ЛЕНО́ТР, Ле Нотр (Lenôtre, Le Nôtre) Андрэ (12.3.1613, Парыж — 15.9.1700), французскі архітэктар; майстар садова-паркавага мастацтва. Вучыўся ў С.Вуэ, Ш.Лебрэна і, магчыма, у Ф.Мансара. З 1657 ген. кантралёр пабудоў Людовіка XIV. Развіў прынцып геам. планіроўкі і падстрыгання насаджэнняў, характэрны для італьян. садоў эпохі Адраджэння. Спалучаў рацыяналізм класіцызму з прасторавым размахам барока, стварыў сістэму пабудовы вял. рэгулярнага («французскага») парку з геам. сеткай алей, правільнымі абрысамі газонаў, басейнаў, баскетаў. Кіраваў работамі ў парку Во-ле-Віконт (з 1653), у каралеўскіх парках Сен-Жэрмен, Фантэнбло, Шантыйі, Сен-Клу (1660-я г.) — усе ў Парыжы. Аўтар паркаў Версаля. Спраектаваў Сент-Джэймспарк у Лондане і парк у г. Грынвіч (абодва 1662). Сістэма Л. была дамінуючай у еўрап. паркабудаўніцтве да сярэдзіны 18 ст.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)