РЭДЫ́Ф (араб., літар. — той, хто сядзіць за коннікам),

слова або словазлучэнне, якое ў нязменным выглядзе паўтараецца ў вершаваных радках пасля канцавых рыфмаў. Характэрны для ўсх. верша (напр., газель). Сустракаецца і ў бел. паэзіі. У нар. песнях Р. — своеасаблівы кароткі прыпеў пасля кожнага радка. Р. выкарыстаў у сваёй «Песні» Ф.​Багушэвіч:

Чаго бяжыш. мужычок?
— Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
— Бо урадніка вёз.
Чаго ты п’еш, мужычок?
— Бо і хлеба не еў.
За што ты б’еш, мужычок?
— Бо і сам тое меў...

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)