МУЛЯ́Ж (франц. moulage ад mouler фармаваць),
злепак або мадэль прадмета (з гіпсу, воску, парафіну і інш.) у натуральную велічыню; служыць у якасці нагляднага дапаможніка, напр., М. плода, органа, часткі цела.
т. 11, с. 24
МУ́ЛЯР Іван, бел. дойлід 1-й пал. 17 ст. Жыў у, в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Прымаў удзел у буд-ве Рубяжэвіцкай сядзібы.
т. 11, с. 24
МУЛЯ́РАЎКА,
вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Жыткавічы—Калінкавічы; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы—Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 12 км на Пн ад г. Петрыкаў, 178 км ад Гомеля. 649 ж., 210 двароў (1999). Акц. т-вы «Аграпрамтэхніка» і «Петрыкаўснаб», раённае аб’яднанне «Сельгасхімія». Школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Каля вёскі адбылася Муляраўская аперацыя 1942.
т. 11, с. 24
МУЛЯ́РАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
бой партызан аб’яднанага гарнізона Ф.І.Паўлоўскага па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Муляраўка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на лініі Жыткавічы—Калінкавічы 22 лют. ў Вял. Айч. вайну. Для выканання аднаўленчых работ на чыгунцы на станцыю прыбыла частка буд. батальёна гітлераўцаў. Атрадам А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін) і Капаткевіцкаму (камандзір А.Ц.Міхайлоўскі) было даручана разграміць гарнізон праціўніка. Да раніцы 21 лют. атрады сканцэнтраваліся ў в. Залессе Акцябрскага р-на, правялі разведку, удакладнілі сілы, узбраенне праціўніка. Аперацыяй кіравалі Паўлоўскі і камісар С.В.Маханько. 22 лют. раніцай партызаны акружылі станцыю і казарму, у якой размяшчаліся гітлераўцы, і адкрылі агонь. У выніку аперацыі фаш. гарнізон на ст. Муляраўка разгромлены, аднаўленчыя работы сарваны.
т. 11, с. 24
МУЛЯ́РЧЫК (Сцяпан Рыгоравіч) (н. 8.1.1943, в. Азярцо Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. радыёфізік. Д-р тэхн. н. і праф. (1988). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1966). З 1967 у БДУ. Навук. працы ў галіне электронікі, інфарматыкі. Распрацаваў метады і алгарытмы лікавага мадэліравання мікраэлектронных структур, разліку параметраў паўправадніковых элементаў, аўтаматызаванага схематэхн. праектавання інтэгральных схем.
Тв.:
Экстремальные задачи при схемотехническом проектировании в электронике. Мн., 1976 (разам з І.П.Наранковым, С.Р.Івановым);
Интегральная схемотехника. Мн., 1983;
Численное моделирование микроэлектронных структур. Мн., 1989.
П.М.Бараноўскі.
т. 11, с. 24