Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НЕ́РСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е.

У Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція, Расія), паміж нагор’ямі Чэрскага на ПнУ, Верхнекалымскім на ПдУ і хр. Сарычава на ПдЗ. Даўж. 130 км, шыр. 50—70 км, выш. 700—1500 м. Складзена з пясчанікаў, алеўралітаў, гліністых сланцаў. Рэдкастойныя лістоўнічныя лясы, зараснікі кедравага сланіка і хмызняковай вольхі, вышэй 1100—1200 м — горныя тундры. Па паўд. схілах — фрагменты стэпавых раслінных асацыяцый.

т. 11, с. 294

НЕ́РУДА ((Neruda) Ян) (9.7.1834, Прага — 22.8.1891),

чэшскі пісьменнік, публіцыст. Вывучаў права і філасофію ў Карлавым ун-це ў Празе. У аснове яго творчасці — перакананні ў прагрэс чалавецтва, што бяруць свае вытокі ў гегельянстве, багацці і пільнасці жыццёвых назіранняў, разнастайным эмацыянальным рэагаванні на іх. Першы паэт. зб. «Могільнікавыя кветкі» (1857). Грамадз., філас. і інтымная лірыка Н. (зб-кі «Кнігі вершаў», 1868; «Касмічныя песні», 1878; «Балады і рамансы», 1883; «Песні перадвелікоднай пятніцы», 1896) адметная арган. спалучэннем лёсу паэта і радзімы, дасканаласцю і натуральнай прастатой. Як празаік выступіў у жанры сац.-быт. апавядання (зб-кі «Арабескі», 1864; «Розныя людзі», 1871). Аўтар цыкла «Маластранскія аповесці» (1878), падарожных нарысаў (кн. «Парыжскія карцінкі», 1863; «Блізкія вандроўкі», 1877), артыкулаў і фельетонаў пра музыку і мастацтва, падзеі грамадскага і культ. жыцця Чэхіі і інш. краін. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.​Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1959;

Малостранские повести. Рассказы. М., 1983.

Літ.:

Соловьева Я.П. Ян Неруда и утверждение реализма в чешской литературе. М., 1983.

А.​У.​Вострыкава.

Я.Неруда.

т. 11, с. 294

НЕРУ́НГРЫ,

горад у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. 76,7 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Цэнтр Паўднёва-Якуцкага вугальнага басейна. Здабыча каменнага вугалю. ГРЭС. Рамонтна-мех., электрарамонтны з-ды, домабудаўнічы камбінат. Філіял Якуцкага ун-та. Музей.

т. 11, с. 294

НЕРУХО́МАСЦЬ у праве,

зямля і інш. прыродныя ўгоддзі, якія знаходзяцца ва ўласнасці фіз. і юрыд. асоб, інш. маёмасныя правы на зямлю, а таксама ўсялякая інш. маёмасць, прымацаваная да зямлі і цесна звязаная з ёю (будынкі, збудаванні, заводы і інш.). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ва ўласнасці грамадзян могуць знаходзіцца жылыя дамы, дачы, садовыя домікі, зямельныя ўчасткі, сродкі вытв-сці для вядзення сял. гаспадаркі, індывідуальнай і інш. гасп. дзейнасці. Да Н. можа быць аднесена і інш. маёмасць: прадпрыемствы, маёмасныя комплексы ў сферы вытв-сці тавараў, быт. абслугоўвання, гандлю і ў інш. сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, збудаванні, абсталяванне, трансп. сродкі і да т.п. Закон не абмяжоўвае ні колькасці, ні кошту маёмасці, набытай за кошт прац. даходаў грамадзян, акрамя маёмасці, што знаходзіцца ў выключным валоданні дзяржавы.

т. 11, с. 294

«НЕ́РУШ»,

народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ. Створаны ў 1980, у 1985 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік В.​Гладкая. Уключае вак.-танц. групу (36 удзельнікаў) і інстр. ансамбль (8 чал.). У рэпертуары аўтэнтычныя бел. нар. песні, музыка, танцы, абрады розных рэгіёнаў Беларусі. Валодае школай нар. спеву з захаваннем рэгіянальных асаблівасцей. Большасць твораў запісана этнамузыколагамі і ўдзельнікамі калектыву ў фалькл.-этнагр. экспедыцыях, у т. л. песні «Ой, ты, сонца да яснае сонейка», «Да повідэмо куста», «Ой, і дай ты мне раду», «Там на лужку, на лужку», полька «Верацяно», «Ацьмінаўская кадрыля», веснавыя карагоды. Ансамбль зрабіў некалькі дзесяткаў запісаў на Бел. радыё, выпусціў кампакт-дыск. Творчасці калектыву прысвечаны фільмы Бел. тэлебачання «Вяселле ў Траецкім» (1989), «Каляда», «Піліпаўка». Лаўрэат і дыпламант рэсп. і міжнар. фалькл. фестываляў і конкурсаў, у т. л. ў Балгарыі (Сафія, 1985, Залаты медаль), Нарвегіі (г. Ф’ёрдэ, 1995), Італіі (г. Віка-Экуэнсе, 1998).

