Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭКАТРО́Н [ад дэка... + (элек)трон],

многаэлектродная газаразрадная прылада тлеючага разраду. Прызначаны для індыкацыі эл. імпульсаў у дзесятковай сістэме лічэння, падліку, камутацыі слабатокавых эл. ланцугоў і інш. Найб. хуткасць лічэння 10​5 імпульсаў за 1 с. Выкарыстоўваецца ў індыкатарных табло лічбавых кантрольна-вымяральных прылад, вылічальных прыладах і інш.

Найб. пашыраная канструкцыя двухімпульснага Д. мае анод у выглядзе дыска з размеркаванымі вакол яго індыкатарнымі і кіроўнымі электродамі. Прынцып дзеяння Д. заснаваны на накіраваным пераносе (пераключэнні) кіроўнымі імпульсамі тлеючага разраду з аднаго электрода на другі.

т. 6, с. 337

ДЭКАЦІРО́УКА (ад франц. décatir знішчаць бляск),

апрацоўка парай ці гарачай вадой шарсцяных і інш. тканін. Паляпшае іх якасць (ушчыльненне, павелічэнне мяккасці або пругкасці, бляску ці матавасці) і папярэджвае ўсадку пры пашыве і нашэнні. Робіцца ў т.зв. дэкацірах і ўсадачных машынах (забяспечваюць бесперапыннасць працэсу), звычайна перад фарбаваннем.

т. 6, с. 337

ДЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. declamatio практыкаванне ў красамоўстве),

мастацтва выразна чытаць вершы ці прозу. Узнікла ў Стараж. Рыме як частка красамоўніцкага мастацтва. Прынятая ў 17—18 ст. класіцысцкім т-рам прыўзнятая, напеўная, умоўная Д. замянілася ў канцы 18 — пач. 19 ст. жыццёва праўдзівай, індывідуалізаванай мовай, якую ўвёў рамант. і асабліва рэаліст. т-р. Тэрмін Д. ўжываўся для вызначэння канцэртнага чытання вершаў з эстрады (пазней заменены тэрмінам мастацкае чытанне). Разнавіднасць эстраднай Д. — меладэкламацыя.

т. 6, с. 338

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ (ад лац. declaratio абвяшчэнне),

1) заява аднаго або некалькіх урадаў, паліт. партый, міжнар. або грамадскіх арг-цый, якія даводзяць да ўсеагульнага ведама праграмны акт, важную міжнар. падзею, закон і да т.п.; урачыстае абвяшчэнне агульнапаліт. прынцыпаў.

2) Заява падаткаплацельшчыка і некат. катэгорый дзярж. служачых пра характар і памер даходаў, маёмаснае становішча.

3) Дакумент, які прыкладаецца да грашовых і каштоўных пакетаў, што пасылаюцца поштай за межы краіны.

4) Заява мытні ад асобы, якая перасякае граніцу, пра наяўнасць і колькасць у яе рэчаў, каштоўнасцей, валюты і інш.

т. 6, с. 338

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ, Вашынгтонская дэкларацыя. Падпісана ў Вашынгтоне 1.1.1942 прадстаўнікамі 26 дзяржаў (CCCP, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Бельгіі, Гаіці, Гандураса, Гватэмалы, Грэцыі, Дамініканскай Рэспублікі, Індыі, Канады, Кітая, Коста-Рыкі, Кубы, Люксембурга, Нарвегіі, Нідэрландаў, Нікарагуа, Новай Зеландыі, Панамы, Паўднёва-Афрыканскага Саюза, Польшчы, Сальвадора, Чэхаславакіі і Югаславіі). Прынята ў развіццё Атлантычнай хартыі 1941. Прадугледжвала абавязацельствы бакоў (атрымалі назву Аб’яднаных Нацый) выкарыстаць усе свае ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць фаш. Германіі, яе саюзнікаў і сатэлітаў, узаемнае супрацоўніцтва краін антыгітлераўскай кааліцыі, незаключэнне імі сепаратнага перамір’я або міру з праціўнікам, далучэнне да Дэкларацыі інш. нацый, якія дапамагаюць або могуць дапамагчы ў барацьбе з фашызмам. З’явілася важным крокам у справе аб’яднання сіл антыгітлераўскай кааліцыі.

