Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАКА́РАЎЦЫ,

вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Свіслач. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПнЗ ад г.п. Вял. Бераставіца, 41 км ад Гродна, 34 км ад чыг. ст. Бераставіца. 264 ж., 98 двароў (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанскі касцёл (канец 18 ст.).

т. 9, с. 529

Макараў Яўген Канстанцінавіч

т. 18, кн. 1, с. 424

МАКА́РАЧКІН (Міхаіл Фёдаравіч) (17.11. 1891, с. Галубкі Навасільскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 5.8.1963),

расійскі і бел. вучоны ў галіне грунтазнаўства і фундаментабудавання. Чл.-кар. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1957). Д-р тэхн. н., праф. (1945). Скончыў Тульскі настаўніцкі ін-т (1915), Маскоўскі ін-т шляхоў зносін (1927). Працаваў у праектных арг-цыях сістэмы шляхоў зносін. З 1953 у БПІ. Навук. працы па пытаннях грунтазнаўства, праектавання і буд-ва фундаментаў з выкарыстаннем мясцовых буд. матэрыялаў.

І.І.Леановіч.

т. 9, с. 529

МАКАРО́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць макаронныя вырабы. Каля 80% прадукцыі вырабляецца з мукі вышэйшых гатункаў, у некаторыя вырабы дадаюцца малочныя прадукты, яйкі і інш. Атрымала шырокае развіццё ў многіх краінах свету, паколькі макаронныя вырабы пажыўныя і высокакаларыйныя, добра зберагаюцца, хутка і проста гатуюцца. Найбуйнейшыя вытворцы макаронных вырабаў з’яўляюцца Італія (35 кг на 1 чал. за год), Японія (12 кг), Францыя (6 кг), Венгрыя, Германія, Расія, ЗША.

На Беларусі да 1920-х г. вытв-сць макаронных вырабаў вялася пераважна саматужным спосабам. Толькі ў Брэсце працавала паравая макаронная ф-ка (17 рабочых у 1908). Як самастойная галіна М.п. створана ў пач. 1920-х г. У 1931 у Барысаве, на базе дражджавога з-да пабудаваны макаронна-мукамольны камбінат (з 1944 макаронная ф-ка). На базе арцелі ўзнікла макаронная ф-ка ў Віцебску. У 1940 выпушчана 13,5 тыс. т макаронных вырабаў. У 1963 на базе арцелі створана Слуцкая макаронная ф-ка. У 1977 дзейнічала 14 аўтаматычных, 18 механізаваных паточных ліній, комплексна-механізаваны ўчастак; выпушчана 49,1 тыс. т макаронных вырабаў. У 1997 М.п. давала 0,9% валавой прадукцыі харч. прам-сці. У ёй занята 1,2% прамысл. персаналу харч. прам-сці. Вытв-сць макаронных вырабаў склала 41,5 тыс. т, што ў 1,5 раза менш, чым у 1990. Працуюць 57 прадпрыемстваў і вытв-сцей па выпуску макаронных вырабаў, найбуйнейшыя з іх Барысаўская макаронная фабрыка (адкрытае акц. т-ва «Барымак»), ф-кі ў Слуцку і Віцебску, цэх пры Магілёўскім хлебазаводзе. Створаны шэраг сумесных прадпрыемстваў, у т.л. чэшска-бел. прадпрыемства Pastaala у Нясвіжы, якое вырабляе 10 найменняў макаронных вырабаў.

П.І.Рогач.

т. 9, с. 529

МАКАРО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,

харчовыя вырабы з прэснага, замешанага на вадзе і высушанага да вільготнасці 12,5—13% пшанічнага цеста. Да іх адносяцца макарона, вермішэль, локшына, фігурныя вырабы (ракавінкі, зорачкі) і інш. Вырабляюць з мукі вышэйшых гатункаў, якая багата пратэінамі. Вызначаюцца добрым смакам, высокай пажыўнасцю і каларыйнасцю (1,5 кДж на 100 г М.в.), лёгкасцю прыгатавання; доўга захоўваюцца без страты пажыўных і смакавых якасцей. Гл. таксама Макаронная прамысловасць.

