СКРЫПНІЧЭ́НКА (Георгій Сяргеевіч) (н. 12.11.1940, г. Мікалаеў, Украіна),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1966). У 1970—74 працаваў ва Усесаюзным НДІ тэхн. эстэтыкі. Творам уласціва сюррэалістычная скіраванасць. Метафарычнасцю маст. мовы, стылізатарскай разнастайнасцю, кампазіцыйнай завершанасцю, колеравай насычанасцю вылучаюцца трыпціхі: «Мірная зямля», «Вобразы мілыя роднага краю» (абодва 1981), карціны «Адчуванне Радзімы» (1969), «Жакей» (1982), «Алегорыя свету» (1984), «Прысвячэнне М.Селешчуку» (1986), «Экалагічная раўнавага» (1989), «Скарына на Радзіме», «Як справы ў Чарнобылі?» (1990), «Страчаныя мары» (1991), «Смутак» (1990—95), «Апошнія гульні» (1995), «Памяркоўны», «Час майго жыцця» (абедзве 1996), «Забруджаная зямля» (1997), «Да 200-годдзя А.Міцкевіча» (1998), «Суіснаванне» (1980—2000), «Ланцуг Жорсткасці» (2000), «Гальшаны», «Радзіма Ф.Рушчыца—Вішнева, Багданава» (абедзве 2001), серыя «Мастакі Айчыне» (1994—97). Аўтар графічных работ «Выдатныя дзеячы беларускай культуры» (1979), «Метамарфозы» (паводле твораў В.Дуніна-Марцінкевіча; 1983).
Л.Ф.Салавей.
Г.Скрыпнічэнка. Адчуванне Радзімы. 1969.
т. 14, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)