Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,

від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.

Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.

З.Ю.Капыскі.

т. 11, с. 52

МЫ́ТНЫЯ ТАРЫ́ФЫ,

звод ставак мытных пошлін, якія выкарыстоўваюцца да тавараў, што перамяшчаюцца праз мытную граніцу дзяржавы. Парадак фарміравання і выкарыстання М.т. Рэспублікі Беларусь устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мытным тарыфе» ад 3.2.1993 з пазнейшымі змяненнямі і дапаўненнямі. М.т. сістэматызаваны ў адпаведнасці з Таварнай наменклатурай знешнеэканам. дзейнасці СНД, якая ўводзіцца ў дзеянне СМ Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з прыцятых у міжнар. практыцы сістэм класіфікацыі тавараў. Асн. мэтамі М.т. з’яўляюцца: рацыяналізацыя таварнай структуры ўвозу тавараў у краіну; падтрыманне рацыянальных суадносін вывазу і ўвозу тавараў, валютных даходаў і расходаў; стварэнне ўмоў для прагрэс. змяненняў у структуры вытв-сці і спажывання тавараў, абарона эканомікі краіны ад неспрыяльнага ўздзеяння замежнай канкурэнцыі, забеспячэнне ўмоў для эфектыўнай інтэграцыі яе ў сусв. эканоміку.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 52

МЫ́ТНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканад. акт, які вызначае прававыя, эканам. і арганізац. асновы мытнай справы, накіраваны на абарону эканам. суверэнітэту і эканам. бяспекі Рэспублікі Беларусь і развіццё яе знешнеэканам. сувязей. Прыняты Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне ў 2-й пал. 1998. Складаецца з 15 раздзелаў, 45 глаў і 273 артыкулаў. Да 1998 на тэр. Беларусі дзейнічаў мытны кодэкс 1993. Апрача агульных палажэнняў змяшчае і рэгламентуе арганізац. пытанні кіравання мытнай справай; вызначае мытныя органы дзяржавы і іх кампетэнцыю; замацоўвае асн. прынцыпы перамяшчэння тавараў і трансп. сродкаў праз мытную граніцу; устанаўлівае мытныя рэжымы, мытныя плацяжы, мытнае афармленне тавараў, мытны і валютны кантроль; вызначае асоб, якім даецца права на мытныя льготы; рэгулюе пытанні вядзення мытнай статыстыкі і таварнай наменклатуры знешнеэканам. дзейнасці; шэраг норм кодэксу прысвечаны злачынствам і адм. правапарушэнням у сферы мытнай справы, прававому статусу службовых асоб мытных органаў, іх правам і абавязкам.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 52

МЫ́ТНЫ САЮ́З,

міждзяржаўнае фарміраванне, у рамках якога значна зніжаны тарыфы на правоз тавараў у межах краін-удзельніц і ўстаноўлены агульны мытны тарыф, што забяспечвае аднастайныя для ўсіх членаў умовы прыёму тавараў з інш. дзяржаў. М.с. — больш высокая ступень інтэграцыі ў параўнанні з зонай свабоднага гандлю, але саступае агульнаму рынку.

т. 11, с. 52

МЫ́ТНЯ, таможня,

дзярж. орган, праз які ўводзяцца ў краіну і вывозяцца з яе тэрыторыі імпартныя і экспартныя тавары, а таксама багаж, паштовыя адпраўленні і інш. грузы. У Рэспубліцы Беларусь М. з Дзярж. мытным к-там і інш. мытнымі органамі ўваходзяць у адзіную сістэму дзярж кіравання. Стварэнне, рэарганізацыя і ліквідацыя М. ажыццяўляюцца Дзярж. мытным к-там. Парадак і ўмовы праходжання службы ў М. рэгламентуецца Палажэннем, якое зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, правы і абавязкі службовых асоб М. вызначаны Мытным кодэксам Рэспублікі Беларусь. На тэр. Беларусі дзейнасць М. вядома з часоў ВКЛ, адкуль паходзіць назва «М.» (ад мыта, або цло — пошліны, якую збіралі з купцоў і інш. гандляроў за ўвоз і вываз тавараў ці правоз іх па тэр. краіны). Размяшчалася ў каморы.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 53

МЫЦІ́ШЧЫ,

горад, цэнтр раёна ў Маскоўскай вобл. Вядомы з 15 ст. 152,3 тыс. ж. (1996). Паўн. прыгарад Масквы. Чыг. вузел. Прам-сць: прылада- і машынабудаванне (аўтасамазвалы, вагоны для метро), эл.-мех., электронная апаратура, кабельная прадукцыя, мастацкае ліццё, унікальная скульптура, дарожныя знакі, шарсцяныя тканіны, 2 ВНУ.

т. 11, с. 53

МЫШ,

мястэчка, гл. ў арт. Новая Мыш.

т. 11, с. 53

МЫШАЛО́ВЫ (Circus),

род птушак сям ястрабіных атр. сокалападобных. 9 (12) відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 4 віды: М. балотны, або чаротны (нар. назва балотны шуляк) — С. aeruginosus; М. лугавы — С. pygargus; М. палявы — С. cyaneus; М. стэпавы — С. macrourus. Трымаюцца адкрытых ландшафтаў, паблізу вадаёмаў. М. стэпавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела 40—60 см, маса 230—1000 г. Афарбоўка ў маладых самцоў і самак амаль аднолькавая, у дарослых адрозніваецца. Па баках галавы падабенства тваравага дыска, характэрнага для соў. Крылы і хвост доўгія, прыстасаваны да павольнага бясшумнага палёту нізка над зямлёй, калі М. высочваюць здабычу. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі (адсюль назва), дробнымі вадаплаўнымі птушкамі, жабамі, насякомымі.

Мышаловы: 1 — палявы; 2 — лугавы; 3 — стэпавы; 4 — балотны (а — самец, б самка).

т. 11, с. 53

МЫША́НКА, Міша,

рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 930 км². Пачынаецца на паўд. схілах Навагрудскага ўзв. каля в. Буйнявічы Баранавіцкага р-на, цячэ па Баранавіцкай раўніне. Асн. прытокі: Малатоўка (справа), Мутвіца (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 500—800 м. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 16 км каналізаванае, на астатнім працягу моцназвілістае, шыр. 10—12 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 40 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,9 м³/с. Створаны 3 сажалкі. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 53

МЫША́НКА,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Трэмля. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 44 км на ПнУ ад г. Петрыкаў, 152 км ад Гомеля, 3 км ад чыг. ст. Мышанка. 426 ж., 157 двароў (1999). 4 леса- і дрэваапр. прадпрыемствы, жыллёва-камунальная гаспадарка, аб’яднанне кацельных і цепласетак. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 11, с. 53