т. 9, с. 529

МАКА́РСКАЯ (па мужу Легрэ) Соф’я

(1769?, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — ?),

танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах (педагог Ле Ду). Паводле завяшчання Тызенгаўза стала ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1785—94 (з перапынкамі) у складзе балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» і ў Нац. т-ры ў Варшаве. У 1794—97 у трупе С.Галніцкага і антрэпрызе Т.Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста Панятоўскага паступіла фігуранткай на імператарскую сцэну ў Пецярбургу (у дакументах за 1797—99 пад імем Максерскай).

Г.І.Барышаў.

т. 9, с. 530

МАКА́РТНІ ((McCartney) Джэймс Пол) (н. 18.6.1942, г. Ліверпуль, Вялікабрытанія),

англійскі эстрадны і рок-спявак, кампазітар. З 1959 у квартэце «Бітлз» (бас-гітара, клавішныя, труба). Пасля 1970 выступаў і запісваў альбомы з групай «Уінгз» (1971—81), Дж.Харысанам, Р.Старам, М.Джэксанам і інш. Сярод лепшых сольных альбомаў «Ансамбль у руху» (1973), «Уінгз» вакол Амерыкі» (1976), «Усё лепшае» (1986), «Зноў у СССР» (1987, 1989), «Па-над зямлёй» (1993). Яго музыцы ўласцівы выключны меладызм, найб. яскрава выяўлены ў песнях «Учора», «Няхай будзе так», «Мыс Кінтайр» і інш. Аўтар «Ліверпульскай араторыі» (1991, першы твор у жанры класічнай музыкі). У 1996 М. нададзены тытул рыцара.

Літ.:

Багиров А «Битлз» — любовь моя. Мн., 1993;

Benson R. Paul McCartney Behind the Myth. London, 1992.

Я.У.Новікаў.

т. 9, с. 530

МАКА́РТУР ((MacArthur) Дуглас) (26.1. 1880, г. Літл-Рок, штат Арканзас, ЗША — 5.4.1964),

амерыканскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Скончыў ваен. вучылішча ва Уэст-Пойнце (1903), якое ўзначальваў у 1919—22. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1930—35 нач. штаба арміі ЗША, 1935—37 ваен. саветнік на Філіпінах (у 1936—37 фельдмаршал філіпінскай арміі), потым у адстаўцы. У 2-ю сусв. вайну з ліп. 1941 зноў на ваен. службе: камандуючы ўзбр. сіламі ЗША на Д. Усходзе. У 1942—51 галоўнакамандуючы саюзнымі ўзбр. сіламі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., прыняў капітуляцыю Японіі; адначасова ў 1945—51 узначальваў акупацыйныя сілы ЗША ў Японіі. У 1950—51 камандуючы ўзбр. сіламі ААН у Карэйскую вайну 1950—53, прыхільнік выкарыстання ядз. зброі. У крас. 1951 звольнены ў адстаўку.

т. 9, с. 530

МАКАРТЫ́ЗМ,

палітычная кампанія праследавання Камуніст. партыі ЗША, блізкіх да яе прафсаюзаў, дзярж. служачых, дзеячаў культуры і інш. у час «халоднай вайны». Ініцыіраваны і разгорнуты старшынёй (з 1953) пастаяннай сенацкай падкамісіі па расследаваннях Дж.Макарці (адсюль назва). У ходзе М. ў ЗША узмацніліся антыкамуністычныя, нацыяналіст. і антысеміцкія погляды, абвінавачанні ў «падрыўной дзейнасці» і шпіянажы на карысць СССР; з дзярж. службы звольнены каля 8,8 тыс. «ненадзейных элементаў». Ад паклёпу пацярпелі многія амерыканцы (пазбавіліся працы, незаконна асуджаны, у т.л. пакараны смерцю муж і жонка Розенбергі), што прывяло да значнай дыскрэдытацыі ўлад краіны. 2.12.1954 сенат вынес ганьбаванне Макарці за перавышэнне ім улады, пасля чаго ён страціў паліт. ўплыў, a М. паступова згас.

т. 9, с. 530

МАКАРЫКА́РЫ,

упадзіна ў Паўд. Афрыцы, тое, што і Макгадыкгадзі.

т. 9, с. 530