т. 6, с. 338

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ АБВЯШЧЭННІ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дзяржаўны і паліт. акт аб аднаўленні Беларускай ССР (2-м абвяшчэнні) на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1.1.1919. Прынята 31.7.1920 на сумесным пасяджэнні Мінскага губ. ВРК з шэрагам паліт. партый і прафс. арг-цый Мінскай губ. Дэкларацыю падпісалі В.​Г.​Кнорын, А.​Р.​Чарвякоў і І.​Т.​Смілга [ад КП(б)Літбел], А.​М.​Крыніцкі (Бампі; праф. арг-цыі Мінскай губ.), У.​М.​Ігнатоўскі (Бел. камуніст. арг-цыя), А.​І.​Вайнштэйн (Бунд). Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскіх акупантаў і фактычным скасаваннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сувязі з міжнар. становішчам (мірны дагавор РСФСР з Літвой 12.7.1920; наступленне Чырв. Арміі на Варшаву і інш.) дэкларацыя не акрэслівала граніц Беларусі, а толькі сфармулявала прынцыпы, на аснове якіх павінна быць вызначана яе тэрыторыя. Да склікання з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР, адмяняліся ўсе законы і пастановы польскай акупац. улады.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 338

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ ДЗЯРЖА́ЎНЫМ СУВЕРЭНІТЭ́ЦЕ БЕЛАРУ́СКАЙ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

акт урачыстага абвяшчэння суверэнітэту Беларусі. Прынята Вярх. Саветам БССР 27.7.1990. 25.8.1991 Дэкларацыі нададзены статус канстытуцыйнага закону. Складаецца з прэамбулы і артыкулаў. Беларусь абвешчана суверэннай дзяржавай, усталяванай на аснове права бел. нацыі на самавызначэнне, дзяржаўнасці бел. мовы, вяршэнства народа як носьбіта і адзінай крыніцы дзярж. улады. Мэты дзярж. суверэнітэту: свабоднае развіццё і дабрабыт, забеспячэнне правоў асобы, ператварэнне сваёй тэрыторыі ў бяз’ядзерную зону, а Беларусі ў нейтральную дзяржаву. Вызначэнне суверэнітэту абумовіла прыняцце прававых норм, якія замацавалі грамадзянства Беларусі, уласнасць бел. народа на зямлю, нетры, паветр. прастору, нац., культ. і гіст. каштоўнасці, непадзельнасць і недатыкальнасць тэрыторыі, права на стварэнне сваіх фін.-крэдытнай і грашовай сістэм, на ўласныя ўзбр. сілы, права заключаць добраахвотныя саюзы з інш. дзяржавамі і выходзіць з гэтых саюзаў.

т. 6, с. 338

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ 1776. Прынята 4.7.1776 у г. Філадэльфія 2-м Кантынент. кангрэсам прадстаўнікоў 13 англ. калоній у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Аўтарам яе праекта быў Т.Джэферсан. Абвясціла аддзяленне калоній ад метраполіі і ўтварэнне новай незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі, роўнасць усіх каланістаў перад законам і іх неад’емныя правы на «жыццё, свабоду і імкненне да шчасця», прынцып нар. суверэнітэту як аснову дзярж. ладу і інш. Была першай у сусв. гісторыі дэкларацыяй правоў чалавека. Дзень 4 ліпеня з’яўляецца нац. святам ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976.

т. 6, с. 338

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА,

гл. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

т. 6, с. 338

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І ГРАМАДЗЯНІ́НА,

праграмны дакумент Французскай рэвалюцыі 1789—99. Прынята Устаноўчым сходам 26.8.1789. Зыходзіла з канцэпцыі нар. суверэнітэту і неад’емных натуральных правоў чалавека, якімі абвяшчаліся свабода асобы, слова, друку, сумлення, роўнасць грамадзян перад законам, іх правы на бяспеку, уласнасць і інш. У 1791 уключана ў франц. канстытуцыю як яе ўступная частка. Дэкларацыя зрабіла значны ўплыў на рэв. рух і паліт. думку краін Еўропы.

т. 6, с. 338