РЭДУЦЭ́НТЫ [ад лац. reducens (reducentis) які вяртае, аднаўляе],
арганізмы, якія ў працэсе жыццядзейнасці ператвараюць арган. рэшткі ў неарган. (мінер.) рэчывы. Большасць — мікраарганізмы, што знаходзяцца ў глебе і вадзе, а таксама грыбы і некат. жывёлы (напр., дажджавыя чэрві). Прадукты жыццядзейнасці Р. выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі. Прымаюць удзел у кругавароце рэчываў у прыродзе, аднаўляюць урадлівасць глебы.
Р.Г.Заяц.
т. 13, с. 554
РЭ́ДЫНГ (Reading),
горад на Пд Вялікабрытаніі, на З ад Лондана. Адм. ц. графства Беркшыр. Вядомы з 9 ст. Каля 130 тыс. ж. (2000). Рачны порт на р. Тэмза, вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч., маш.-буд., у т. л. авіяц., с.-г., эл.-тэхн., радыёэлектронная; паліграфічная. Ун-т. На ПдЗ ад Р. — н.-д. цэнтр атамнай прам-сці Олдэрмастан.
т. 13, с. 554
РЭДЫ́Ф (араб., літар. — той, хто сядзіць за коннікам),
слова або словазлучэнне, якое ў нязменным выглядзе паўтараецца ў вершаваных радках пасля канцавых рыфмаў. Характэрны для ўсх. верша (напр., газель). Сустракаецца і ў бел. паэзіі. У нар. песнях Р. — своеасаблівы кароткі прыпеў пасля кожнага радка. Р. выкарыстаў у сваёй «Песні» Ф.Багушэвіч:
Чаго бяжыш. мужычок?
— Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
— Бо урадніка вёз.
Чаго ты п’еш, мужычок?
— Бо і хлеба не еў.
За што ты б’еш, мужычок?
— Бо і сам тое меў...
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 555
РЭДЭМАРКА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,
праверка і аднаўленне лініі дзярж. граніцы на мясцовасці і абазначэнне яе пагранічнымі знакамі. Робіцца на падставе дакументаў, як правіла, двухбаковага характару (пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў). Апрача аднаўлення самой лініі граніцы прадугледжвае таксама аднаўленне страчаных пагранічных знакаў, устаноўку новых або дадатковых пагранічных знакаў, складанне новага пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў (пры неабходнасці). Гл. таксама Дэлімітацыя граніц, Дэмаркацыя граніц.
т. 13, с. 555
РЭД-РЫ́ВЕР (Red River),
1) рака на Пд ЗША, правы прыток р. Місісіпі. Даўж. 2050 км, пл. басейна 233 тыс. км² Вытокі на плато Лана-Эстакада, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасякае Прымексіканскую нізіну. У нізоўях падзяляецца на рукавы: Олд-Рывер (упадае ў р. Місісіпі) і Атчафалая (упадае ў Мексіканскі зал., сцёк толькі ў разводдзе). Паводкі ў канцы вясны — пач. лета. Сярэдні расход вады 880 м³/с. ГЭС. Буйное вадасх. Тэксома. Суднаходная ад г. Шрыўпарт.
2) Рака ў ЗША і Канадзе. Даўж. 920 км, пл. басейна 297 тыс. км². Цячэ па Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля 240 м³/с. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. На Р.-Р. — г. Вініпег (Канада).
т. 13, с. 553