РЭДУЦЭ́НТЫ [ад лац. reducens (reducentis) які вяртае, аднаўляе],

арганізмы, якія ў працэсе жыццядзейнасці ператвараюць арган. рэшткі ў неарган. (мінер.) рэчывы. Большасць — мікраарганізмы, што знаходзяцца ў глебе і вадзе, а таксама грыбы і некат. жывёлы (напр., дажджавыя чэрві). Прадукты жыццядзейнасці Р. выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі. Прымаюць удзел у кругавароце рэчываў у прыродзе, аднаўляюць урадлівасць глебы.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)