ЛЕ́НІНСКІ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ БЕЛАРУ́СІ,
ЛСКМБ, гл. Камуністычны саюз моладзі Беларусі.
т. 9, с. 204
ЛЕ́НІНСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Пінскай вобл. Цэнтр — в. Ленін, з 8.6.1950 — г.п. Мікашэвічы. 1.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 20.1.1960 скасаваны, сельсаветы перададзены Жыткавіцкаму р-ну Гомельскай вобл., Старобінскаму р-ну Мінскай вобл., Лунінецкаму р-ну Брэсцкай вобл.
т. 9, с. 204
ЛЕ́НІНСК-КУЗНЕ́ЦКІ,
горад, раённы цэнтр у Кемераўскай вобл. Расіі, на р. Іня. Да 1922 пасёлак Кальчугіна, да 1925 Леніна, з 1925 горад. 118 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Цэнтр вугальнай прам-сці Кузбаса. Прам-сць: машынабудаванне, лёгкая, харч., коксахім., буд. матэрыялаў. Краязнаўчы музей.
т. 9, с. 204
ЛЕНКАРА́НСКАЯ НІЗІ́НА На ПдУ Каўказа, у Азербайджане, паміж Талышскімі гарамі і Каспійскім м. Шыр. 5—6 км на Пд, 25—30 км на Пн. Нізіна спадзіста нахілена да мора. Складзена з марскіх і рачных адкладаў, на У забалочаная, шмат дробных азёр. Клімат субтрапічны. Зберагліся лясы з каштаналістага дубу, жал. дрэва, гледычый, вольхі. Раён вырошчвання субтрапічных культур (чай, рыс, тунг, тытунь, інжыр і інш.) і шаўкаводства. Каля ўзбярэжжа мора — Гызылагаджскі запаведнік з багатай фаунай птушак.
т. 9, с. 204
ЛЕНКАРА́НЬ,
горад, раённы цэнтр у Азербайджане, на р. Ленкараньчай пры ўпадзенні яе ў Каспійскае м. 45,4 тыс. ж. (1991). Порт на Каспійскім м. Чыг. станцыя. Цэнтр раёна вырошчвання субтрапічных культур. Прам-сць харчасмакавая (чай, рыбныя і агароднінныя кансервы, мясныя вырабы і інш.); вытв-сць буд. матэрыялаў. Тэатр. Краязнаўчы музей. Прыморскі кліматычны і бальнеалагічны курорт (з 19 ст.).
Адзін з самых стараж. гарадоў Азербайджана. У 12 ст. паблізу Л. адкрыты гарачыя мінер. крыніцы. У 1629 цэнтр нац.-вызв. паўстання. З сярэдзіны 18 ст. гал горад Талышынскага ханства. У перыяд Руска-іранскіх войнаў 19 стагоддзя разбурана персамі, якія пабудавалі тут крэпасць. У 1813 узята рус. войскамі. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 уваходзіла ў склад Расіі (да 1918, з 1846 пав. горад).
т. 9, с. 204
ЛЕНО́ТР, Ле Нотр (Lenôtre, Le Nôtre) Андрэ (12.3.1613, Парыж — 15.9.1700), французскі архітэктар; майстар садова-паркавага мастацтва. Вучыўся ў С.Вуэ, Ш.Лебрэна і, магчыма, у Ф.Мансара. З 1657 ген. кантралёр пабудоў Людовіка XIV. Развіў прынцып геам. планіроўкі і падстрыгання насаджэнняў, характэрны для італьян. садоў эпохі Адраджэння. Спалучаў рацыяналізм класіцызму з прасторавым размахам барока, стварыў сістэму пабудовы вял. рэгулярнага («французскага») парку з геам. сеткай алей, правільнымі абрысамі газонаў, басейнаў, баскетаў. Кіраваў работамі ў парку Во-ле-Віконт (з 1653), у каралеўскіх парках Сен-Жэрмен, Фантэнбло, Шантыйі, Сен-Клу (1660-я г.) — усе ў Парыжы. Аўтар паркаў Версаля. Спраектаваў Сент-Джэймспарк у Лондане і парк у г. Грынвіч (абодва 1662). Сістэма Л. была дамінуючай у еўрап. паркабудаўніцтве да сярэдзіны 18 ст.
