Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́ННІКІ,

у Стараж. Грэцыі (Афіны, Фесалія і інш. гарады-дзяржавы) і Стараж. Рыме прывілеяванае саслоўе (другое пасля зямельнай арыстакратыі — набілітэту). У грэч. дзяржавах К. з’яўляліся ў войска на ўласным кані (адсюль назва) і з уласным узбраеннем. У Рыме да 4 ст. да н. э. К. — вайск. група (на ўтрыманне каня яны атрымлівалі дапамогу ад дзяржавы), пазней — асобае саслоўе, аснову багацця якога складала валоданне грашамі і рухомай маёмасцю. Сапернічалі з набілітэтам за права кіраваць паліт. жыццём. Займалі камандныя пасады ў войску, кіруючыя пасады ў Рыме і правінцыях. Як самаст. саслоўе існавалі да 4 ст. н. э.

т. 8, с. 407

КО́ННЫ ЗАВО́Д,

гаспадарка, якая займаецца ўзнаўленнем і гадоўляй высакакласных коней на племя. Забяспечвае жарабцамі-вытворнікамі племянныя конегадоўчыя фермы с.-г. прадпрыемстваў. Мае спецыялізаваныя збудаванні: стайні, манежы, вет. лазарэт з ізалятарам, лабараторыю для штучнага асемянення, склады фуражу, конскага інвентару і інш. На Беларусі племянная і селекцыйная работа па конегадоўлі вядзецца на 6 К.з. Найбуйнейшыя з іх — Гомельскі, Мсціслаўскі, Мінскі імя Даватара, «Зарэчча» (г. Жодзіна Мінскай вобл.). Асн. метад — чыстапароднае развядзенне па лініях. Гадуюць беларускіх запражных коней, рускую цяжкавозную пароду, рускую рысістую пароду, тракененскую пароду і інш.

т. 8, с. 407

КО́ННЫ СПОРТ,

верхавая язда спарт. характару. Уключае пераадольванне перашкод (канкур), выездку, трохбор’е (манежная язда, палявыя выпрабаванні, пераадольванне перашкод), прабегі, вальтыжыроўку. Да К.с. адносяць таксама скачкі (гладкія і бар’ерныя), стыпль-чэз, джыгітоўку, язду ў экіпажах, коннае пола, нац. конныя гульні. Спаборніцтвы праводзяцца звычайна на іпадромах і ў манежах.

Вядомы са стараж. часоў. У Расіі першыя конныя турніры пачаліся ў Пецярбургу ў 1766, першыя скачкі — у 1826. У СССР К.с. развіваўся ў 1920-я г. ў армейскіх часцях, у клубах Асаавіяхіма. На Беларусі культывуецца з 1957, з часу адкрыцця аддзялення К.с. ў Гомельскай спарт. школе моладзі. Працуюць (1998) Рэсп. цэнтр па К.с. і конегадоўлі (пас. Ратамка Мінскага р-на), 11 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ і 8 секцый К.с. Найб. вядомыя бел. спартсмены: В.Угрумаў, І.Карачова — бронз. прызёр чэмпіянату свету і чэмпіёнка СССР у камандным заліку (1978); чэмпіёны СССР — Ю.Зябраў (1965), В.Вагнер (1978), абодва — пераадольванне перашкод, А.Яцына (1977, выездка); А.Зелянко, А.Сарачаў, С.Антановіч, Ю.Навумовіч-Швабоўская, Т.Жалабковіч і інш.

А.Э.Няхайчык.

т. 8, с. 407

КО́НРАД (Conrad) Джозеф [сапр. Кажанёўскі

(Korzeniowski) Тэадор Юзаф Конрад; 3.12.1857, г. Бярдзічаў, Украіна — 3.8.1924], англійскі пісьменнік. Па паходжанні паляк, сын удзельніка паўстання 1863—64. З 1874 прафесійны мараплавец. У 1894 пакінуў марскую службу, жыў у Англіі. У л-ры дэбютаваў раманам «Капрыз Алмеера» (1895),

рукапіс якога ўхваліў Дж.Голсуарсі. У неарамант. раманах «Негр з «Нарцыса» (1897), «Лорд Джым» (1900), «Сэрца цемры» (1902), звяртаючыся да марской тэматыкі, даследуе сутнасць душы чалавека, які ўступае ў фатальную схватку з лёсам і самім сабой. Найб. вядомы твор — раман «Нострама» (1904) пра разбуральнае ўздзеянне палітыкі і матэрыяльных інтарэсаў на ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Аўтар паліт. рамана «Вачыма Захаду» (1911), артыкулаў пра І.Тургенева, Г. дэ Мапасана.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1959;

Ностромо. М., 1985.

