Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́МПТАНАЎСКАЯ ДАЎЖЫНЯ́ ХВА́ЛІ,

фізічная велічыня, якая мае размернасць даўжыні і вызначае вобласць праяўлення рэлятывісцкіх квантавых эфектаў. Для элементарнай часціцы з масай m К.д.х. λ0 = ħ mc , ħ = h 2π — пастаянная Планка, c — скорасць святла ў вакууме. Назва звязана з тым, што λ0 вызначае змену даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення ў Комптана эфекце на адпаведнай часціцы.

т. 8, с. 399

КО́МПТАНА ЭФЕ́КТ,

павелічэнне даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення (рэнтгенаўскага і γ-выпрамянення) пры рассеянні яго на свабодных або слаба звязаных электронах. Назіраецца таксама і пры рассеянні эл.-магн. хваль на пратонах, нейтронах, атамных ядрах. Адкрыты А.Комптанам у 1923.

Закон захавання энергіі-імпульсу пры дастасаванні да працэсу рассеяння на вугал v фатона на электроне масы m дае магчымасць вызначыць павелічэнне даўжыні хвалі фатона: Δλ= λ0(1−cosv), дзе λ0комптанаўская даўжыня хвалі электрона. Δλ не залежыць ад першапачатковай даўжыні хвалі λ і найбольшая пры рассеянні назад (ν = π). Доследы Комптана, якія пацвердзілі гэтыя вывады, сталі доказам квантавай прыроды святла.

т. 8, с. 399

КО́МСЕНІЧЫ,

вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад г.п. Круглае, 65 км ад Магілёва, 31 км ад чыг. ст. Талачын, каля шашы Магілёў—Круглае (2 км). 608 ж., 227 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 399

«КОМСОМО́ЛЬСКАЯ ПРА́ВДА»,

масавая грамадска-паліт. газета. Выдаецца з мая 1925 у Маскве на рус. мове. Выходзіць 5 разоў на тыдзень. Асвятляе міжнар. падзеі, грамадска-паліт., эканам., культ. жыццё краіны. Публікацыі, звязаныя з развіццём л-ры, культуры, мастацтва, спорту і інш., адметныя шматжанравасцю, актуальнасцю, элементамі займальнасці. Мае штотыднёвы спецвыпуск на 32 старонках, з іх 12 — інфармацыйны матэрыял па Беларусі. Са студз. 1999 выходзіць пад назвай «Комсомольская правда в Белоруссии».

т. 8, с. 399