цела пляскатае, галава вял., плазаватая, рот шырокі. На пярэдніх нагах па 4 пальцы, на задніх па 5. Хвост доўгі, сціснуты з бакоў. У дарослых захоўваюцца 2—4 жабравыя дугі. Кормяцца рыбай, земнаводнымі і воднымі беспазваночнымі. Азіяцкія віды амаль вынішчаны.

Да арт. Скрытажабравыя. Кітайская гіганцкая саламандра.

т. 14, с. 475

СКРЫТАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Cryptodira),

падатрад паўзуноў атр. чарапах. 8 сям., каля 50 родаў, 148 відаў. Вядомы з трыясу, паходзяць ад катылазаўраў. Пашыраны амаль усюды, акрамя Антарктыды. Большасць вядуць паўводны спосаб жыцця. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. панцыра ад 10 да 150 см, маса да 400 кг (слановыя чарапахі). Цела ўкрыта панцырам, які складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. Здольныя ўцягваць шыю (адсюль назва) і галаву пад панцыр, пры гэтым выгінаюць шыю S-падобна ў верт. плоскасці. Тазавыя косці не зрошчаныя з панцырам. Пластрон укрыты 11—12 рагавымі шчыткамі. Адкладваюць яйцы на сушы. Кормяцца расл. і жывёльным кормам. Жывуць зрэдку да 150 гадоў. Некат. віды ў Чырв. кнізе МСАП. Асобныя віды — аб’екты развядзення і промыслу (выкарыстоўваюць мяса, тлушч, яйцы, рагавыя шчыткі. Іл. гл. да арт. Чарапахі.

т. 14, с. 475