Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадз. архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1904—06 у эклектычным стылі (арх. П.Камбураў) як аддзяленне Маскоўскага міжнар. банка. Мураваны сіметрычны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад вылучаны рызалітам з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі на 2-м паверсе і пілястрамі карынфскага ордэра паміж імі. Тэрыторыя банка была абкружана мураванай сцяной (захавалася часткова). У комплекс уваходзілі таксама 2 жылыя будынкі і гасп. пабудовы (не захаваліся).

Магілёўскага банка будынак.

т. 9, с. 451

МАГІЛЁЎСКАГА ГУБЕ́РНСКАГА ПРАЎЛЕ́ННЯ БУДЫ́НАК Існаваў у Магілёве ў 18—1-й пал. 20 ст. Пабудаваны ў 1778 у стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з прыбудовамі з боку дваровага фасада быў злучаны з асн. аб’ёмам мураванай сцяной. На гал. фасадзе вылучаліся 3 неглыбокія рызаліты: цэнтральны, завершаны прамавугольным атыкам, і бакавыя з трохвугольнымі франтонамі. Будынак завяршаўся простым карнізам з сухарыкамі на рызалітах. На 1-м паверсе знаходзілася кватэрная камісія, выліч. экспедыцыя, паліцыя, скарб, грамадз. апека, пав. суд, на 2-м — дзярж. палата, губ. ўправа, 1-ы і 2-і дэпартаменты. Разбураны ў 1944.

Т.І.Чарняўская.

т. 9, с. 451

МАГІЛЁЎСКАГА ДВАРА́НСКАГА СХО́ДУ БУДЫ́НАК,

помнік грамадз. архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны з элементамі стылю мадэрн. Напачатку існавалі 2 мураваныя будынкі: 3-павярховы і 2-павярховы, якія пазней аб’яднаны ў адзін Г-падобны корпус, да 2-павярховага будынка дабудаваны 3-і паверх. Гал. фасад вылучаны 2 рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. 1-ы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. 2-і і 3-і паверхі ўпрыгожаны пілястрамі, паўкалонкамі, дэкар. ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Аконныя праёмы 2 верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай.

В.Р.Кукуня.

Магілёўскага дваранскага сходу будынак.

т. 9, с. 451

МАГІЛЁЎСКАГА ЖАНО́ЧАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1889—92 (арх. П.Камбураў, М.Маркаў). Мураваны 3-павярховы П-падобны ў плане будынак на высокім цокалі. Да яго цэнтр. часткі далучаны больш кароткія бакавыя карпусы, якія ўтвараюць унутр. дворык. У цэнтры па восі гал. ўвахода размяшчалася царква (не захавалася), злучаная з будынкам крытым пераходам. Цэнтр гал. фасада вылучаны неглыбокім рызалітам, завершаным атыкам з трохвугольным шчытом, 1-ы паверх аддзелены гарыз. цягамі, аздоблены рустам, сцены завершаны карнізным поясам з сухарыкамі. Аконныя праёмы 1-га і 2-га паверхаў прамавугольныя з плоскімі ліштвамі і замковымі камянямі, 3-га паверха — арачныя, упрыгожаныя сандрыкамі.

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскага губернскага праўлення будынак. Чарцёж галоўнага фасада.

т. 9, с. 451

МАГІЛЁЎСКАГА КРЭДЫ́ТНАГА ТАВАРЫ́СТВА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў стылі мадэрн. Мураваны Г-падобны ў плане 2-павярховы будынак са зрэзаным вуглом, дзе размешчаны гал. ўваход. Фасады рытмічна расчлянёны неглыбокімі рызалітамі, завершанымі атыкамі з сандрыкамі, люнетамі, арачнымі аконнымі праёмамі, пілястрамі і лапаткамі. У дэкар. аздабленні вылучаюцца паўкруглы балкон над гал. уваходам, аформлены балюстрадай, з кансолямі ў выглядзе паўфігур атлантаў, разныя дзверы ўваходаў, гермы на пілястрах, эмблемы ў выглядзе жазла, іанічныя фрызы, нішы і інш., выкарыстаны элементы стылю ампір. Пачатковая планіроўка зменена.

Ю.А.Якімовіч.

Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак.

т. 9, с. 451

МАГІЛЁЎСКАГА НАСТА́ЎНІЦКАГА ІНСТЫТУ́ТА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1853. Спалучае рысы стыляў позняга класіцызму, псеўдарус. і мадэрн. Мураваны 3-павярховы Т-падобны ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 3 неглыбокімі рызалітамі з параднымі ўваходамі, балконамі 2-ra і 3-га паверхаў з ажурнымі металічнымі агароджамі і невысокімі атыкамі з паўцыркульнымі франтонамі ў цэнтры. Фасад карнізнымі паясамі падзелены на 3 ярусы. 1-ы ярус масіўны, вырашаны як цокаль, сцены аздоблены руставанымі пілястрамі. Рытм 2-га яруса ствараюць размешчаныя папарна арачныя аконныя праёмы, падзеленыя пілястрамі, з геам. скульпт. арнаментам архівольтаў паўцыркульных арак, міжаконных пілястраў і інш. 3-і ярус з прамавугольнымі аконнымі праёмамі кантрастна вылучаецца больш дробным маштабам арх. дэталей. У Вял. Айч. вайну будынак пашкоджаны, у 1953 адноўлены. Напачатку ў будынку размяшчалася жаночая гімназія, з 1913 — настаўніцкі ін-т, з 1919 — Ін-т нар. адукацыі, з 1930 — пед. ін-т, цяпер Магілёўскі пед. ун-т імя А.Куляшова.

