РЭСТЫТУ́ЦЫЯ ў біялогіі,
аднаўленне арганізма і яго частак (органа, тканкі, клеткі) Пасля пашкоджання. Па меркаванні адных вучоных, рэгенерацыя і рэпарацыя (аднаўленне пашкоджанняў у малекулах дэзоксірыбануклеінавай к-ты) — разнавіднасці Р.; па меркаванні другіх, Р. — рэгенерацыя ўсяго арганізма з невял. яго часткі (напр., з перадротавага ўчастка цела немертыны можа аднавіцца цэлы чарвяк). У раслін рэстытуцыйныя ўтварэнні адрозніваюцца ад ч. арганізма, якая засталася, і ад аднятай (напр., калі аддзяляюць ч. ліста, то можа ўзнікнуць новая ліставая пласцінка або лейкападобны ліст з чаранком). Р. ў медыцыне — поўная рэгенерацыя (замена дэфекту раўнацэннай тканкай), а няпоўная рэгенерацыя — субстытуцыя.
т. 14, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)