РЭСТЫТУ́ЦЫЯ (лац. restitutio аднаўленне),
1) у цывільным праве — вяртанне бакамі, якія заключылі здзелку, усяго атрыманага па здзелцы ў выпадку прызнання яе несапраўднай. Пры немагчымасці вярнуць атрыманае ў натуры кампенсуецца яго кошт у грашах, калі інш. вынікі несапраўднасці здзелкі не прадугледжаны ў-законе. Агульным правілам з’яўляецца двухбаковая Р. — кожны з бакоў вяртае другому ўсё атрыманае па здзелцы, а пры немагчымасці гэта зрабіць вяртае яго кошт у грашах.
2) У міжнародным праве — вяртанне маёмасці, неправамерна захопленай і вывезенай адным з ваюючых бакоў з тэр. другой дзяржавы, якая з’яўлялася яго ваен. праціўнікам. Міжнар.-прававыя акты, прынятыя ў перыяд і пасля заканчэння 2-й сусв. вайны, прадугледжвалі вяртанне ў парадку Р. дзяржавам, якія падвергліся нападу і акупацыі фаш. Германіяй і яе саюзнікамі, матэрыяльных каштоўнасцей, захопленых і незаконна вывезеных з часова акупіраваных тэрыторый.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 14, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)