Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАЎНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,

верш, напісаны аднолькавымі строфамі. Да раўнастрофных адносяцца таксама вершы, у якіх у строгай паслядоўнасці чаргуюцца 2 ці 3 страфы, розныя паводле характару. Напр., у вершы Я.​Коласа «Над магілаю друга» пасля кожнага катрэна ідзе 2-радковая страфа.

Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагаслі твае.
У шуме жыццёвае сцюжы
Байца-песняра не стае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.

Арыгінальнае чаргаванне 2-радкоўяў і 4-радкоўяў у вершы С.​Ліхадзіеўскага «Берасцянка жывых трывог» (2—4—4—2) і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 378

РАЎНІ́НА,

адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш. Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькі млн. км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.

т. 13, с. 378

РАЎС, Роўс (Rous) Фрэнсіс Пейтан (5.10.1879, г. Балтымар, ЗША — 16.2.1970), амерыканскі патолаг і вірусолаг. Чл. Нац. АН ЗША і інш. АН і навук. т-ваў. Скончыў мед. школу Унта Дж.​Хопкінса (1905). З 1909 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў у Нью-Йорку, з 1945 ганаровы чл. гэтага ін-та. Навук. працы па анкалогіі. Адкрыў пухлінародныя вірусы (вірус саркомы Р.); у 1911 паказаў, што саркома курэй можа быць перапрышчэплена ад хворай птушкі да здаровай бясклетачнымі фільтратамі пухліннай тканкі; што анкагеннасць пухлінародных вірусаў нарастае пры іх уздзеянні сумесна з канцэрагеннымі рэчывамі ці стымулятарамі клетачнага росту. Вылучыў паняцце «прагрэсіі пухлін». Нобелеўская прэмія 1966 (разам з Ч.​Б.​Хагінсам).

А.​Ю.​Маніна.

Ф.Раўс.

т. 13, с. 378

РА́ЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1698,

вуснае пагадненне аб ваен. саюзе супраць Швецыі, заключанае 20—24 жн. ў г. Рава-Руская (цяпер у Львоўскай вобл., Украіна) паміж рас. царом Пятром I і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам II. Заклала асновы антышвед. каал шыі напярэдадні Паўночнай вайны 1700—21. У развіццё Р.п. 21.11.1699 падпісаны Маскоўскі саюзны дагавор: бакі абавязваліся распачаць ваен. дзеянні супраць Швецыі ў яе прыбалт. уладаннях — Пётр I у Карэліі і Іжорскай зямлі (узбярэжжа р. Нява і прылеглай ч. Фінскага заліва), а Аўгуст II у Ліфляндыі і Эстляндыі, з тым, каб гэтыя землі пасля вайны адышлі адпаведна да Расіі і Рэчы Паспалітай.

т. 13, с. 378

РАЎЧАКО́Ў (Фёдар Фёдаравіч) (27.9.1910, в. Кузькавічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. —20.4.1952),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен. ветэрынарна-фельч. школу (1933), 2-е Маскоўскае пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўд.-Зах., 2-м і 1-м Бел. франтах. Стралк. рота на чале са ст. лейтэнантам Р. вызначылася 29.7.1944 у баі каля г. Пулавы (Польшча), дзе фарсіравала Віслу, адбіла 8 контратак ворага, захапіла вышыню, садзейнічала пераправе інш. падраздзяленняў палка. Да 1951 у органах МУС. У в. Кузькавічы помнік Р.

Ф.Ф.Раўчакоў.

т. 13, с. 378

РАЎШЭНБА́Х (Барыс Віктаравіч) (18.1.1915, С.-Пецярбург — 27.3.2001),

расійскі вучоны ў галіне механікі і працэсаў кіравання. Акад. Рас. АН (1984, чл.-кар. 1966). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў грамадз. паветр. флоту (1938). У 1938—78 у спец. НДІ і СКБ (Масква), адначасова з 1947 у Маскоўскім фізіка-тэхн. ін-це (з 1959 праф.). Навук. працы па прыкладной механіцы, тэорыі аўтам. кіравання, арыентацыі і ўстойлівасці руху касм. апаратаў, тэорыі гарэння, інж. псіхалогіі. Ленінская прэмія 1960.

Тв.:

Вибрационное горение. М., 1961;

Космические аппараты. М., 1983 (у сааўт.).

Б.В.Раўшэнбах.

т. 13, с. 378