Ю.А.Якімовіч.

Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак.

т. 9, с. 451

МАГІЛЁЎСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Узведзены ў 1903—14 ст. паводле праекта арх. А.В.Друкера (захаваліся эскізныя варыянты пабудовы). Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарус. і позняга класіцызму. 2-павярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 2 рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, 2-і вырашаны ў выглядзе 2-яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. У дэкар. афармленні выкарыстаны рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкар. ўстаўкі ў выглядзе разетак у прамавугольных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, расл. арнамент у аздабленні акон-трыфорыумаў, разныя драўляныя дзверы і інш. У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава і галерэя П.В.Масленікава.

Ю.А.Якімовіч.

т. 9, с. 452

МАГІЛЁЎСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» імя У.І.Леніна.

Створана ў 1975 у Магілёве. У складзе аб’яднання: Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі завод штучнага валакна, з-ды: арган. сінтэзу, поліэфірных нітак, рамонтна-мех., па перапрацоўцы прамысл. сцёкавых вод і апрацоўцы асадку; вытв-сць сінт. комплексных нітак. Асн. прадукцыя (1999): дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат, поліэфірныя валокны і ніткі, віскозная тэкст. нітка, віскозная абалонка для сасісак, поліпрапіленавая плёнка, тавары нар. ўжытку.

т. 9, с. 452

МАГІЛЁЎСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.А.Рымскага-Корсакава.

Засн. ў 1937 на базе Магілёўскай муз. школы імя Рымскага-Корсакава (з 1919). У 1999/2000 навуч. г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя, нар. інструменты, дырыжыраванне (акад. і нар. хор), музыказнаўства. Рыхтуе выкладчыкаў дзіцячых муз. школ, артыстаў аркестра і хору, кіраўнікоў самадз. хароў і аркестраў, выкладчыкаў музыкі і спеваў агульнаадук. школ. Сярод творчых калектываў: аркестры рус. нар. інструментаў, сімфанічны, духавы, цымбальны; хор, ансамбль скрыпачоў, квартэт трамбаністаў. У розны час у вучылішчы выкладалі: А.Боркус, Т.Ворашань, С.Грачак, С.Гурэвіч, Я.Далгін, Л.Каганаў, С.Куляшоў, Л.Лазарэнка, І.Лушчыкаў, Е.Мінковіч, З.Міхалевіч, Н.Мендзялеўская, А.Мысаў, І.Паўлаў, В.Тупіцын, С.Файнштэйн, А.Яўстратаў і інш. Вучылішчам кіравалі: Л.Зісман (1937—56), М.Салдатаў (1956—73), Л.Іваноў (1973—98), А.Кірэйчанка (з 1998). Сярод выпускнікоў: М.Браценнікаў, У.Будкевіч, П.Вандзілоўскі, П.Дружына, У.Ермалаеў, Ю.Златкоўскі, В.Купрыяненка, Л.Ліхачэўская, С.Лясун, Б.Мазур, М.Марэцкі, М.Нікіцін, Ф.Пыталеў, В.Раінчык, А.Сасноўскі, У.Скараходаў, Т.Шчэрба, Т.Якіменка і інш.

Літ.:

Могилевское музыкальное училище им. Н.А.Римского-Корсакова (1937—1987). Могилев, 1987.

Л.А.Сівалобчык.

т. 9, с. 452

МАГІЛЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941,

ваенізаванае фарміраванне, створанае паводле рашэння Магілёўскага абкома КП(б)Б у адпаведнасці з дырэктывай ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 30.6.1941. Налічвала ў горадзе больш за 10 тыс. чал., аб’яднаных у батальёны. Створаны 2 штабы — гарадскі і абласны. Камандаваў нар. апалчэннем абласны ваен. камісар І.П.Ваяводзін. Атрады дзейнічалі на гарбарным, аўтарамонтным, косцеперапрацоўчым з-дах, чыг. вузле, у пед. ін-це і інш., сфарміраваны батальён (камандзір К.Р.Уладзіміраў) і атрад (Дз.С.Вольскі) з супрацоўнікаў абл. ўпраўлення НКУС і міліцыі. Апалчэнцы вобласці (каля 12 тыс. чал.) вялі барацьбу з дыверсантамі і шпіёнамі, ахоўвалі лініі сувязі і прамысл. аб’екты, удзельнічалі ў эвакуацыі насельніцтва і прадпрыемстваў, у стварэнні абарончых рубяжоў. 3—26 ліп. разам з часцямі і падраздзяленнямі Чырв. Арміі горад абаранялі апалчэнцы: на 3 дзейнічалі атрады ф-кі штучнага шоўку (страціў палову свайго складу), гарбарнага і косцеперапрацоўчага з-даў, на ПнЗ — батальёны супрацоўнікаў міліцыі (з 250 чал. жывымі засталіся 19), і знішчальны (камандзір М.І.Калугін), атрады чыг. вузла, з-даў трубаліцейнага і «Адраджэнне»; на левым беразе Дняпра (прыкрывалі тыл) атрады Вольскага (загінулі ўсе), аўтарамонтнага з-да, мясакамбіната і інш. прадпрыемстваў, пед. ін-та (гл. Магілёва абарона 1941). Выкарыстаўшы перавагу ў сілах і сродках, ням. захопнікі 26 ліп. ўварваліся ў Магілёў. Вайскоўцы і апалчэнцы пакінулі горад. Многія з іх прадаўжалі барацьбу ў радах Чырв. Арміі, партыз. атрадах і падполлі. На брацкіх магілах апалчэнцаў у Магілёве і пас. Гаі пастаўлены помнікі.

У.І.Лемяшонак.

т. 9, с. 452