Н.​Г.​Мазурына.

Фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш».

т. 11, с. 294

НЕ́РЧЫНСКІ ДАГАВО́Р 1689,

мірны дагавор паміж Рас. дзяржавай і маньчжурскім Кітаем (Цынскай імперыяй), які завяршыў рас.-маньчжурскі ваен. канфлікт 1680-х г. з-за прыналежнасці Прыамур’я. Падпісаны 6 вер. каля Нерчынскага астрога (цяпер г. Нерчынск Чыцінскай вобл., Расія). Вызначыў умовы развіцця мірных паліт., дыпламат. і гандл. адносін паміж Расіяй і Кітаем. Расія была вымушана адмовіцца на карысць маньчжураў ад тэр. Албазінскага ваяв.бас. р. Амур), але замацавала за сабой Усх. Сібір. Н.д. заменены Айгунскім дагаворам 1858 і Пекінскім трактатам 1860.

т. 11, с. 294

НЕ́РЫБ,

возера-ў Крупскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Брусята, за 22 км на Пд ад г.п. Крупкі. Пл. 0,3 км², даўж. 930 м, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі 2,33 км. Пл. вадазбору 31,2 км². Катлавіна рэліктавага тыпу, размешчана сярод балота. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае. Каналам злучана з р. Брусята.

т. 11, с. 294

НЕРЫНГА́ (Neringa),

горад у Літве, на Куршскай касе Балтыйскага м. Узнік у 1961 у выніку аб’яднання курортных пасёлкаў Ніда (адм. цэнтр), Юадкрантэ, Прэйла і Первалка. 2,7 тыс. ж. (1993). Выцягнуты ўздоўж мора на 50 км, паромам звязаны з г. Клайпеда. Рыбалоўства. Марскі курорт. У Нідзе — Доммузей Т.​Мана.

т. 11, с. 294

НЕРЫ́С (Néris; сапр. Бачынскайтэ-Бучэне) Саламея

(17.11.1904, в. Кіршай Марыямпальскага пав., Літва — 7.7.1945),

літоўская паэтэса. Нар. паэтэса Літвы (1954). Скончыла Каўнаскі ун-т (1928). Друкавалася з 1923. Першы зб. «Раннім ранкам» (1927) прасякнуты рамант. сімвалізмам. У лірычных зб-ках «Сляды на пяску» (1931), «Дзямідасам зацвіту» (1938; Дзярж. прэмія Літвы 1939) і інш. зварот да сац. праблем, духоўнага свету чалавека-працаўніка. Роздум над трагізмам вайны, гіст. лёсам літ. народа ў кнігах паэзіі «Апявай, сэрца, жыццё!» (1943), «Салавей не можа не спяваць» (1945), «Мой край» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947). Яе паэзіі ўласцівы шчырасць і глыбіня пачуццяў, меладычнасць верша, набліжаная да народнай. Пераклала на літ. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову яе творы пераклалі Э.​Агняцвет, А.​Астапенка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, С.​Грахоўскі, С.​Дзяргай, В.​Жуковіч, А.​Звонак, М.​Калачынскі, І.​Калеснік, К.​Камейша, Г.​Каржанеўская, Е.​Лось, М.​Лужанін, У.​Нядзведскі, П.​Прыходзька, А.​Разанаў, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, Н.​Тарас, Х.​Чэрня, У.​Шахавец, В.​Шымук.

Тв.:

Rastai. T. 1—3. Vilnius, 1957;

Poezija. T. 1—2. Vilnius, 1972;

Бел. пер. — Калі зямля прачынаецца...: Выбранае. Мн., 1971;

Рус. пер. — Лирика. М., 1971.

Літ.:

Мальдзіс А Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;

Лапінскене А, Мальдзіс А Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988.

С.Нерыс.

т. 11, с. 295

НЕРЫ́ТАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

мелкаводная прыбярэжная ч. мора. Размешчана пераважна ў межах шэльфа ад узроўню макс. адліву да верхняй мяжы мацерыковага схілу (200—400 м). Для Н.в. характэрны вял. рухомасць вады, зменлівасць т-ры, значнае пранікненне сонечнага святла, вял. колькасць кіслароду, разнастайнасць флоры і фауны. У межах Н.в. намнажаюцца пераважна абломкавыя ўтварэнні (гл. Нерытавыя адклады).

т. 11, с. 295