«НЕ́РУШ»,

народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ. Створаны ў 1980, у 1985 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Гладкая. Уключае вак.-танц. групу (36 удзельнікаў) і інстр. ансамбль (8 чал.). У рэпертуары аўтэнтычныя бел. нар. песні, музыка, танцы, абрады розных рэгіёнаў Беларусі. Валодае школай нар. спеву з захаваннем рэгіянальных асаблівасцей. Большасць твораў запісана этнамузыколагамі і ўдзельнікамі калектыву ў фалькл.-этнагр. экспедыцыях, у т.л. песні «Ой, ты, сонца да яснае сонейка», «Да повідэмо куста», «Ой, і дай ты мне раду», «Там на лужку, на лужку», полька «Верацяно», «Ацьмінаўская кадрыля», веснавыя карагоды. Ансамбль зрабіў некалькі дзесяткаў запісаў на Бел. радыё, выпусціў кампакт-дыск. Творчасці калектыву прысвечаны фільмы Бел. тэлебачання «Вяселле ў Траецкім» (1989), «Каляда», «Піліпаўка». Лаўрэат і дыпламант рэсп. і міжнар. фалькл. фестываляў і конкурсаў, у т.л. ў Балгарыі (Сафія, 1985, Залаты медаль), Нарвегіі (г. Ф’ёрдэ, 1995), Італіі (г. Віка-Экуэнсе, 1998).

Н.Г.Мазурына.

Фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш».

т. 11, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)