ГЕМЕРАФІ́ЛЫ
[ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...філ(ы)],
1) віды арганізмаў, якія жывуць параважна ў згуртаваннях культ. раслін (аграбіяцэнозах). Сярод гемерафілаў шмат пустазелля і шкоднікаў с.-г. раслін, у адносінах да якіх выкарыстоўваецца тактыка знішчэння або абмежавання пашырэння.
2) Віды жывёл і раслін, вобласць пашырэння якіх павялічылася ў выніку гасп. дзейнасці чалавека і ўплыву яго на прыродную расліннасць (напр., пашырэнне культ. раслін). Гл. таксама Гемерафобы.
т. 5, с. 148
ГЕМЕРАФО́БЫ
[ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...фоб(ы)],
1) віды жывых арганізмаў, якія пазбягаюць згуртаванняў культ. раслін. Вял. колькасць гемерафобаў — біяіндыкатары ўмоў навакольнага асяроддзя.
2) Віды жывёл і раслін, што зніклі ці знікаюць у выніку ўздзеяння чалавека на прыроднае асяроддзе і расліннасць. У шэрагу выпадкаў патрабуюцца спец. меры іх аховы ў мэтах захавання генафонду. У флоры Беларусі пад уплывам меліярацыі гемерафобы знікаюць (напр., асобныя віды балотных раслін). Гл. таксама Гемерафілы.
т. 5, с. 148
ГЕМІНІ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Блізнят. Назіраецца ў 1-й пал. снежня, максімум 13—14 снежня. Адзін з найб. актыўных патокаў, што дзейнічаюць штогод. Мае вельмі кароткі перыяд абарачэння вакол Сонца — 1,7 года. Упершыню назіраўся ў 1862.
т. 5, с. 148
ГЕМІЦЭЛЮЛО́ЗЫ
(ад гемі... + цэлюлоза),
група поліцукрыдаў вышэйшых раслін, якія ўваходзяць разам з цэлюлозай у састаў клетачнай сценкі. Найб. пашыраны глюкуранаксіланы, глюкамананы, галактаглюкамананы. Агульная колькасць геміцэлюлозы ў раслінах можа дасягаць 40%. Разам з лігнінам выконваюць функцыю аморфнага цэментуючага рэчыва.
т. 5, с. 148
ГЕМО́ЛІЗ
(ад гема... + ...ліз),
працэс разбурэння чырвоных крывяных цельцаў (эрытрацытаў). У арганізме чалавека і жывёл адбываецца пастаянна як фізіял. працэс гібелі эрытрацытаў, што канчаюць свой жыццёвы цыкл; можа быць паталагічным (гемалітычная хвароба, гемалітычныя анеміі і інш). Эрытрацыты, якія старэюць, і тыя, што маюць дэфекты, разбураюцца ў селязёнцы, няспелыя — у касцявым мозгу, эрытрацыты са значнымі дэфектамі — у печані. Гэта ўнутрыклетачны гемоліз, дзе асн. вытворным з’яўляецца білірубін. Каля 10% эрытрацытаў у норме разбураюцца ўнутры сасудзістага рэчышча, дзе б. ч. гемаглабіну разбураных эрытрацытаў злучаецца са спецыфічным бялком — гаптаглабінам, а лішак трапляе ў ныркі і выдзяляецца з мачой (гемаглабінурыя).
т. 5, с. 148
ГЕМПДЭН,
Хемпдэн (Hampden) Джон (1594, Лондан — 24.6.1643), палітычны дзеяч англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст. Стрыечны брат О.Кромвеля. Атрымаў адукацыю юрыста. У 1621 абраны ў парламент, адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі. У 1637 асуджаны за адмову плаціць «карабельны падатак», які ўвёў Карл І. У 1640 абраны ў Доўгі парламент, арыштаваны ў 1634 у ліку пяці лідэраў апазіцыі. У пач. 1-й грамадз. вайны далучыўся да індэпендэнтаў. У бітве пад Чалграў-Філд (18.6.1643) смяротна паранены.
т. 5, с. 149
ГЕМПШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА авечак, паўтанкарунная, мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1-й пал. 19 ст. ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем мясц. грубашэрсных і помесных цёмнагаловых авечак з саўтдаўнскімі. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША і інш. краінах. У СССР выкарыстаны пры вывядзенні горкаўскай і літоўскай чорнагаловай парод.
Авечкі вялікія, з шырокім тулавам, бязрогія, скараспелыя. Тулава светлае, галава цёмная. Жывая маса бараноў 100—110, матак 65—70 кг. Воўна 50—58-й якасці, даўж. 8—10 см, выкарыстоўваецца пераважна на выраб трыкатажу, асабліва каштоўная воўна ягнят.
т. 5, с. 149