МЫШАЛО́ВЫ (Circus),

род птушак сям ястрабіных атр. сокалападобных. 9 (12) відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 4 віды: М. балотны, або чаротны (нар. назва балотны шуляк) — С. aeruginosus; М. лугавы — С. pygargus; М. палявы — С. cyaneus; М. стэпавы — С. macrourus. Трымаюцца адкрытых ландшафтаў, паблізу вадаёмаў. М. стэпавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела 40—60 см, маса 230—1000 г. Афарбоўка ў маладых самцоў і самак амаль аднолькавая, у дарослых адрозніваецца. Па баках галавы падабенства тваравага дыска, характэрнага для соў. Крылы і хвост доўгія, прыстасаваны да павольнага бясшумнага палёту нізка над зямлёй, калі М. высочваюць здабычу. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі (адсюль назва), дробнымі вадаплаўнымі птушкамі, жабамі, насякомымі.

Мышаловы: 1 — палявы; 2 — лугавы; 3 — стэпавы; 4 — балотны (а — самец, б самка).

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)