Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭНЕГА́ДАС (ісп. renegados ад позналац. renegatus рэнегат),

у арабскіх дзяржавах Пірэнейскага п-ва ў 8—15 ст. хрысціяне, якія прынялі іслам; разглядаліся хрысціянскай царквою як «адступнікі» (рэнегаты).

т. 14, с. 12

РЭНЕГА́Т (позналац. renegatus ад лац. renego адракаюся),

чалавек, які здрадзіў сваім перакананням і перайшоў у лагер праціўніка; таксама адступнік, які адрокся ад сваёй веры.

т. 14, с. 12

РЭНЕ́ЙСКІ (Віктар Іосіфавіч) (н. 24.1.1967, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спартсмен, веславанне на каноэ. Засл. майстар спорту Беларусі (1989). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1990). Чэмпіён XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул) на каноэ-двойцы (у пары з М.​Жураўскім, Малдова) на дыстанцыях 500 і 1000 м; сярэбраны прызёр XXVI Алімп. гульняў (1996, г. Атланта, ЗША); 9-разовы чэмпіён свету на розных дыстанцыях (1989, 1990, 1991), сярэбраны прызёр (1991, 1995). 8-разовы чэмпіён СССР.

т. 14, с. 12

Рэнейскі Анатоль Іосіфавіч

т. 18, кн. 1, с. 444

РЭ́НЕР ((Renner) Карл) (14.12.1870, Дольні-Дунаёвіцы, Чэхія — 31.12.1950),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. З 1907 дэп. рэйхсрата Аўстра-Венгрыі. У кастр. 1918 — чэрв. 1920 дзярж. канцлер і адначасова ў ліп. 1919 — кастр. 1920 дзярж. сакратар замежных спраў Аўстр. Рэспублікі. Падпісаў Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919. У 1920—34 чл. Нац. савета, у 1931—33 яго першы прэзідэнт. У 1938 выступаў за аншлюс. З крас. 1945 дзярж. канцлер часовага ўрада Аўстрыі, са снеж. 1945 федэральны прэзідэнт адноўленай Аўстр. Рэспублікі. Адзін з ідэолагаў аўстрамарксізму, аўтар прац «Абнаўленне Аўстрыі» (т. 1—3, 1916), «Марксізм, вайна і Інтэрнацыянал» (1917), «Дзяржаўная гаспадарка, сусветная эканоміка і сацыялізм» (1929), «На рубяжы двух часоў» (1946, аўтабіяграфія), «Чалавек і грамадства» (апубл. ў 1952).

Літ.:

Кретинин С.В. Карл Реннер: жизнь и деятельность (1870—1950) // Новая и новейшая история. 1999. №5.

т. 14, с. 12

РЭНЕСА́НС (франц. Renaissance Адраджэнне, ад лац. renaître адраджацца),

эпоха ў гісторыі еўрап. культуры, пераходная ад сярэдневякоўя да новага часу. Гл. Адраджэнне.

т. 14, с. 12

РЭ́НІ ((Reni) Гвіда) (4.11.1575, г. Вергата, Італія — 18.8.1642),

італьянскі жывапісец. Зазнаў уплыў братоў Карачы, вывучаў творчасць Рафаэля, Караваджа, ант. мастацтва. Працаваў пераважна ў Рыме (з 1605) і Балонні (з 1622). У творчасці спалучаў вытанчанасць гарманічна-ясных, часта рэльефападобных кампазіцый з каларытам, пабудаваным на градацыях цёплых залацістых ці высветленых серабрыстых тонаў; у балонскі перыяд узмацніліся рысы элегантнай халоднай ідэалізацыі, часам сентыментальнасці. Сярод твораў: фрэска «Аўрора» ў Палацца Палавічыні-Распільёзі ў Рыме (каля 1610), карціны «Юнацтва дзевы Марыі» (1610-я г.), «Віфлеемскае забіванне немаўлят» (1612), «Аплакванне Хрыста» (1614—18), «Іосіф і жонка Пентэфрыя» і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 12

РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),

Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага ​185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага ​187Re (перыяд паўраспаду 5∙10​10 гадоў). У зямной кары 7∙10​−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.

Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр. матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.

т. 14, с. 12

РЭНІ́Н,

ферментатыўны бялок, які ўдзельнічае ва ўтварэнні рэчываў, што рэгулююць крывяны ціск, водна-салявы абмен і т-ру цела. Сінтэзуецца ў нырках, потым паступае ў кроў і лімфу. Каталізуе рэакцыю адшчаплення біялагічна неактыўнага пептыду ангіятэнзіну-1 ад a2-глабуліну плазмы крыві (ангіятэнзінагену). Ангіятэнзін-1 пераўтвараецца ў ангіятэнзін-2, які валодае моцным сасудазвужальным дзеяннем, стымулюе сакрэцыю наднырачнікамі гармону альдастэрону. Утрыманне Р. ў крыві — адзін з крытэрыяў артэрыяльнай гіпертаніі, пры прагрэсіраванні якой узровень Р. ўзрастае. Зніжэнне актыўнасці Р.-ангіятэнзінавай сістэмы ў мозгу садзейнічае развіццю ліхаманкі, павелічэнне прыводзіць да зніжэння высокай т-ры цела.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 12

«РЭНО́»

(Renault S.A.),

аўтамабільны канцэрн Францыі. Засн. ў 1895 прадпрымальнікам Л.​Рэно. У 2-ю сусв. вайну прадпрыемствы канцэрна знішчаны больш чым на 80%. У 1945 нацыяналізаваны, з 1990 акц. т-ва. З 1979 супрацоўнічае з канцэрнам «Вольва», у 1993 абедзве фірмы аб’ядналіся пад назвай «Рэно-Вольва-Атаматыў». Спецыялізуецца на выпуску легкавых і грузавых аўтамабіляў тыпу «Рэно» розных мадыфікацый і цягнікоў. Штаб-кватэра ў г. Булонь-Біянкур.

т. 14, с. 12