Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭСТАЎРА́ЦЫЯ ў Францыі,

перыяд другога праўлення дынастыі Бурбонаў, скінутых з каралеўскага прастола ў выніку Французскай рэвалюцыі 1789—99. Адрозніваюць 1-ю (1814—15) і 2-ю (1815—30) Р., аддзеленыя паміж сабой перыядам «Ста дзён». Дваранска-клерыкальны рэжым Р. канчаткова ліквідаваны ў выніку Ліпеньскай рэвалюцыі 1830.

т. 14, с. 27

РЭСТРЫ́КЦЫЯ (ад позналац. restrictio абмежаванне),

абмежаванне манаполіямі вытв-сці, продажу і экспарту тавараў з мэтай павышэння цэн і атрымання звышпрыбыткаў; абмежаванне цэнтр. банкам дзяржавы памераў крэдыту камерцыйным банкам з мэтай стрымлівання інфляцыі.

т. 14, с. 27

РЭСТЫТУ́ЦЫЯ (лац. restitutio аднаўленне),

1) у цывільным праве — вяртанне бакамі, якія заключылі здзелку, усяго атрыманага па здзелцы ў выпадку прызнання яе несапраўднай. Пры немагчымасці вярнуць атрыманае ў натуры кампенсуецца яго кошт у грашах, калі інш. вынікі несапраўднасці здзелкі не прадугледжаны ў-законе. Агульным правілам з’яўляецца двухбаковая Р. — кожны з бакоў вяртае другому ўсё атрыманае па здзелцы, а пры немагчымасці гэта зрабіць вяртае яго кошт у грашах.

2) У міжнародным праве — вяртанне маёмасці, неправамерна захопленай і вывезенай адным з ваюючых бакоў з тэр. другой дзяржавы, якая з’яўлялася яго ваен. праціўнікам. Міжнар.-прававыя акты, прынятыя ў перыяд і пасля заканчэння 2-й сусв. вайны, прадугледжвалі вяртанне ў парадку Р. дзяржавам, якія падвергліся нападу і акупацыі фаш. Германіяй і яе саюзнікамі, матэрыяльных каштоўнасцей, захопленых і незаконна вывезеных з часова акупіраваных тэрыторый.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 27

РЭСТЫТУ́ЦЫЯ ў біялогіі,

аднаўленне арганізма і яго частак (органа, тканкі, клеткі) Пасля пашкоджання. Па меркаванні адных вучоных, рэгенерацыя і рэпарацыя (аднаўленне пашкоджанняў у малекулах дэзоксірыбануклеінавай к-ты) — разнавіднасці Р.; па меркаванні другіх, Р. — рэгенерацыя ўсяго арганізма з невял. яго часткі (напр., з перадротавага ўчастка цела немертыны можа аднавіцца цэлы чарвяк). У раслін рэстытуцыйныя ўтварэнні адрозніваюцца ад ч. арганізма, якая засталася, і ад аднятай (напр., калі аддзяляюць ч. ліста, то можа ўзнікнуць новая ліставая пласцінка або лейкападобны ліст з чаранком). Р. ў медыцыне — поўная рэгенерацыя (замена дэфекту раўнацэннай тканкай), а няпоўная рэгенерацыя — субстытуцыя.

т. 14, с. 28

РЭСУ́РС (ад франц. ressource дапаможны сродак) тэхнічны, напрацоўка вырабу (машыны, тэхн. сістэмы) да дасягнення гранічнага стану, пры якім яго далейшая эксплуатацыя немагчыма, непажадана (з-за паніжэння эфектыўнасці) або небяспечна. Колькасна ацэньвае даўгавечнасць вырабу, яго надзейнасць. Выражаецца ў гадах, гадзінах, кіламетрах, гектарах, колькасці ўключэнняў і інш. Бывае поўны (за ўвесь тэрмін службы да канца эксплуатацыі), дарамонтны, міжрамонтны, выкарыстаны, астаткавы. Завязаны з безадказнасцю.

т. 14, с. 28

РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць прыродных, сацыяльных, духоўных магчымасцей, сродкаў і даходаў, якія могуць быць выкарыстаны ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт і каштоўнасцей (тавараў, паслуг і інш.). Адрозніваюць Р. прыродныя, матэрыяльныя, працоўныя і фінансавыя. Прыродныя Р. — частка прыродных багаццяў, прыдатная для выкарыстання ў вытв-сці або для задавальнення патрэб людзей. Да іх адносяцца: зямля, вада, атмасфера, карысныя выкапні, раслінны і жывёльны свет, натуральныя крыніцы энергіі (сонца, вецер, прылівы і адлівы, унутрызямное цяпло і інш.). Падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя; вычарпальныя бываюць узнаўляльныя ці неўзнаўляльныя. Матэрыяльныя Р. — сукупнасць сродкаў і прадметаў працы, якія прызначаны для выкарыстання ў працэсе вытв-сці (машыны, абсталяванне, сыравіна, матэрыялы, паліва, энергія і інш.). Працоўныя Р. — частка насельніцтва, здольная да мэтазгоднай прац. дзейнасці. Фінансавыя Р. — грашовыя сродкі, якія грамадства мае магчымасць выкарыстоўваць. Сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт або інш. каштоўнасцей, наз. фактарамі вытв-сці (зямля, праца, капітал, прадпрымальніцтва). У якасці спецыфічных фактараў вытв-сці вылучаюць навуку і інфармацыю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 28

РЭСУ́РСЫ НАТУРА́ЛЬНЫЯ,

тое, што прыродныя рэсурсы.

т. 14, с. 28