Літ.:

Урнов Д.М. Джозеф Конрад. М., 1977;

Najder Z. Życie Conrada-Korzeniowskiego. T. 1—2. Warszawa, 1980.

Н.М.Саркісава.

т. 8, с. 407

КО́НРАД (Мікалай Іосіфавіч) (13.3.1891, Рыга — 30.9.1970),

савецкі ўсходазнавец, заснавальнік сав. школы японазнаўства. Акад. АН СССР (1958), праф. (1926). Скончыў Пецярбургскі ун-т і Практычную ўсх. акадэмію (1912). У 1913—50 выкладаў у ВНУ Кіева, Арла, Ленінграда, Масквы, пазней працаваў у Ін-це ўсходазнаўства АН СССР. Асн. працы па літ.-знаўстве, мовазнаўстве, гісторыі і гісторыі культуры Кітая, Карэі, Японіі; перакладчык пісьмовых помнікаў гэтых краін на рус. мову. Даў аналіз заканамернасцей развіцця сусв. л-ры, агульных і своеасаблівых рыс гіст. развіцця краін Азіі і Еўропы. Быў членам гал. рэдакцыі «Сусветнай гісторыі» (т. 1—10, 1955—65), аўтар многіх яе раздзелаў.

т. 8, с. 408

КО́НРАД ((Conrad) Чарлз) (н. 2.4.1930, г. Філадэльфія, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1953), Ваен-марскую школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1961). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 21—29.8.1965. з Г.Куперам здзейсніў палёт па касм. караблі «Джэміні-5» (як 2-і пілот); 12—15.9.1966 з Р.Горданам — палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (як камандзір); 14—24.11.1969 з Горданам і А.Бінам — палёт на касм. караблі «Апалон-12» (як камандзір) на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Бінам) на яго паверхню; 25.5—22.6.1973 з П.Вейцам і Дж. Кервінам — палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 1-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Агульная працягласць палётаў 49,15 сут. Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.

т. 8, с. 408

КО́НРАДА ПАВЕ́РХНЯ,

умоўная мяжа паміж «гранітным» і «базальтавым» слаямі зямной кары, якая выяўляецца па скачкападобным павелічэнні хуткасці праходжання сейсмічных хваль (месцамі адсутнічае). Глыб. залягання 5—35 км. Названа імем аўстр. геафізіка В.Конрада.

т. 8, с. 408

КОНС,

адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.

т. 8, с. 408

КО́НСКАЯ СІ́ЛА,

устарэлая пазасістэмная адзінка магутнасці. Абазначаецца к.с., л.с. (рус. лошадиная сила), PS (ням. Pferdestärke), CV (франц. chevalvapeur), HP (англ. horse power). Замест яе ў Міжнароднай сістэме адзінак ужываецца ват. 1 к.с. = 75 кгс∙м/с = 735,499 Вт. У ЗША і Вялікабрытаніі 1 HP = 745,7 Вт.

т. 8, с. 408

КО́НСКІЯ ШЫРО́ТЫ,

вобласці Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі (паміж 30—35° паўн. ш. і паўд. ш.) ва ўнутр. ч. субтрапічных антыцыклонаў са слабымі вятрамі і частымі штылямі. Назва звязана з тым, што ў часы паруснага мараплавання з-за штыляў у Атлантычным ак. здараліся працяглыя затрымкі суднаў і з-за недахопу прэснай вады даводзілася выкідаць за борт коней, якіх перавозілі з Еўропы ў Амерыку.

т. 8, с. 408