т. 9, с. 204
ЛЕ́НСКІ (сапр. Вервіцыёці) Аляксандр Паўлавіч
(13.10.1847, Кішынёў — 26.10.1908),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог і тэарэтык т-ра. На прафес. сцэне з 1865. У 1876—1908 у маскоўскім Малым т-ры (у 1882—84 у Александрынскім т-ры). З 1888 выкладаў у Маскоўскім тэатр. вучылішчы. Адзін з заснавальнікаў Новага т-ра (філіял Малога т-ра), у 1898—1903 узначальваў у ім драм. трупу. Імкнуўся да перадачы рэаліст. шматграннасці і гіст. дакладнасці характарыстыкі персанажа, да спалучэння творчага натхнення з высокай сцэн. тэхнікай. Сярод роляў: Петручыо, Гамлет, Атэла, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы», «Гамлет», «Атэла», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Урыэль Акоста («Урыэль Акоста» К.Гуцкава), Чацкі і Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Паратаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Сталбцоў, Дзямурын («Новая справа» і «Цана жыцця» У.Неміровіча-Данчанкі). У Новым т-ры паставіў спектаклі: «Рэвізор» М.Гогаля, «Казьма Захар’іч Мінін-Сухарук» і «Снягурка» Астроўскага; у Малым т-ры — «Рамэо і Джульета», «Бура» Шэкспіра, «Без віны вінаватыя» Астроўскага.
Тв.:
Статьи. Письма. Записки. 2 изд. М., 1950.
Літ.:
Зограф Н.Г. АП.Ленский. М., 1955.
т. 9, с. 204
ЛЕ́НСКІ (Аляксандр Сцяпанавіч) (25.3. 1910, с. Нячаеўка, Мардовія — 7.10. 1978),
таджыкскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Таджыкістана (1945). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937). У 1937—56 працаваў у Душанбе, у 1943—56 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Таджыкістана. У 1966—74 выкладаў у Маскоўскім ін-це культуры. Аўтар першага тадж. балета «Дзве ружы» (1941). Сярод інш. твораў: оперы «Тахір і Зухра» (1945), «Нявеста» (1946), «Хасіят» (1964); балет «Дыльбар» (1954); «Таджыкская сімфонія» (1937), «Таджыкскія сюіты для сімф. аркестра» (1938); хары a cappella; апрацоўкі тадж. нар. песень; рамансы, песні; музыка для т-ра і кіно.
т. 9, с. 204
ЛЕ́НСКІ ((Lenski) Юльян) (сапр. Ляшчынскі; 8.1.1889, г. Плоцк, Польшча — 20.8.1939),
дзеяч польскага і міжнар. рабочага руху. Вучыўся ў Ягелонскім (Кракаўскім) ун-це (1909—12). З 1905 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар ВРК, пазней камісар па польскіх справах у Наркамнацы. Са снеж. 1918 у Мінску, адзін з арганізатараў і рэдактар газ. «Młot» («Молат»). У 1919 нар. камісар асветы Літ.-Бел. ССР, чл. ЦК КП(б) Літвы і Беларусі. У 1920 чл. Польскага бюро пры ЦК РКП(б). З 1925 чл. ЦК і Палітбюро ЦК Кампартыі Польшчы (КПП). Удзельнік I (1928) i II (1935) з’ездаў КПЗБ. У 1929—37 ген. сакратар КПП, чл. Прэзідыума Выканкома Камінтэрна. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955.
т. 9, с. 204
ЛЕ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН На тэрыторыі Рэспублікі Саха (Якуція) і часткова Краснаярскага краю Расіі. Пл. 600 тыс. км2. Агульныя рэсурсы вугалю да глыб. 1800 м — 1647 млрд. т. Вугляносныя адклады юры і ніжняга мелу маюць некалькі дзесяткаў вугальных пластоў. Вуглі бурыя і каменныя, у асн. маркі Д і Г. Цеплыня згарання ад 14,5 да 24,2 МДж/кг. Цэнтры здабычы — г.п. Сангар, Кангаласы.
т. 9, с. 204