РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),

Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага ​185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага ​187Re (перыяд паўраспаду 5∙10​10 гадоў). У зямной кары 7∙10​−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.

Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр. матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)